Так, вельмі цяжка цяпер стала.
Ды няўжо няма ў вас рыцараў, якія б маглі адужаць гэтага злоснага караля?..
Рыцары? Ха! Вядома ж, ёсць!
Дык дзе ж яны?
Дзе-дзе?! Вунь там яны і ёсць, кіўнуў Вуж у бок вязніцы. У турме, у самых жорсткіх варунках. Волх усё робіць, каб зламаць іх дух. Каго з іх вынішчыў, а каго не, дык робіць усё, каб яны зайздросцілі тым, хто загінуў.
Ну і парадкі тут у вас.
Яшчэ тыя, ізноў цяжка выдыхнуў Вуж.
А няўжо яны не могуць учыніць бунт ды вызваліцца з-за кратаў?
Ды не ўсё так проста. Іх адмыслова пасадзілі ў розныя камеры, каб не мець магчымасці размаўляць міжсобку. Апрача ваўкалакаў і іншых пачвар, іх пільнуе і Цмок. Таму ўцячы адтуль да смерці падобна.
Ну не ведаю, што лепей: памерці вольным ці жыць пад прыгнётам?
На жаль, дух жыхароў нашага некалі славутага каралеўства амаль зламаны. Усе супраць новага караля, але ў іх не стае духу, каб сабрацца разам, даць адпор яму ды ягоным пачварам і ўрэшце зрынуць яго. Магчыма, няма таго, хто абяднаў бы ўсіх ды павёў на змаганне пад сваім камандаваннем. А пакуль усе запалоханыя, моўчкі сядзяць па закутках.
А хто асноўныя яго паслугачы?
Не ведаю. Але Вунь бачыце ў полі зняволеных? Прыглядзьцеся. Наўзбоч іх такія адметныя буйныя чорныя фігуры.
Так, бачу, прамовіў Янка.
Гэта яго верныя ваўкалакі. Адзін такі можа раскідаць адразу з дзясятак звычайных людзей.
Сапраўды, з такім сам-насам не дасі рады.
Ха! Не тое слова.
Яны не толькі моцныя. Яшчэ і хуткія, і спрытныя. Таму гэтыя зняволеныя, што працуюць на палетках, нават і не спрабуюць уцячы. Гэта проста бессэнсоўна.
Гэх, каб ведаць, чым, махнуў рукой раззлаваны такой несправядлівасцю Янка, з радасцю дапамог бы.
Мы дапамаглі б, выправіла яго сястра, мы!
Дзякуй і на добрым слове, ужо прыемна, лагодна ўсміхнуўся Вуж.
Яны яшчэ крыху пастаялі, са шкадаваннем і абуранасцю назіраючы за працай зняволеных жыхароў каралеўства, пакуль Вуж не нагадаў:
Ну што, хадзем да Пугача?
Так! рашуча выказаўся Янка, якога пачалі захлістваць эмоцыі. Цяпер я дакладна адчуваю, што трэба да яго ісці.
Не паспрачаешся. Тады рушым у дарогу! А шлях некароткі, Пугач далёка забраўся ад усіх.
А што так?
Ды хто ж яго ведае. Можа, каб не назалялі. Я ж казаў, не дужа ён ахвочы да размоў.
Зразумела.
Толькі крочым пакуль узлескам. Хавайцеся крыху за дрэвамі, каб вас гэтыя вартаўнікі не пабачылі. Бо ад іх уцячы амаль немагчыма.
Дзякуй за параду. Не хацелася б адразу трапіць да іх, так і не пабачыўшы вашага каралеўства.
Яны крочылі сцярожка, хаваючыся за стаўбурамі дрэў, імкнучыся ісці ціха, неўпрыцям, каб ніводная галінка не трэснула пад нагамі. І ўсцяж яны паглядалі на поле, пільнуючыся, каб ваўкалакі іх не заўважылі.
Праточвацца праз лес было нялёгка. На ўскрайку ён быў вельмі зарослы, багаты на разгалістыя дрэвы з густымі хмызнякамі. Хмызнякі штораз даводзілася абыходзіць, і гэта забірала не толькі моц, але і час. Не хацелася б трапіць да Пугача ў цемры. Тут і так было досыць страшна, а прабірацца скрозь начны цёмны лес ніхто не марыў. Ды і затрымлівацца ў гэтым каралеўстве непажадана. Што падумаюць іх бацькі? Да цемры варта б вярнуцца дадому.
Урэшце небяспечныя палеткі засталіся далёка за спінай, лес скончыўся, і непадалёк паўстала невялікая вёска.
Ну ўсё, наказаў Вуж, далей ісці пакуль не раю. Трэба тут пачакаць.
Чаму? не зразумелі яго падарожнікі.
А вы зірніце на сябе.
Брат з сястрой перазірнуліся.
За вярсту відаць, што вы нетутэйшыя і да таго ж не звычайныя вандроўнікі.
А-а-а, зразумелі яны, што мае на ўвазе Вуж. І што вы прапануеце?
У гэтай вёсцы жыве мой стары сябра. Я завітаю да яго, можа, атрымаецца нешта ўзяць вам з адзежы, каб вы не так прыцягвалі да сябе ўвагу. Лепей, калі прыпадобніцеся да тутэйшых. Вельмі ж вылучаецеся ўва ўсіх гэтых даспехах і каралеўскіх строях.
Так, маеце рацыю. Няварта прыцягваць да сябе ўвагу.
Я паспрабую як мага хутчэй, а вы схавайцеся, каб вас ніхто не пабачыў.
Добра, мы стоімся і паспрабуем быць не заўважнымі.
І Вуж, спрытна выгінаючыся, хутка папоўз да хаты свайго знаёмага. А Янка з Міланай схаваліся за разгалістым хмызняком і, прысеўшы, пачалі разглядаць вёску.
Яна выглядала як сапраўднае сяло: драўляныя хаты, падворкі з курамі ды каровамі. Але ўсё ж яна нечым рознілася ад іх роднай вёскі, нагадвала сярэднявечную