Сент-Элен будзе iснаваць, пакуль ёсць Джэк, а пакуль яны абодва на месцы, не забудзецца, не прападзе i Рой, там, у самай глыбiнi лесу. "Не, не здамся! Вытрымаю!" Ён усё яшчэ адчуваў i ўсведамляў.
Ён зноў выпiў. На гэты раз ужо за сябе: ён развiтваўся з Сент-Эленам, пакiдаючы там занадта мала сябе; пакiдаючы прывiд Эндзi, якога там мо i няма, хоць хто ведае; пакiдаючы ўсё не вырашаным. Рой апошнi раз iшоў на паляванне ў гэты лес, ён гэта ведаў; ён прадчуваў гэта i ў мiнулыя гады, але сёлета ён ведаў гэта дакладна. Участак спустошаны. Гэта ён таксама ведаў i ў мiнулыя гады, але зараз павiнна адбыцца канчатковая праверка, так гэта цi не так. Вось тады ўсё i пачнецца. Пайсцi на поўнач i пакiнуць Сент-Элен. А што пасля? безнадзейна пытаўся ён у самога сябе. Цi будзе тут Сэм i старая ферма, цi будзе тут Джынi i ён сам альбо лес канчаткова праглыне яго, адарве ад людзей i пакладзе на яго сваю лапу? Не! Ён не жывёлiна. Чым больш назiраў ён за звярамi, тым больш востра адчуваў, што ён чалавек i мае патрэбу ў людзях. Лес i пустыня не праглынуць яго, але Сент-Элен мусiць дапамагчы яму. Сент-Элен, i Сэм, i Джынi, i Джэк Бэртан, i сама гэтая скупая, дзiкая зямля.
Рой ужо дабраўся да той мясцiны на пад'ёме, дзе старая лесавозная дарога залазiла на голы гранiтны грэбень. Каб пераканацца, што iснуе Сент-Элен, яму трэба было азiрнуцца. Вось ён, на месцы, яшчэ не прачнуўся, асветлены страшным зарывам усходу. Рой пастаяў, пераступаючы з нагi на нагу, ён чакаў, цi не з'явiцца дымок, маленькая чорная фiгурка, грузавiк, хоць нейкая прыкмета жыцця. Усё было пуста, i Сент-Элен бачыўся такiм, нiбыта ён прайграў сваё змаганне з лесам i хутка знiкне. Такiм Рой i панёс яго з сабой у лес, калi збочыў з дарогi ў падлесак, з п'янай галавой, п'яны пад цяжкiм грузам, з п'янымi вачамi i п'яным распухлым ротам, увесь п'яны, высмактаўшы белую бутэльку i шпурнуўшы яе перад сабой так, што яна на друзачкi разбiлася аб камянi, п'яны да непрытомнасцi, акрамя ног, якiя яшчэ пераступалi, i iнстынкту накiрунку. Менавiта яны i вялi Роя ў глыбiню лесу яшчэ доўга пасля таго, як свядомасць зусiм пакiнула яго.
Раздзел чацверты
Рой стаяў адной нагой у чоўне, а другой адштурхнуўся i вывеў яго з маленькай скалiстай бухты. I адразу ж ён укленчыў на адно калена i пачаў грабцi, скарыстоўваючы разгон ад штуршка. Вострае вясло хутка пагнала човен па цiхай вадзе. Яго дужыя рукi так дакладна прыкладвалi сваю сiлу, што не было нi рыўкоў, нi затрымкi, а толькi настойлiвае i роўнае слiзганне цвёрдага брызентавага корпуса, якi разразаў ваду.
Ён плыў па Мускуснай затоцы, якая вяла яго да галоўнага возера i галоўнай з яго хацiн i была адным з асноўных участкаў яго палявання. Гэта быў штучны вадаём, пакручасты i зарослы, утвораны старой бабровай запрудай, якая так надзейна перагарадзiла ручай, што атрымалася азярцо з крутымi, густа зарослымi лесам берагамi. Iдэальнае месца для мускуснага пацука - андатры. Не надта глыбока, дно i берагi густа ўкрытыя асакой, рагозам, стрэлкалiстам i чаротам i дуплiстымi карчамi - важная ўмова для андатры. На шэра-карычневай паверхнi вады скрозь вытыркалiся травянiстыя, злепленыя з гразi i галiнак астраўкi. На большых былi норы андатры, на меншых яны спакойна харчавалiся, будучы ў бяспецы ад сваiх ворагаў. Рой скiраваў човен да аднаго з такiх астраўкоў. Некаторымi з iх ён карыстаўся як прыкрыццём, прынаджваючы качак, i зараз, калi човен выйшаў на адкрытую ваду, з iх узнялася хмара чыркоў, крохаляў, чырвонагаловых i чарнакрылых дзiкiх качак i свiстух. Яны ўзнялiся невялiкiмi шумнымi купкамi i знiклi.
Каля аднаго з астраўкоў Рой падняў дзвюх качак, якiх ранкам падстрэлiў з берага. Ён кiнуў iх на дно лодкi i зноў павярнуў да берага, каб пачаць агляд пастак.
Рою да гэтага часу было блага, але гэта была слабасць папраўкi. Ён не памятаў, як дабраўся да балота, не памятаў нават, як пакiнуў Сент-Элен.