Джеймс Олдридж - Паляыничы (на белорусском языке) стр 40.

Шрифт
Фон

Лес зацiх i, неверагодна сцiшаны, здаваўся закiнутым, мёртвым. Але недзе ў цiшынi быў чуцен кволы капеж i больш востры гук вады, якая бегла па схiле. А пасля, калi ён вывеў човен на сярэдзiну возера, калi на навакольных хрыбтах успыхнулi першыя водблiскi свiтання, разам з ранiцай нарадзiлiся i першыя гукi ляснога жыцця. Снегавая сава - апошнi голас ночы - загукала, пралятаючы над яго галавой. Пасля аднекуль здалёку данеслася цяўканне лiса. Затым птушкi: чорнагаловая сiнiчка зачырыкала чык-а-дзi-дзi-дзi-дзi; засвiсталi, заверашчалi, зацмокалi вавёркi; засакаталi сойкi; пачулася "бзт", "бзт" курапатак. Гэта былi слабыя гукi, якiя ледзь даносiлiся да сярэдзiны возера, але ён чуў iх i ўсе адрознiваў. А да таго часу, як святло разлiлося на ўсё неба, сам лес пачаў падмiргваць, патрэскваць i пакрэктваць незразумелымi гукамi свайго маруднага абуджэння.

Рой ведаў: нiшто на свеце не магло параўнацца з тым задавальненнем, якое ён адчуваў зараз, у першы дзень сваёй чарговай бiтвы з вераломнымi хiтрыкамi прыроды, зараз, калi ён плыў у цяжка нагружаным чоўне па галоўнай артэрыi свайго лесу, ужо адчуваючы прыемны здаровы голад. Ён ведаў, што на гэты раз чакаецца бiтва i за самога сябе: быць яму траперам цi валацугай, п'янiцай цi фермерам, чалавекам цi зверам. Але ў яго быў план; нейкiя абрысы плана, з дапамогай якога ён павiнен усё i назаўсёды ўладзiць, i ён збiраўся гэты план апрабаваць.

Ланцуг пастак Роя знаходзiўся па вялiзным крузе працягласцю пяцьдзесят мiль. Паўднёвай асновай яго i пачаткам маршруту было возера Т. Звычайна ён пачынаў абход пастак, праплываючы да самага канца возера Т i правяраючы ўзбярэжныя норы. Затым пакiдаў човен на тым беразе i iшоў на поўдзень, праз хрыбты да Чатырох Азёр: гэта была яго галоўная паляўнiчая гаспадарка, багатая на бабра i андатру. На Чатырох Азёрах у яго была невялiкая хацiна, з якой ён, перш чым iсцi на захад да Лiтл-Рывер, як правiла, за тры-чатыры днi абыходзiў усе пасткi на рэках, якiя ўпадалi ў возера. Часам да адыходу на захад ён паляваў на лася на балотах памiж Чатырох Азёр, але часцей здавальняўся аленем, якога забiваў на хрыбтах па дарозе на Лiтл-Рывер. Гэта быў хуткi вузкi ручай, на якiм вадзiлiся норкi, i тут праходзiла заходняя мяжа ўчастка Роя. На другiм беразе пачыналася гаспадарка Скоцi i Самсона, тут яны часам сустракалiся. Па гэтым ручаi Рой спускаўся на поўдзень да свайго апошняга возера, якое ён назваў Пiт-Пiт, згодна са своеасаблiвым гукам, з якiм рэчка ўлiвалася ў азёрную ваду. Адсюль, каб дабрацца да хацiны, яму заставалася пераадолець яшчэ адзiн хрыбет, тым самым замкнуўшы круг цi квадрат маршруту на ўсход, поўнач, захад, поўдзень i зноў на ўсход. Як правiла, абыход усяго ланцуга пастак займаў пяць-шэсць дзён. На гэты раз ён вырашыў зрабiць iнакш. Для пачатку ён праплыў як звычайна да ўсходняга канца возера Т, правяраючы пасткi на норак, некаторыя здымаючы, iншыя нанава зараджаючы, - як i тыя, што напярэдаднi паставiў са Скоцi. У самым канцы возера Т ён зацягнуў човен пад вялiзную ўпалую сасну, прыкрыў яго галiнкамi, а затым расклаў цяпельца, каб згатаваць сняданак. Наеўшыся хлеба са свiнiнай i запiўшы салодкiм чаем, ён закiнуў за спiну важкi мех i пайшоў не на поўнач, а на ўсход i iшоў на ўсход амаль паўдня, пакуль не дасягнуў плыткай, з парогамi, рачулкi. На тым беразе яе была хацiна, i калi Рой уброд перабраўся да яе, яго сустрэла браханне сабак, кудахтанне перапалоханых курэй i, нарэшце, высокi худы iндзеец.

- Хэло, Рой, - сказаў iндзеец.

- Хэло, Боб, - сказаў Рой.

Iндзеец Боб: яго назвалi так таму, што сапраўднае iмя было занадта складанае. Рой ведаў яго i ахвотна называў бы Боба па iменi, радуючыся таму, як яно гучыць - Хома-Хоманi: першая хмурынка на небе, - але гэтае iмя Боба было не для белага, няхай сабе i для Роя.

Бо нават маленькая бронзаватварая iндыянка - яго жонка - зараз называла яго Боб.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке