- Яна зранку ў бальнiцу iдзе, - мовiў Мiкола, падаючы Аленцы сукенку. Апранайся, а то спознiшся...
... Князь прывiтаў Дарыну лёгкiм кiўком галавы, пацалаваў ёй руку i незвычайна доўга затрымаў свой позiрк на яе твары.
- Ты такая бледная, што здарылася, сястра?
- Ад хвалявання, князь, - усмiхнулася Дарына. - Такi цудоўны баль!.. I дачка заморскага магната, з якою вы танцавалi...
- Яна прыгажуня, бясспрэчна, - адказаў цiха Вiтаўт, - але другая завалодала маiм сэрцам настолькi, што не магу болей маўчаць пра сваё каханне, мушу прызнацца i прасiць яе згоды стаць маёй жонкай...
- Якою шчаслiваю яна будзе з вамi, князь! - самотна схiлiла галаву Дарына. - Уставаць разам з вамi на золку, любавацца захадам сонца, гаманiць у начной цiшынi пад спеў салаўёў i стракатанне конiкаў... Дакрануцца да вашых валасоў, правесцi рукою па твары...
Дарына ласкава ўсмiхнулася, i ў вачах яе застылi слёзы. Яна паспешлiва пакiнула залу. Па шырокiх прыступках паднялася ў верхнiя пакоi. Месяц заглянуў у акно, на iмгненне высвецiў пацеркi ў касе дзяўчыны. Цiха гарэла свечка, роўнае полымя кiдала на сцяну ласкавы водблiск. Але Дарыну ахапiў адчай. Яна зразумела, што нiколi не зможа стаць жонкаю Вiтаўта, што ёй наканавана лёсам быць толькi сястрою ягонай...
Зялёны келiх падносiць да вуснаў сваiх Дарына. Келiх з атрутаю. I чуе, блiзка зусiм, таропкiя крокi да яе спальнi. Вiтаўт?
- Мая каханая, што ты зрабiла? - нахiляецца над Дарынаю Вiтаўт.
- Прабач мне, - шэпча Дарына. - Чорная здань пагубiла мяне ў юнацтве звар'яцела я ад сляпога кахання, не кахання - прагi да цела! I за гэта, што цяпер зрабiла, прабач мне, любы мой Вiтаўт... Грэх на мне, памалiся лепш Богу...
Крык адчаю разрывае начную цiшыню. Спалохана ўзлятаюць заспаныя птушкi, i хаваюцца ў чароце гнуткiя русалкi. Мiтусяцца па пакоях i ў садзе госцi князя. Усё зблыталася: сон i ява... памiрае Дарына...
- У вас быў хлопчык, - самотна гаворыць акушэрка Аленцы. - Паляжыце тут крыху, потым вас адвязуць у палату...
- Дзе я? - пытаецца Аленка.
- Ужо ўсё прайшло, - супакойвае яе медыцынская сястра, гладзячы па галаве.
- Хто я? - Аленчыны вочы напаўняюцца слязьмi, i яна страчвае прытомнасць.
...Згорблены стары прыйшоў з лесу, у доўгай палатнянай кашулi, з сiвою барадою. Выняў з-за пазухi прыгожы кубак на тонкай падстаўцы i падаў яго змрочнаму, пачарнеламу ад гора князю. Той агледзеў яго i здзiвiўся - кубак быў закрыты жалезнай накрыўкай.
- Што ў iм? - сурова спытаў у старога.
- Смерць Чорнай зданi, - мовiў той. - Хто ўбачыць, што знаходзiцца ўнутры кубка, - перастане быць нявольнiкам сляпога кахання, прагi да цела. Чорная здань пакiне яго.
Князь пакруцiў у руках кубак, любуючыся яго прыгажосцю. Нечакана нацiснуў на накрыўку, i яна адскочыла. Заглянуў усярэдзiну. Нейкi час яго бровы былi ўзнятыя ад здзiўлення. Потым князь паставiў кубак на стол, i самотная ўсмешка прабегла па ягоным твары.
- Прыгожы кубак, унутры якога пустэча... - прашаптаў Вiтаўт. - Што можа быць мудрэйшым?.. Хай прадоўжыць Бог ваша жыццё, мудры старац!
- Слуг паклiчце i загадайце кубак паставiць на вiднае месца, пакланiўшыся, мовiў стары. - Няхай другi, апантаны, сляпы, нявольнiк Чорнай зданi i прагi да цела, адкрые яго i, унутр зазiрнуўшы, ачуняе душою i целам, не паўторыць памылку Дарыны...
ЧАСТКА ДРУГАЯ
I
...Было такое ўражанне, што трапiлi ў мiнiяцюрную вёску мiнулага. Анатоль Хвашчэўскi, прымiрыўшыся з Галяй, усё ж такi павёў групу ў паход сам, згадзiўшыся нават на экскурсiю ў Музей архiтэктуры i побыту Беларусi.
- Нiчога рукамi не чапаць! - дзелавiта папярэдзiў Анатоль. - Музей пад адкрытым небам - унiкальная рэч! Зойдзем вось у гэту хату!
...Тканыя ручнiкi вiселi на покуцi i ля парога. Ля печы - невялiчкi ручнiчок з карункамi з аднаго канца.
- Гэта ж трапкач! - засмяялася Галя.