Пасля гэтага Скоцi ўсклiкнуў:
- Ён заразiў твае пяць даляраў, Рой!
- I праўда, халера, патрапiў, - сказаў Рой.
Замест таго каб скончыць гульню, Самсон стаў хвалiцца сваiм майстэрствам.
Нават Скоцi не магло не падабацца, як страляе Самсон. Бо нават п'яны Самсон страляў лепш за ўсiх. Гук выстрала не прымусiў мышэй уцякаць, а толькi ўстурбаваў iх, i Самсон злёту дастаў куляй беланогую мыш, калi яна скокнула на пустую бляшанку з-пад тытуню.
- З такога ружжа нельга прамазаць, - сказаў Мэрэй.
Вiнтоўка Скоцi была новенькая, i яе затвор шчоўкаў з выразным гукам дакладнага механiзма. Гэта было першае, што набыў Скоцi на дэмабiлiзацыйную дапамогу пасля вайны. Безадмоўнае, сучаснае, дальнабойнае i трапнае ружжо. У самога Самсона быў стары бокфлiнт*, i Рой пераконваў, што няма на свеце ружжа больш няўклюднага i дрэнна збалансаванага.
* Двухстволка з вертыкальным размяшчэннем ствалоў.
Самсон карыстаўся самаробнымi валавянымi кулямi, вялiкiмi цяжкiмi балванкамi, якiя зблiзку забiвалi напавал, але на адлегласцi больш за шэсцьдзесят крокаў выдыхалiся.
- А ты паспрабуй са сваёй бранябойкi, - папрасiў Рой Самсона. - Паглядзiм, як лупiць гэтая гармата па маленькiх мышах.
Самсон паспрабаваў i прамахнуўся, валавяная куля зрабiла дзiрку ў страсе, неверагодны выстрал аглушыў iх гулкiм рэхам ад усiх чатырох сцен. Не вытрымаў нават Рой.
- Хопiць, - сказаў ён. - Смальнi вось з гэтага. - I ён падаў сваё ружжо.
Гэта быў паляўнiчы вiнчэстэр з рычажным механiзмам затвора, сама жаданае ружжо лесавiкоў усёй Амерыкi i асаблiва канадскiх трапераў. Яно было не даўжэйшае чым карабiн. Ложа ў яго было пашчапанае, механiзм затвора крыху расхлябаны, але ў руках Роя гэта было дасканалае ружжо. Для свайго калiбра яно мела зычны голас, i першасны шчаўчок яго рычажнага затвора супадаў з выстралам, так хутка ён адбываўся ў руках добрага стралка. Самсон зрабiў з яго два стрэлы: адзiн раз патрапiў, другi прамазаў.
Затым мышы пэўны час не паказвалiся, але ўсе чацвёра цярплiва чакалi.
Зараз кожны вышукваў сабе цэль, i калi перапалоханыя мышы зноў замiтусiлiся з кута ў кут, уверх па сценах i ўнiз па бярвеннях, - адзiн паляўнiчы за другiм спускаў курок, i ўсе разам прыгiналiся, калi куля рыкашэцiла над iхнiмi галовамi альбо скакала каля iх на падлозе. Толькi Скоцi не страляў. Ён любiў страляць, але не хацеў браць удзел у тым, што лiчыў жорсткай забаўкай.
- Гэтыя беланогiя мышы нiкому не робяць шкоды, - казаў ён. - Навошта вы iх расстрэльваеце? Пашкадуйце кулю для пацука.
Рой таксама нiчога не меў супраць мышэй, але сцвярджаў, што яны крадуць у яго шкарпэткi, зацягваюць у нару i робяць з iх гнёзды. Гэта было апраўданнем, да таго ж Рой наўрад цi ўсведамляў, што ён забiвае. Самсон ужо наогул не ўсведамляў, што робiць. Мэрэю было рашуча ўсё роўна, што ён робiць, усё роўна, што трапляла яму на мушку: птушка, звер цi чалавек. У яго была старая вiнтоўка ваеннага ўзору, няўклюдны прыклад якой ён абстругаў пад паляўнiчае ружжо. Гэта зрабiла значна цяжэйшай яе дульную частку, акрамя таго, падчас кожнага стрэлу вочы зацярушвала порахам, але бiла ружжо даволi трапна па асноўнай дзiчыне ласю; страляючы па ласю, ён рэдка прамахваўся.
- Глядзiце, - сказаў Рой у час чарговай перадышкi.
Невялiкая рабая ласка, выскачыўшы з кутка, пагналася за мышшу i знiкла ўслед за ёю. Яна мiльганула так хутка, што яны яе ледзьве прыкмецiлi.
- Яна ў мяне свойская, - сказаў Рой. - Ловiць мышэй.
- Вось гэта мiшэнь, - дадаў Мэрэй. - Рухомая мiшэнь, тое, што трэба.
Усе пагадзiлiся. Калi назiралi за ласкай, якая ганялася за мышамi, здавалася, што яна не адна, а не менш дзесятка. Ласка знiкала ў сама маленькай дзiрцы i вылятала адтуль з неверагоднай хуткасцю.
- Давайце прыбавiм святла, - сказаў Мэрэй i падцягнуў кнот газавай лямпы так, што яна ярка асвялiла падстрэшша, дзе схавалася ласка.