Джеймс Олдридж - Паляыничы (на белорусском языке) стр 19.

Шрифт
Фон

У мяне вакол хацiны расстаўлены некалькi мядзведжых пастак. Да мяне наведваецца нейкi чорны мядзведзь. Таму будзьце асцярожныя, iнспектар.

- Мядзведжыя пасткi i неспадзяваная куля! Добра, буду асцярожны, Рой. Вось, вазьмiце. Захаваў спецыяльна для вас. - Ён падаў Рою стос супрацьпажарных плакатаў, ведаючы, як яму падабаецца iх кiдкi драматызм. Калi збiраецеся назад у лес?

- Яшчэ не ведаю.

- Я думаю, гэта залежыць ад таго, колькi вы вып'еце.

Гэта залежала ад Сэма, але Рой не збiраўся дакладваць пра гэта iнспектару. Ад думкi пра Сэма Рою сапраўды захацелася выпiць яшчэ, але ён ведаў, што спачатку трэба разабрацца з Сэмам. Не паддаючыся спакусе, ён проста з канторы iнспектара перасек вулiцу i чыгунку, прайшоў мiма царквы i, пераадолеўшы некалькi гранiтных градаў, дабраўся да фермы Джэка Бэртана.

- Мiсiс Бэртан! - паклiкаў ён яшчэ з парога. Унутр ён не заходзiў. Яму было цяжка проста вось так зайсцi ў хату, нават у хату Джэка. Ён толькi ўсунуў у дзверы галаву. - Дзе Джэк, мiсiс Бэртан?

Выйшла мiсiс Бэртан, сарамлiвая, абы як апранутая жанчына з невыразным тварам; маленькая i добрая iстота.

- Добры дзень, Рой, - сказала яна. - Джэк недзе каля хлява. Як вам жывецца?

- Цудоўна. А як вашая сям'я? Яна пачырванела, вiдаць, таму, што была бачна хуткая прыбаўка яе сям'i.

- Джэк рамантуе хлеў, - зноўку перавяла яна гаворку на свайго мужа.

Рой ссунуў на патылiцу сваю суконную шапку i пайшоў шукаць Джэка. Той стаяў на лесвiцы, выраўноўваў i прымацоўваў дранiцы на страсе хлява. Хлеў быў стары, з дошак, на сасновых слупах. На месцы некаторых згнiўшых слупоў засталiся ямы, тыя слупы, што засталiся, ледзьве падтрымлiвалi страху. Хата таксама была накрытая дранiцамi, а сцены злеплены з гладкай i цвёрдай глiны. Хата, высокi хлеў з кароўнiкам, нiзкi свiнарнiк - усё збiлася на голым, пранiзаным ветрам лапiку зямлi. Адзiнае дрэва, маладая сасна, адзiнока расла ля загарадкi з дроту, якая цягнулася па схiле да дарогi. Гаспадарка была старой i занядбанай, але зблiзку яе ажыўляў шум жылля - дзiцячы плач, брэх сабакi, пiск парасяцi, рык каровы - усе гэтыя гукi i пахi фермы.

- Глядзi, не звалiся i не развалi гэтую крывульку, - гукнуў Рой Джэку. Злезь, пакуль няма ветру i пакуль ён не павалiў цябе разам з тваiм хлявом.

Джэк Бэртан не зварухнуўся, ён забiваў цвiкi ў дранiцу i мацюкнуўся, калi яна раскалолася. Тады ён злез на зямлю, схаваў малаток у заднюю кiшэню, а пласкагубцы - за пояс, надаўшы тым самым аб'ёмнасць сваёй гнуткай, худой фiгуры.

- Не, гэты хлеў не павалiцца, - сказаў Бэртан. - Я знарок пакiдаю зверху дзiркi, каб вецер свабодна праходзiў, толькi таму ён i трымаецца.

Рой паглядзеў на дзiркi.

- Спрытны ты фермер, Джэк, - сказаў ён. - Шкада, што мой Сэм нiяк не справiцца з фермай.

- Ён прасiў цябе застацца на зiму?

Рой кiўнуў.

- Ён ужо тыднi два таму казаў, што збiраецца прасiць цябе. Але я думаў, што ён не адважыцца. Дык ты застанешся?

Яны зайшлi ў хлеў, каб схавацца ад ветру. Там было цёмна i пуста, стаяў ядавiты пах перапрэлага гною. У стойле чулася толькi мыканне гадавалай цялушкi, якое рэхам адбiвалася ад высокай страхi. Некалькi свiней рылася ў загарадцы ля дзвярэй, але болей у хляве нiчога не было. Пазней, блiжэй да снегу, хлеў запоўнiцца жывёлай - сведчаннем фермерскiх поспехаў Джэка Бэртана: пяць кароў, шэсць свiней, двое коней, дзве казы i пяць клетак з ангорскiмi трусамi. Усё гэта ўцiснецца ў хлеў i будзе грэцца ўласнай цеплынёй i дыханнем.

- Уявiць не магу, што будзе з фермай, калi я не застануся, - разважлiва прамовiў Рой. Каб нешта вырашыць, ён чакаў дапамогi ад Джэка, але ведаў, што Джэк не можа нiчога парадзiць яму. - Бяда яшчэ вось у чым, - працягваў Рой. Сэму стукнула ў галаву, што на ўсёй Гуронскай паласе трэба паставiць крыж i што для дробнага фермера тут усё скончана.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке