Невыносны, сапраўдны фiзiчны боль стаяў пад грудзьмi. "У гэтым месцы канцэнтруюцца ўсе нервовыя канчаткi, - успомнiла Iрэна з курса псiхалогii. Згустак нерваў... Клубок... Значыць, сэнс "балiць у грудзях" - не пераносны! Янка, Яначка, што ты нарабiў? За што, Божа? Што я табе зрабiла дрэннага, Янка? Што я табе зрабiла?" Рука iнстынктыўна пацягнулася да цыгарэты. Iрэна паднялася з ложка. За акном пачало вiднець. За ўсю ноч яна так i не змагла заснуць. У паўзмроку пакоя ўспыхнула запалка. Няўлоўнае шапаценне пачынаючага гарэць тытуню. Асалода гаркавата-прыемнага, на поўны ўдых, дыму. Выпускаючы сiвы клубок яго, Iрэна быццам бы выпускала з грудзей свой боль. Мезенцам скiнула попел у папяровы кубарык. Стаяла ля акна. А ў доме насупраць, таксама ля акна, палiў цыгарэту нейкi мужчына. У другiм акне, на кухнi, завiхалася жанчына. А Iрэне было так адзiнока, так цяжка, быццам яна засталася адна ва ўсiм свеце!
"Жанчыны чамусьцi заўсёды даруюць мне!" - успомнiла яна словы Янкi. Той распавядаў пра Жану, з якой хацеў да службы ў войску ажанiцца. Усё падрыхтавалi да вяселля, а ён збег. "Толькi дурнi жэняцца перад службай у войску! - заключыў Янка. - Жана пакрыўдзiлася. Нават не прыйшла праводзiць мяне на службу. Але калi я вярнуўся, усё даравала. Пачалi сустракацца. Не разумею, чаму жанчыны заўсёды даруюць мне?"
"Я таксама даравала б табе, Янка, - падумала Iрэна, - толькi вярнiся. Ты мой бог, у тваiх абдымках мне так добра... Мне нi з кiм не было так добра, як з табою..."
- Iрэна, на практыку спознiшся! - крыкнула бабуля i заглянула ў яе пакойчык. - Фу, надымiла, распуста! Iдзi снедаць! Мацi павяла Паўлiка ў садок, а бацька зноў не начаваў дома, - паскардзiлася старая. - Мы з дзедам даўно не спiм, вось якую праблему вырашаем: хутка Паўлiк вялiкi стане, чуеш? Нельга яму будзе з мацi i таткам у зале спаць. Думаем яго ў свой пакойчык узяць. Да цябе таксама ж нельга. А мо ты замуж пойдзеш, га? Дык Паўлiка ў тваю спальню...
- Ды не пайду я замуж! - адказала Iрэна i забычкавала цыгарэту. - Я нiколi не пайду замуж! Мне не шанцуе!
I пайшла ў ванную. Сёння ёй трэба было добра выглядаць. Цiкавы музычны ўрок падрыхтавала. А настрою няма...
- Хто ведае, адкуль з'явiлася жалейка? - Iрэна падняла ўгару i паказала дзецям музычны iнструмент. - Памятаеце паданне?
Дзяўчынка з ружовым банцiкам у валасах паднялася з месца.
-Жыла сiрацiнка Насця, - пачала яна. - Пакахала хлопца, але ён быў такi ганарысты, што нават не глядзеў у яе бок. Марыў пра каралеўну i вырашыў iсцi па свеце шукаць яе. Знайшоў - а тая толькi пасмяялася з яго. I вырашыў хлопец вярнуцца да Насцi, але тая ўжо выйшла замуж...
- Добра, - усмiхнулася Iрэна. - А дзе ж нашы русалачкi, што яны павiнны цяпер рабiць?
Iрэна зайграла, i дзецi сталi ў карагод.
- Янка! Янка! - закрычалi яны. - Хадзi да нас, мы будзем тваiмi нявестамi! Рабi з жытнёвага каласка ўпрыгожанне сабе на шапку, а са сцеблiка зялёнага жалейку! Весялiць нас будзеш!
- А чаму Янка? - здзiвiлася Iрэна. - Я ж учора не казала вам, як таго хлопца звалi...
- Казалi, казалi! - загаманiлi дзецi.
"Божа ж мой, - спалохалася Iрэна, - у паданнi не было iмя хлопца! Янка, што ты зрабiў са мною? Нават iмя тваё не дае мне спакою..."
Iрэна перастала iграць.
- Можна, я буду Янкам? - папрасiўся хлапчук у паласатай кашульцы.
- Будзь, - з сумам адказала Iрэна i ўспомнiла, як Янка падарыў ёй матроскую цяльняшку. Яна апранула яе за горадам - бегала ў жыце, бы русалка: валасы распушчаныя, шорты кароценькiя, паласатая цяльняшка. А потым на лясной палянцы яны цалавалiся, а побач паслiся каровы.
Хлопчык у паласатай кашульцы зайграў на жалейцы.
- А цяпер, Янка, заплюшчы вочы, i мы табе дадзiм нявесту! - закрычалi дзецi i паднеслi яму пук кудзелi.
- Гэта не мая нявеста! - адкiнуў кудзелю хлопчык.
- Вось табе нявеста! - падала яму ляльку Iрэна.
Хлопчык усмiхнуўся, абняў ляльку i зноў заплюшчыў вочы.