Як i Рой, ён ведаў, што звяры сыходзяць на поўнач i хутка зусiм знiкнуць. Як i Рой, ён ведаў, што нiколi не здолее пакiнуць лес, i чым пакiдаць яго, ён быў гатовы паспрабаваць фермерства ў лесе.
- А што скажа крымiнальны кодэкс наконт гаспадаркi на поўначы? - спытаў у яго Рой. - Ты ж мог паспрабаваць атрымаць участак на поўначы?
- Цяжка адказаць, Рой. Адна справа, калi чытаеш закон, зусiм iншая, калi яго парушаеш, асаблiва крымiнальны кодэкс.
Крымiнальным кодэксам звычайна называлi палажэннi пра iндзейцаў. Рой чытаў гэтыя палажэннi, чытаў iх у хацiне Боба, дзе яны вiселi як яшчэ адна насмешка Боба над белымi. Рою яны здалiся такiмi падобнымi на палажэннi пра звяроў, што ён прыйшоў да высновы, што iндзейцаў захоўваюць як звяроў, як асколак натуральнага i пажаданага ляснога жыцця, якому нельга было даць знiкнуць зусiм.
- Ну што ж. Я пайду, Боб, - сказаў Рой.
Выгляд iндзейца пачаў засмучаць яго. Думка, што Iндзеец Боб асуджаны заставацца тут, - усё адно, будзе да рэшты вылаўлены гэты ўчастак цi не, заўсёды засмучала Роя.
- Калi ты збiраешся iсцi на поўнач на новыя землi? - спытаў iндзеец Роя.
Рой пачаў ужо пераходзiць рэчку.
- Яшчэ не ведаю, Боб. Гэта будзе залежаць ад многiх абставiн. Але хутка гэта высветлiцца.
- А Сахаты таксама недзе блiзка? - перамагаў Боб шум парогаў.
- Блiзка. А што?
- Нехта ставiў пасткi на маёй плацiне ля старых карчоў. Вiдаць, Сахаты.
- Ты так лiчыш? - спытаў Рой. Зараз яму таксама даводзiлася крычаць.
- Скажы яму, калi ён будзе шукаць свае пасткi, што яны вiсяць на сухiм дрэве ля плацiны.
Тут не было злоснай задумы, iндзеец паступiў менавiта так, як паступiў бы любы трапер, знайшоўшы на сваiм участку чужыя пасткi, ён зняў бы iх i павесiў. На другi раз ён меў права забраць iх сабе.
- Добра, Боб. Убачымся, калi я буду вяртацца.
- Шчаслiвай дарогi, Рой.
Рой перайшоў раку i па закiнутай сцежцы пайшоў на поўнач, да Чатырох Азёр.
Яшчэ завiдна дабраўся ён да сваёй хацiны, скацiўшыся з апошняга схiла, як перагружаны састаў, якi цiсне на паравоз i падганяе яго. Пакуль ён запальваў лямпу i раскладаў цяпельца, мышы разбеглiся па кутках i адтуль назiралi, як ён распакоўвае правiянт i хавае яго ў моцную скрыню, скрэмзаную слядамi iхнiх зубоў. Рой стамiўся; калi павячэраў, ён прытушыў агонь, павалiўся на ложак i адразу ж заснуў.
Ранiцай Рой хутка i лоўка распачаў свой масавы аблоў.
Перш за ўсё ён праверыў пасткi на Чатырох Азёрах, зняў аднаго бабра i адну андатру. Затым пачаў расстаўляць пасткi ва ўсiх хоць крыху прыдатных мясцiнах. У яго хацiне на Чатырох Азёрах было дзесяць старых пастак сiстэмы Ньюхаўс; ён iх падрамантаваў, пачысцiў i расставiў на бабровых гацях, на харчовых пляцоўках андатры i ля хатак. Ён паставiў паўдзесятка пастак першага нумара па берагах i на пясчаных мелях. Гэтыя прызначалiся для норак, якiя кожную ноч блукаюць па беразе ў пошуках рыбы i жаб. Калi справiўся з Чатырма Азёрамi, Рой зрабiў двухдзённы пераход убок, на поўнач ад участка Iндзейца Боба, да Зялёных Азёр. Гэта былi глыбокiя азёры, не надта зручныя для баброў, але тут маглi вадзiцца норкi i можа быць выдра. Перш за ўсё трэба было разведаць звера, адшукаць красамоўныя кучкi акрываўленых пёраў ля жылля норак, недаступныя сховы ласак, слiзкiя глiняныя схiлы, па якiх выдра, гуляючы, з'язджае ў ваду. Ён выявiў мала слядоў выдры i норкi, але там, дзе яны былi, паставiў пасткi, паставiў хiтра, скарыстаўшы дзеля прынады рыбу, злоўленую сеткай у Чатырох Азёрах. На адным з Зялёных Азёр былi дзве невялiкiя бабровыя гацi, i тут ён таксама паставiў тры пасткi проста ля хатак.
- "Забаронена законам, - гучна спяваў Рой, калi ставiў свае пасткi, любому грамадзянiну ставiць пасткi блiжэй чым пяць футаў ад жылля бабра". Ну што ж, пан губернатар, я, здаецца, парушаю закон, але майце ахвоту з'явiцца тут i злавiць мяне на месцы злачынства.