Глебус Адам - Дамавикамерон (на белорусском языке) стр 30.

Шрифт
Фон

Жанчына было памкнулася ратаваць паперы, але спалох не пусцiў.

- Любiш мужчын? - спытаўся Дамавiк, калi ўвесь стол быў засыпаны белым смеццем.

- Люблю, - прашаптала перапалоханая.

- Разбяры ложак, бо забыўся, калi апошнi раз ужываў падушкi...

Жанчына паслухмяна выканала загад.

Такой ночы, як была з Дамавiком, жанчына не бачыла нават у снах. А ў снах яе любiлi i мядзведзь, i конь, i нават слон, чым i выклiкалася найвялiкшая асалода.

Пад ранiцу Дамавiк сышоў. Жанчына бачыла праз акно, як ён сеў у пусты асветлены трамвай.

- Лiсты ў рэдакцыю папулярнага часопiса "АВС" жанчына больш не складала.

XXXV. ХУТ

Хут? Увечары яго можна ўбачыць на небе, калi ён ляцiць, вогненны чалавек-птах. Як за iм чырвоны след застаецца, дык ведайце - золата ён нясе гаспадарам, а як след на небе сiнi - хлеб у яго руках.

Раней Хут у вёсках жыў, на гарышчах хаваўся, а цяпер i ў горад можа завiтаць. Любiць Хут мастакоўскiя мансарды. Вось адзiн жывапiсец расказваў такую гiсторыю:

- Прыходжу я ў майстэрню, а на маiм няскончаным палатне надпiс. Нiбыта якое неразумнае дзiця пазабаўлялася. Я працаваў над краявiдам, хацеў напiсаць iмжу, i ў мяне амаль атрымалася. Нават прахалодаю ад палатна павеяла. А тут узялi дый прымалявалi жоўтае сонца, брыдкае - з лупатымi вочкамi i шырозным ротам. А яшчэ i надпiс: "Занадта жмурна!!! Якi ж ты мастак?" Я хацеў пайсцi паскардзiцца ў пастарунак, а потым падумаў: можа, знаёмыя няўдала пажартавалi. Бог з iмi, падумаў, i замазаў надпiсы i сонца.

А калi на другi дзень у мяне з лядоўнi ўсе яйкi ды брыкет масла знiклi, дык я расказаў знаёмаму i пра лядоўню, i пра малюнкi. Знаёмы сказаў, што гэта Хут, i параiў спячы яечню i паклiкаць яго наступнымi словамi:

"Хут, Хут, хадзi сюды, пачастунак ёсць - яечня твая любiмая!" Каб не крыўдзiць знаёмага, я паабяцаў, што так i зраблю. А сам падумаў: мой знаёмы - вар'ят, самы звычайны. Але i я не лепшы. Вярнуўся ў майстэрню, спёк сабе яечню i мяркую - вось вазьму зараз i клiкну Хута. А што будзе? Ды нiчога не будзе. Паставiў панiву з верашчакаю на стол i кажу: "Хут, Хут, хадзi сюды..." Не паспеў дагаварыць, як адчынiлiся дзверы на гарышча.

Я ж там свае палотны хаваю, ну i розны рыштунак, каб у майстэрнi вальней дыхалася. Выходзiць да мяне пачвара - чалавек не чалавек, птах не птах... Адразу не скажаш, хто такi. Галава чалавечая, толькi замест носа дзюба арлiная. Рукi маленькiя. За плячыма крылы вiсяць. Уся пастава пёрамi парослая. А замест ног лапы курыныя, толькi вялiкiя, i кiпцi не белыя, а чорныя. Грабануў Хут лапаю па падлозе, ажно трэскi пырснулi, i кажа: "Клiкаў мяне?" - "Клiкаў, - гавару, - клiкаў", - "Яечню абяцаў?" - "Абяцаў, гавару, - абяцаў". А сам думаю: вось заб'ю зараз Хута i чучала зраблю, во будзе чучала - усiм чучалам чучала. Не паспеў пра тое падумаць, а Хут яечню з'еў i на гарышча iдзе. "Куды гэта ты?" - пытаюся. "Па справах трэба бегчы. А за пачастунак дзякуй". Зайшоў на гарышча i прычынiў за сабой дзверы. А я да стала падбег, у панiву паглядзеў - пустая. Звар'яцеў, сам сабе думаю, далiбог, звар'яцеў. I раптам заўважаю: манета залатая на стале ляжыць. Хапануў манету i сышоў з майстэрнi. Потым ювелiру паказаў, ён запэўнiў, што самая сапраўдная царская. А цяпер у мяне з той манеты залаты зуб стаiць. Можаш паглядзець. Больш я Хута не бачыў i не клiкаў, дзякуй Богу.

Ну, вядома, мастакi жыццё ўспрымаюць, як казку. У iх нават ад карцiны прахалодаю павявае. Так што можна i не верыць. Але пра таго ж Хута мне i селянiн расказваў, а селянiну я давяраю.

- Было так. Адзiн мужчына пачуў, як жонка клiча Хута:

"Хут, Хут, хадзi сюды, дам табе яечаньку абарачаньку!" А калi жонка сышла, панiву пакiнуўшы, дык мужчына з'еў яечню. А Хут раззлаваўся, бо падумаў, што знарок з яго здзекуюцца. Уночы падпалiў Хут дом i гумно. Людзi гасiлi, але рады не далi. Стаяў пагарэлец пасярод двара i ўсё паверыць не мог, што пажар з-за яечнi ўсчаўся.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке