Адамович Лидия - Кветки самотнай князёыны (на белорусском языке) стр 12.

Шрифт
Фон

У гэты момант дзецi забралi ў яго з рук ляльку i падлажылi бярвенца.

- Ой, гэта ж трухлявае палена! - расплюшчыў вочы хлопчык.

- Янка! - сказалi хорам дзецi. - Хто доўга выбiрае - заўсёды з трухлёй застаецца!

- А за жалейку... - дадала Iрэна.

- Дзякуй! - закрычалi дзецi.

- Добра вы засвоiлi паданне, - пахвалiла ўсiх Iрэна. - А цяпер будзем развiтвацца.

Яна вярнулася ў музычны кабiнет. Думкi пра Янку не адступалi. "Трэба схадзiць да яго ў iнтэрнат, - вырашыла Iрэна. - Можа, я супакоюся нарэшце, калi ён растлумачыць, за што мяне пакiнуў?" Яна прыгладзiла валасы, але раптам рука запынiлася, замерла на месцы - з-пад далонi выглядваў сiвы валасок! Iрэна спужалася, рукi задрыжэлi.

"Гэта стрэс, - падумала яна. - Пасiвела! У дваццаць два гады пасiвела. А можа, мне сустрэць Янку на маршруце, падысцi да шаснаццатага аўтобуса... Чакаць... А калi не яго змена? Не, лепей пайду ў iнтэрнат!"

Янкi дома не аказалася. Сусед яго, стараваты ўжо мужчына, нахабна ўсмiхнуўся:

- Ты да Бiневiча? А ён ужо звольнiўся! У палюбоўнiцы жыве!

Iрэна выйшла з iнтэрната, знайшла тэлефон-аўтамат i набрала нумар Рэнi.

- Прывiтанне, - сказала стрымана. - Як жыццё маладое? Можа, замуж выйшла? Дарэчы, Янка ў цябе?

- Навошта мне твой Янка! - раззлавалася Рэня. - Скажы мне дзякуй, што я адбiла яго ў цябе, а то б век ад бруду не адмылася! Альфонс твой Янка, усякла? Пажор у мяне ўсё, пярсцёнак стырыў i знiк! Цяпер, дзеўкi казалi, на танцах "Каму за трыццаць" абiваецца. Бараду адпусцiў. Мацярок-адзiночак кадрыць. Гаварыў жа: "Паваляюся, бы сыр у масле, пару тыдняў, галоўнае, пра вяселле штодня казаць!" Ён жа зараз беспрацоўны i бомж, Бiневiч твой, казёл!

I Рэня паклала слухаўку.

Маруся Вайтовiч стаяла ў чарзе да споведзi. Малады святар не звяртаў на яе ўвагi.

- А каб лiха на вас, анцiхрысты! - старая грабла накапаны на падлогу воск. - Каб рукi адсохлi таму, хто свечкi бокам ставiць!

- Жанчына, супакойцеся! - пачала ўшчуваць яе маладая дзяўчына ў зялёным палiто. - Вы ж людзей ад царквы адбiваеце, яны iдуць да споведзi, а вы iх праклiнаеце!

- Маўчы, зараза! - крыкнула ў адказ старая. - Сама абортаў, вiдаць, кучу нарабiла, а мне ўказваеш?

Людзi запытальна паглядалi на святара, чакалi, што ён вось-вось супынiць яе. Але той з каменным тварам спавядаў вернiкаў. Падышла чарга дзяўчыны ў зялёным палiто. Яна нешта прашаптала святару, i той, абурыўшыся, гучна мовiў:

- Тое, што вы прыслалi нам пасылку, добра. Але ж маглi i прынесцi - у адным горадзе жывём. А наш стараста з хворай нагою iшоў па вашу пасылку два кiламетры на пошту.

- Прабачце, - схiлiла галаву дзяўчына, - дабром пайшло, а злом выйшла... Каюся...

- I тое, што вы прыслалi... - ушчуваючы, прадоўжыў святар, - у нас такога, мiленькая, навалам. Iншы раз мы прадаём гэта вернiкам, грошы iдуць на рамонт царквы.

Маруся, як аслупянелая, здзiўленым позiркам глядзела на святара i не разумела, дзе яна знаходзiцца. Успомнiла аповяд старых, быццам бы нехта хацеў у гэтай царкве дзiця хрысцiць, дык яму прыснiўся сон. Святая Сафiя Слуцкая, чые мошчы знаходзiлiся тут, з'явiлася ў сне таму чалавеку i сказала: "Не хадзi туды..."

- Стаiць як пень! Iдзi! - крыкнуў нехта на Марусю, падштурхнуўшы яе да святара.

- Iмя? - запытаў той.

- А як iмя вашай служкi, якая ўвесь час абражае вернiкаў? -у тон яму адказала Маруся. - Дзе ваша павага да людзей? Гэта царква цi дом вар'ятаў?

- Не маеце права асуджаць другiх! - пачырванеў ад злосцi святар. - Самi без граху?

Маруся завярнулася i пайшла прэч. На прыступках, ля дзвярэй царквы, стаяла тая самая дзяўчына ў зялёным палiто. Прамы бялявы чубчык, вiдаць, адбелены гiдраперытам, добрыя цёмныя вочы, яскравая ўсмешка.

- Здорава ты яго! - сказала дзяўчына Марусi. - Тут заўсёды так, болей маёй нагi тут не будзе. Лепш хадзi ў царкву Марыi Магдалены, што ля Камсамольскага возера, там так спакойна, такi добры айцец Уладзiмiр! I служачыя добрыя.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке