Михась Лыньков - Миколка-паравоз (на белорусском языке) стр 21.

Шрифт
Фон

Мiколкаў бацька раiўся з другiмi рабочымi, што рабiць: цi ваяваць з немцамi, цi пусцiць iх без бою. Але паступiлi i пэўныя ўказаннi, каб не адкрыць бойкi, не рабiць кровапралiцця, бо што могуць зрабiць рабочыя з узброенымi да зубоў палкамi Вiльгельма. Ды трэба было памятаць i аб Берасцейскiм мiры, расказаць аб iм рабочым i сялянам. Трэба было быць гатовым для падпольнай работы сярод нямецкiх салдат, каб зрабiць iх салдатамi-рэвалюцыянерамi.

Меркавалi, што немцы прыйдуць праз днi два, праз тры. Але яны з'явiлiся ноччу зусiм нечакана. Вiдаць, знайшоўся здраднiк на суседняй станцыi i не папярэдзiў аб адпраўцы нямецкiх эшалонаў.

Прачнуўся Мiколка ад стрэлаў. То ганялiся немцы за бацькам, якi ў адной сарочцы выскачыў праз акно i адстрэльваўся ад салдат. Бацьку ўдалося ўцячы, ён паспеў дабегчы да вялiкiх штабеляў дроў i схавацца там да вечара. I толькi ранiцай наступнага дня, калi iшлi рабочыя ў дэпо, бацька непрыкметна зайшоў у вагон. Страшна ўзрадавалiся мацi i Мiколка. Яны чулi, што арыштавана i пасаджана ў пакгаўз цэлая група рабочых-бальшавiкоў, i нiчога не ведалi, цi жывы яны, цi пабiты, цi ёсць сярод iх Мiколкаў бацька. Аж заскакаў ад вялiкай радасцi Мiколка, але бацька абурыўся на яго:

- Цiшэй ты, скакун! Яшчэ немцы пачуюць, ураз прыйдуць сюды... А цяпер бывайце... Даводзiцца, як бачыце, хавацца... Арыштоўвалi, вiдаць, па спiску, нейкi гад пастараўся для немцаў спiсак скласцi ўсiх тых, хто быў найбольш актыўны... Ну, не сумуйце ж, не вечна тут немцы будуць.

I толькi бацька нагу на парог паставiў, як падбегла ўсхваляваная мацi, на акно паказала:

- Пачакай, вунь iдзе адзiн з начальнiкаў дэпоўскiх, каб не ўгледзеў яшчэ часам.

Да вагона наблiжаўся той самы "буржуй", з якiм былi ў Мiколкi неаднаразовыя сутычкi i якi загадваў жыллёвымi вагонамi дэпо. Ён iшоў проста да вагона. Мiколкаў бацька зайшоў за полаг i схаваўся там. Неўзабаве зайшоў "буржуй", не вiтаючыся, важна рассеўся на зэдлiку, нахабна азiраючы ўсё навокал...

- Ну што ж, вiтаю вас, вiтаю! Накамiсарствавалiся, значыць, здаволiлiся...

Маўчала мацi, маўчаў Мiколка, не ведаючы, да чаго хiлiць гэты чалавек.

А той сядзеў, азiраўся навокал, усё адцягваў надалей сваё рашэнне. I ўрэшце загаварыў:

- Сказ мой будзе кароткi... Не ўсё ж у камiсарах хадзiць ды другiмi камандаваць. Расправяцца вось цяпер немцы з вашым камiсарам. Паслухайце цяпер i майго загаду - у дваццаць чатыры гадзiны аслабанiць гэтую кватэру, i каб духу вашага тут не было... Хоць да д'ябла! А не паслухаеце - штыкамi выпарам, бо, дзякаваць Богу, ёсць цяпер каму за парадкам сачыць... Дык жыва ж... - разышоўся ваўсю "буржуй", i аж тлустая яго шыя пачырванела i заскакаў тлусты падбародак з барадаўкамi, з рудай шчацiнай. I раптам "буржуй" змоўк, абмяк, нiбы костка яму ў горла папала цi нечакана паляруш стукнуў. Перад iм стаяў бацька, якi выйшаў з-за полага. Бацька прыставiў "буржую" рэвальвер да лба i гаварыў цiха, але так, што чуў i Мiколка:

- Дык вось хто немцам нас павыдаваў... Малiся ж Богу, што сядзiш ты ў мяне ў вагоне, не хачу вось шуму падымаць ды iм непрыемнасцi рабiць.

Тут паказаў ён на Мiколку i на мацi.

- А цяпер глядзi: калi хоць пiкнеш слова якое пра мяне цi супроць нас усiх, цi будзеш iх вось чапаць, дык памятай: жыццё кароткае, а мы яго яшчэ табе ўкароцiм... А не верыш, дык вось панюхай!.. Гэта табе прысяга - не раскрываць нiдзе свайго паганага рота ды вымятацца самому падабру, па-здароваму са станцыi...

"Буржуй" сядзеў i пiкнуць не смеў. У яго не пападаў зуб на зуб - i ад страху, i ад здзiўлення. Не чакаў ён сустрэць тут Мiколкавага бацьку, якога лiчыў ён ужо нават загiнуўшым ад немцаў.

Бацька сунуў яшчэ раз рэвальвер у лоб "буржую" i, развiтаўшыся са сваiмi, пайшоў як нi ў чым не бывала з вагона. Перапалоханы "буржуй" прасядзеў яшчэ з паўгадзiны i толькi тады рушыў з вагона. Пайшоў моўчкi, азiраючыся за сабой, як пабiты сабака.

А вечарам прыйшлi некалькi рабочых.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке