Сярод iх Мiколкаў брат Павел, якi служыў змазчыкам. Мацi пайшла кудысьцi да суседзяў. Мiколка забраўся спаць на свой тапчан. Драмаў i прыслухоўваўся, аб чым цiха гаварылi рабочыя. Яны, вiдаць, спрачалiся аб нечым, бо адны гаварылi, што можна ўцячы з пакгаўза, другiя гаварылi, што цяжка. Тады Мiколка зразумеў, што гутарка iдзе аб вызваленнi тых рабочых, якiя арыштаваны немцамi i сядзяць зараз у станцыённым пакгаўзе. Добра ведаў Мiколка гэты пакгаўз, колькi разоў забiраўся ў яго з хлапчукамi, сваiмi таварышамi, калi грузiлi ў пакгаўз семечкi, гарох альбо якiя iншыя падобныя прысмакi.
- Туды вельмi цяжка забрацца, бо пакгаўз новы, ды часавых стаiць аж два - ад станцыi i ад горада, - чуў Мiколка, як гаварыў адзiн з рабочых. Пачуў i не сцярпеў. Саскочыўшы з тапчана, падбег да рабочых.
- Я магу залезцi ў пакгаўз, нягледзячы i на часавых... - хутка выпалiў ён i пачырванеў нават, цi то ад нечаканае свае храбрасцi, цi ад сарамлiвасцi.
Рабочыя аж ахнулi.
- Казаў жа я вам, каб гаварыць цiшэй... А то вось аб усiм i даведаўся гэты падшывалец.
Мiколку страшна ўкрыўдзiла такое слова. Ён скоса зiрнуў на гаварыўшага, працадзiў праз зубы:
- Каму падшывалец, а каму Мiколка, бальшавiкоў сын...
- Ну, то iдзi да немцаў i скажы iм, што бацька твой - бальшавiк!
- Няма такiх дурных! - увязаўся ў гутарку Мiколка. - Калi вам кажу, ведаю каму. А немцы пра бацьку i так ведаюць, што ён бальшавiк, бо не сталi б лавiць яго, нехта ж падказаў... А пакгаўз я ведаю, як свой вагон, мы вунь колькi разоў туды лазiлi галубоў ганяць...
- "Галубоў, галубоў!.." - перадражнiў яго адзiн з рабочых. - Тут, бачыш, не галубамi пахне, а куляй, а ты яшчэ дурань малы.
Хацеў тут Мiколка абазваць гэтага рабочага таксама дурнем, але ўбачыў, што той абзывае яго так не злуючы, а проста жартам.
- Няхай сабе i малы, але мне куды спрытней у пакгаўз залезцi, чым катораму з вас вялiкаму...
На гэтым i разышлiся, строга-настрага наказаўшы Мiколку, каб нi слова, нi гуку нiхто не пачуў ад яго аб тым, пра што ён чуў.
- Ну, што вы, маленькiя якiя, цi што... - не на жарты ўсердаваў Мiколка. - Цi буржуй я, цi меншавiк, па-вашаму...
Чуў Мiколка пра меншавiкоў як пра вялiкiх паскуднiкаў, якiя любому буржую гатовы заўсёды боты лiзаць. Таму i памянуў пра iх.
- Ну, глядзi ж, - яшчэ раз сказалi яму на развiтанне.
А ранiцай, яшчэ сонца не ўзышло, было яшчэ цёмна, пабудзiў Павел Мiколку, сказаў яму пацiху:
- Ну, уставай, бальшавiк! Пойдзем сваiх ратаваць. Глядзi ж не падкачай... Зловяць, скажы - за галубамi палез.
- Якiя ж галубы па начах! - папракнуў Мiколка брата за такое выключнае няведанне галубовай справы.
- Тады скажы, што за семечкамi палез.
- За семечкамi яшчэ можна... - згадзiўся Мiколка з такой прапановай.
Станцыя хавалася ў прадранiшнiм змроку. Сям-там мiгацелi стрэлачныя лiхтары, пыхкалi парай паравозы ля дэпо, збiраючыся ў дарогу. Сям-там на пуцях стаялi адзiночныя таварныя вагоны, платформы з лесам ды з iншымi грузамi. Каб не быць заўважанымi нямецкiмi часавымi, Мiколка з рабочымi прабiраўся каля вагонаў, хаваючыся ў iх доўгiм ценi.
I тут ля вагонаў заўважылi i дзеда Астапа. Ён iшоў следам за ўсiмi, не адстаючы нi на крок. На яго накiнулiся ўсе:
- Куды табе, дзеду, iсцi! Iдзi кладзiся спаць!
Аднак дзед аж узлаваўся:
- За каго вы мяне прымаеце? Каб я ды пакiнуў унука свайго ў небяспецы?
I колькi нi спрачалiся з дзедам, нiчога не выйшла. Дзед не адступiў i рашуча iшоў услед. Вось i пакгаўз. На iм паблiскваюць цьмянымi аганькамi два-тры лiхтары, вiдаць шырокiя дзверы. Ля iх стаiць, не зварухнецца, нямецкi часавы. Дзесьцi далёка за пакгаўзам паблiскваюць у небе агнявыя зарнiцы - вiдаць, недзе немцы вёску паляць. На гэтыя зарнiцы загадкава пазiрае часавы. Водблiскi iх мiгцяцца на шырокiм блiскучым штыку, на цяжкай, чорнай уначы, касцы салдата.
Задумаўся часавы, абапёрся на вiнтоўку, не зварухнецца.
А побач з пакгаўзам - вялiкiя штабелi дроў.