- У нас такi дома быў, i мацi часта "давала нам трапкача"! Толечка, я таксама буду нашым дзеткам "трапкача даваць"! - какетлiва глянула на хлопца.
- Мы ж дамовiлiся: нiякiх дзяцей! - сурова адказаў Анатоль. - Мне i чужыя надакучылi ў маiм ПТВ!
Галя махнула рукою, у душы спадзеючыся, што ён толькi цяпер так гаворыць.
Мiкола разглядаў прыстасаванне для лучыны.
- Добрая рэч! - кiнуў ён Антосю. - I для паходаў згадзiцца!
- Паглядзiце на калыску! - мовiў Сцяпан. - Яна трымаецца на цвiку, што ўбiты ў столь. У нас дома такая на гарышчы ёсць!
- А саламяны капялюш нiчога! - засмяяўся Мiкола. - Я быў бы падобны ў iм на шляхцiца!..
Аленка пагардлiва ўсмiхнулася i адвярнулася ад яго... Увесь час пасля таго, што яна зрабiла, ёй паўсюдна здаваўся пах закiсу азоту, якi даюць перад аперацыяй... Пах гэтай маскi... Неяк Мiкола паспрабаваў пацалаваць яе падалося, што яна задыхаецца, вусны Мiколы пахлi закiсам азоту... Яна вырвалася, пабегла ад яго...
- А зараз я вам пакажу нешта страшнае! - загадкава сказаў Анатоль i павёў усiх да наступнай хаты па вузкай вулачцы.
...Доўгi пагонны двор, хата прамавугольнай формы. Гаспадарчыя пабудовы побач з жылымi пакоямi.
- Такiя хаты ў нас, на Вiцебшчыне, будуюць, - паведамiў Сцяпан, - i наша хата, на хутары, такая ж! Гэта строй Заходняй Беларусi.
- Ой, Сцяпаначка, якi ж ты багаты! - засмяялася Iрэна, папраўляючы касу. Добры будзе ў мяне жанiх! Цi не хочаш быць жанiхом?
- Хачу! - засмяяўся Сцяпан, абняў Iрэну, i яны першымi ўвайшлi ў хату.
...На покуцi - iконы. На драўляным стале ляжыць муляж хлеба на сене. Доўгая лаўка. Прыгожыя жаночыя андаракi вiсяць над ложкам ля печы. На кiйку перад печчу вiсяць каўбасы...
- Хата прыбрана да Каляд, - паведамiў Анатоль. - Апошнi з гаспадароў памёр у XIX стагоддзi. А потым, хто нi пасяляўся тут, цi памiраў, цi дурнеў. Хату будавалi па старажытным звычаi: гаспадар мазаў вуглы сваёю крывёю, каб тут жылi толькi ягоныя родзiчы...
- Пайшлi адсюль! - пiснула Галя.
- А я вось застануся тут на ноч! - расхрабрыўся Мiкола. - Потым раскажу вам, можа, сюды прывiды з'яўляюцца?
Зацiкаўленыя хлопцы i дзяўчаты пагадзiлiся з ягоным рашэннем.
Лес рэдкi, у асноўным кусты альшанiку, танклявыя грабы ды арэшнiк. Сям-там - бярозкi. Мiж дзвюх палатак вiхляе вузкая сцяжынка. Iрэна кладзецца на жывот i вуснамi знiмае кропельку расы з пялёсткаў маленькай ружовай кветачкi. Босыя ногi дрыгаюць у паветры, побач валяюцца кеды. Антось запускае ў дзяўчыну валанчыкам ад ракеткi i запрашае пагуляць з iм. Яна адмоўна, з лянотаю, круцiць галавою i любуецца на Сцяпана, якi коле дровы для вогнiшча.
- Заўтра будзе добрае надвор'е, - кажа Аленка Антосю, - раса нанач...
Той кiвае ёй i падае ў руцэ сунiцы.
- Частуйся, не сумуй! - усмiхаецца ёй. - Табе яшчэ будзе шчасце!
Яна дзякуе. З асалодай адчувае ў роце смак пахучых ягад - нават есцi шкада.
Галя сядзiць ля палаткi i зашывае Анатолевы штаны.
- Эй, а чаму твой заплечнiк тут? - пытаецца ў яе Анатоль.
- А хiба мы не ў адной палатцы будзем?
- Не, не ў адной! - адносiць яе заплечнiк да другой палаткi Анатоль. - Я вяду групу, i мне зараз не да цябе! Са мною ў палатцы будзе Iрэна!
- А мы што, усе будзем у адной цiснуцца? Шэсць чалавек? - ускiпела Галя.
- Не шэсць, а пяць, - паправiў яе Анатоль. - Мiкола сёння ў музейнай хаце начуе...
- Гэта ж несправядлiва, Анатоль! - падышоў да яго Антось з ракеткаю ў руцэ. - Вас будзе ў палатцы двое, а нас - пяцёра!
- Законаў турызму не ведаеш! - кiнуў Анатоль. - Кiраўнiк паходу заўсёды спiць у асобнай палатцы!
- I бярэ да сябе любую кралю? - засмяяўся Антось.
Сцяпан у гэты момант закончыў секчы дровы, але ў спрэчку не лез, моўчкi пачаў распальваць вогнiшча. Дарэмна чакала Iрэна, як ён на ўсё адрэагуе.
Праз сон Мiкола пачуў, як нехта закашляў на печы, глуха, па-старэчы. Спачатку ён падумаў, што гэта ягоны бацька. Працёр вочы i ўспомнiў, што ён не дома, а ў чужой хаце, у музеi. Навокал панавала цiшыня, нават у вушах звiнела.