Глебус Адам - Дамавикамерон (на белорусском языке) стр 31.

Шрифт
Фон

Стаяў, глядзеў на галавешкi i ўбачыў, што каля ганка ляжыць старое кола. Схапiў мужчына кола i кiнуў яго на суседнi гарод. Ён i ведаць не ведаў, што ягоны вораг Хут у кола перакiнуўся. Дык адкуль што ўсё ўзялося ў суседа?! За якi год стаў ён самы багаты ў вёсцы. А гэта Хут паспрыяў. Трэба ж шанаваць Хута. Паабяцаў яечню - частуй.

Так селянiн расказваў. А сам я Хута не бачыў, але ж i не клiкаў, бо хто яго ведае, а раптам не спадабаюся i ён спалiць дом цi наогул усё чыста агнём пусцiць.

XXXVI. ДВАРАВIК

У бары мужчына замовiў адно гарэлку. Ён сеў адзiн i пiў засяроджана, нiбыта працаваў, таму i не заўважыў знаёмца, якi ўзяў таксама гарэлку ды шукаў вольнае месца.

- Ты ўжо адзiн п'еш? - знаёмец узрадаваўся, бо знайшоў вольнае крэсла.

- П'ю, - мужчына адказаў без iмпэту.

- Можа, разам? - знаёмец сеў, налiў сабе поўную чарку i, не чокнуўшыся, выпiў, а потым дадаў:

- Ты з твару змянiўся... Можа што здарылася, а я i не ведаю? Можа, хто памёр?

- Нiхто не памёр, а шкада, лепш бы ён здох.

- Хто? - здзiвiўся цiкаўны знаёмец.

- Хто-хто? Конь у палiто! Вось хто. Сядзi пi.

- Ты перабраў. Можа, табе i пiць не трэба? Га?

- Добра-добра, налiвай. Вып'ем - раскажу. Мужчыны выпiлi па поўнай чарцы.

- Бяда ў мяне. Тыдзень таму саджуся ранiцай у свой "опель", i такое адчуванне, што на iм чужы паездзiў. Ты ж ведаеш, як я да свайго "опеля" стаўлюся, як да жонкi, а то й лепш. I не хаваю гэтага. Лялька ў мяне была, а не машына, а тут бачу - брудная i бензiну ледзь-ледзь да запраўкi даехаць засталося. Хто? Што? Невядома. Можа, падалося, думаю. I думаў так да наступнай ранiцы, бо запiсаў паказчык на спiдометры, а назаўтра ранiцай там тры сотнi новых, не маiх кiламетраў. Што рабiць? Не ведаю! Колькi нi пiльнаваў злодзея, не ўпiльнаваў. Толькi аднаго разу бачыў падазронага тыпуса ў доўгiм палiтоне ды з кавенькаю. Я было да яго iсцi, а ён за рог. Пакуль я за рог дома забег, там нiкога няма, як скрозь зямлю правалiўся. Што цяпер рабiць? "Опеля" шкада. Гэта ж машына, да яе падыход адпаведны патрабуецца, а не так - сеў, паехаў.

- Не сумуй. Давай нальём, i скажу, што трэба рабiць з канём у палiто.

Мужчыны звонка чокнулiся i выпiлi.

- Ты толькi не думай, што я чакануты, - пачаў знаёмец. - Бо гэта Дваравiк катаецца на тваiм "опелi".

- Ды мне хай сам чорт, абы ты навучыў, як гада ад машыны адагнаць.

Знаёмец навучыў мужчыну, як адагнаць Дваравiка. Той выслухаў, падзякаваў i сышоў з бара.

Дома ён узяў парафiнавую (бо васковай не было) свечку, сярнiчкi ды папяровы абразок. Паўночы мужчына праляжаў на падлозе свайго любiмага "опеля". Ён ужо нават пачаў пацiху клясцi знаёмца з ягонай навукай, калi пачуў, як асцярожна адчыняюцца "опелевы" дзверцы. Мужчына раптам забыўся на ўсё доўгае навучанне i замест таго, каб запалiць свечку i асветленым абразком напужаць Дваравiка, схапiў таго за горла. I гэта было памылкаю, бо ўдар жахлiвага цяжару забраў свядомасць. Дваравiк не толькi збiў гаспадара дагледжанай машыны, а i саму яе знявечыў - кавенькаю разбiў ветравое шкло, нажом папрапорваў колы, пабiў фары, парэзаў крэслы, сапсаваў радыё, раструшчыў карбюратар, папарываў шлангi, вылiў на зямлю масла i бензiн растрыбушыў "опель" за ўсю, як кажуць, мазуту.

Мужчына, як толькi ачомаўся, адразу заявiў у пастарунак, але злачынцу колькi нi шукалi, а так i не знайшлi. Так што рапараваўся "опель" за кошт гаспадара.

Больш той машыны нiхто не чапаў, таму можна сказаць, што спраўдзiлiся словы знаёмца, якi сказаў: "А Дваравiк катаецца толькi на новых, дагледжаных, блiскучых, што тыя лялькi, машынах..."

XXXVII. СПЯВАЧКА

У Спявачкi быў слабы голас. Яна мела фiласофскую адукацыю i густ. Выкшталцонасць дапамагала выбiраць тэксты песень, а густ маскаваў слабiну вакальных даных. Таму Спявачка даволi паспяхова запiсвала кампазiцыi на радыё. Музыку яна прыдумвала сама, а вось iграць запрашала музыкаў з рок-гуртоў i кансерваторыi.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке