I не менш агiдным было б для яго забойства на правах нейкай боскай асобы, якая абвясцiла адных жывёл добрымi, другiх - дрэннымi, адных невiнаватымi, другiх вiнаватымi. Для Роя гэта было б адзнакай сама неверагоднай абстрактнай жорсткасцi, i менавiта ў гэтым быў сэнс яго маўклiвай спрэчкi са Скоцi Малькольмам.
Скоцi Малькольм быў iдэалiст, ён верыў, што iснуе агульнаабавязковы для ўсiх прынцып дабра i зла, што дабро i зло iснуюць на свеце, проста iснуюць, iснуюць як вышэйшы закон. Для Скоцi ўвесь жывёльны свет быў страшным асяроддзем, жорсткiм i злачынным кругаваротам: забi, каб не быць забiтым; працэсам, якi па самой сваёй сутнасцi заганны, заганны ў цэлым i ва ўсiх сваiх частках. Кожны раз, калi гэтага патрабавала яго пачуццё дабра i зла, Скоцi ўмешваўся ў гэты працэс. Ён забiваў саву, калi бачыў, што яна нападае на зайца; ён вызваляў муху з павуцiны i забiваў павука; ён забiў ласку, бо яна палявала за дробнымi мышамi. Ён не задумваючыся караў вiнаватых, бо дакладна ведаў, што добра i што дрэнна. Ён гэта ведаў, пакуль не сутыкнуўся з супярэчнасцямi, якiя ўзрушвалi яго. Сёння ён мусiў забiць ласку, бо яна напала на мышэй, але ж заўтра ён, магчыма, будзе вымушаны забiць лiсу, якая пагонiцца за ласкай.
Рой не пераставаў выкрываць гэтае слабае месца ў яго тэорыях, але Скоцi заўсёды пачынаў талкаваць пра жорсткасць, апраўданую i неапраўданую. Ён сцвярджаў, што некаторыя жывёлы горшыя за iншых i таму iх трэба вучыць. Гэта прыводзiла Скоцi да прызнання, што некаторых жывёл ён ненавiдзiць i пагарджае, а iншых паважае як узор прыстойнасцi i добрых паводзiн. Ён усiх лясных звяроў надзяляў чалавечымi якасцямi: жорсткасцю, вернасцю, ахайнасцю, стараннем альбо знарочыстай подласцю. Жывёл, якiя яму падабалiся, ён забiваў неахвотна. Тых, якiх ненавiдзеў, забiваў з задавальненнем. Ён ненавiдзеў норку, таму што норка, гэтаксама як i ласка, была сама пражорлiвым з маленькiх драпежнiкаў лесу. Скунс яму падабаўся сваёй храбрасцю, мядзведзь тым, што ён прасцяк, янот тым, што ён чысцюля, бабёр - як выключны разумнiк; але лiсой ён грэбаваў за яе хiтрыкi, ваўка не любiў за бязлiтаснасць, вавёрку за надакучлiвасць, кунiцу за тое, што яна абкрадвала яго пасткi. У яго была тэорыя, што сама пакорлiвыя насельнiкi лесу - сама жывучыя i таму яны перажывуць драпежнiкаў i заселяць зямлю. Ён сцвярджаў, што дзiкабраз, якi толькi тым i ўмее ўратавацца, што згортвацца ў калючы клубок, - цар лесу таму, што выйграваў барацьбу з працiўнiкам. З iм не маглi справiцца нават пражэрлiвасць i жорсткасць сама мацёрага забойцы лесу - расамахi. Расамаха магла забiць i з'есцi дзiкабраза, нягледзячы на яго iголкi, але адразу пасля гэтага яна i сама здыхала, вельмi пакутлiва, бо iголкi з'едзенага дзiкабраза раздзiралi ёй горла, лёгкiя i страўнiк. Для Скоцi ў гэтым была паэзiя справядлiвай адплаты i зарука таго, што пакорлiвыя ўзвысяцца i што пасiўная абарона адзiна правiльная абарона. Ён дастасаваў гэта i да скунса, спрачаўся з Роем, што скунс iдэал жывёльнага свету. Скунс бясшкодны, адважны, усе ў лесе пазбягаюць яго проста таму, што баяцца, каб ён не аблiў iх смярдзючым струменем з хваставой залозы; скунс своеасаблiвы i незалежны, жыве адзiн i не кантактуе нават са сваiмi родзiчамi, ён ахайны, надзейны, дужы. Скунсу прызначана было стаць iдэальным узорам дабра, як ваўку альбо норцы - узорам зла. Усё прадвызначана - каму наканавана нарадзiцца забойцам, а каму - яго ахвярай; i барацьба памiж iмi - гэта барацьба зла з дабром. Вера Скоцi ў дзiкабраза i скунса прыводзiла яго да высновы, што пакорлiвыя перамогуць, хоць i з яго дапамогай.
Вось у чым была рознiца памiж iмi, вось сэнс iхняй маўклiвай спрэчкi.
Гэта была маўклiвая спрэчка, бо нiхто з iх не ўмеў выказаць сваiх аргументаў словамi. Яны нiколi не маглi дайсцi да сутнасцi справы.