Яго апаноўваў сорам, i ён iмкнуўся хутчэй выйсцi з гэтага здранцвення, каб пайсцi не сустрэўшыся з Джынi. Уласна, ён ведаў, што хацеў сысцi не толькi ад Джынi, але i ад сябе. Найбольш страшныя i ганебныя для яго былi гадзiны п'янага забыцця. Раней Джынi Эндрус расказвала яму, якiя гадасцi вытвараў ён у п'яным выглядзе, непаўторную брыдоту. Гэта заўсёды гняло яго, ён заўсёды баяўся зрабiць паскудства, нават проста звычайную няветлiвасць. З часам яна перастала саромiць яго, зразумеўшы, што яму самому невыносна сорамна. Наадварот, яна старалася суцешыць яго, нагадваючы, якiм ён можа быць добрым i бяскрыўдным. Але Рой не ведаў, у што верыць, i чым больш яна падбадзёрвала яго, тым больш ён сумняваўся. Пакаянне было непазбежна, i ён хацеў пакiнуць яе вось так, сярод ночы, - каб толькi не сутыкнуцца днём вочы ў вочы з ёй i з самiм сабой.
Ён цiхенька прычынiў уваходныя дзверы i на хвiлiнку затрымаўся на парозе, глынуўшы цудоўнага халоднага паветра. Калi ён праходзiў мiма акна спальнi, Джынi пачула яго цяжкае дыханне i сама таксама цяжка ўздыхнула, бо баялася гэта рабiць з таго часу, як пачула, што Рой прачнуўся. Вось ён i пайшоў, i памiж iмi зноў зiма, яшчэ адна доўгая канадская зiма.
На ферме нi Сэм, нi Руф яшчэ не ўставалi, бо толькi бралася на дзень. Рой пастараўся iх не разбудзiць, бо ведаў: Сэм зноўку пачне дабiвацца ад яго адказу на пытанне, якое Рой хацеў лiчыць вырашаным. Калi б ён дачакаўся Сэма i сказаў яму, што Джэк нойме i заплацiць работнiку, Сэм мог бы не пагадзiцца, i Рою давялося б пачынаць усё спачатку. Рой аддаваў усё гэта Джэку, якi павiнен расказаць Сэму i тым самым зрабiць яго адмову немажлiвай. Сэм прыме работнiка. Сэм не паедзе, не пакiне ферму. Джэк Бэртан уладзiць усё гэта з Сэмам, справа зараз за Джэкам.
Рой пераапрануўся i амаль што бягом пусцiўся ў горад.
У Дзюкэна ён прайшоў праз заднiя дзверы. Заплечны мяшок для яго быў гатовы, увесь заказ спакаваны, i Рой яшчэ раз з удзячнасцю ацанiў спрыт i дзелавiтасць Пiта Дзюкэна. Нават новыя пасткi былi распакаваны i прымацаваны як след - звонку мяха. А пад пасткi была засунута бутэлька Блэк-энд-Блю.
Рою яна была патрэбна як нiколi.
- Малайчына, Пiт, - сказаў ён i адкупорыў бутэльку, каб адразу ж глынуць.
Яго адурманеную галаву i абпалены язык ашаламiла новым ударам.
- Ух! Гэтая i быка звалiць! - прамовiў ён голасна.
Рой закiнуў мяшок за плечы, ссунуў з хворай галавы пас, запхнуў бутэльку ў кiшэню i рушыў у дарогу. Кожны раз, калi яму хацелася глынуць, даводзiлася абапiрацца аб дрэва, каб мяшок не перакулiў яго, калi ён закiдваў галаву. Было нязручна, i халодны спiрт сцякаў па падбародку на патылiцу.
- Гэтая i быка звалiць! - паўтараў ён пасля кожнага глытка.
Ён пiў зараз, каб забыцца, што быў п'яны, i каб вытравiць з памяцi ўсе тыя непрыемнасцi, якiя засталiся там, у гарадку. Па-першае, як ён дабраўся да хаты Джын Эндрус учора вечарам? Гэта заўсёды было яго першай загадкай. Яму заўсёды ўдавалася дабрацца туды, але як - ён нi разу не мог успомнiць. Затым Сэм. Сэм хоча кiнуць ферму. Рой ведаў, што яму варта застацца i неяк уладзiць справу. Трэба было застацца i самому прапанаваць Сэму наняць работнiка, а не пакiдаць рашэнне за Сэмам. Сэм можа адмовiцца. Гэтая паўмера Роя можа толькi падштурхнуць яго на нешта адчайнае. Сэм можа адразу ж сабрацца i з'ехаць. Але Рой ведаў, што Джэк Бэртан не дапусцiць гэтага. Джэк угаворыць яго застацца. Джэк знойдзе яму работнiка, Джэк падтрымае яго. Зараз справа за Джэкам. Нават Сент-Элен - i той зараз трымаецца на Джэку. Джэк, якi не здаецца, якi не дасць выжыць сябе з фермы нi зямельным банкам, нi адсоткам па закладной, нi драпежнiкам i рвачам, нi падаткам, нi недахопу iнвентару, зямлi, дапамогi, асушэння, грошай i прадбачлiвасцi.