Михась Лыньков - Миколка-паравоз (на белорусском языке) стр 23.

Шрифт
Фон

Сюды i дабралiся Мiколка, Павел i другiя рабочыя. Адсюль добра вiдаць пакгаўз i часавы, добра сачыць за кожным яго крокам. Мiколка бачыць, як у руках яго таварышаў з'яўляюцца рэвальверы. Людзi становяцца кожны на сваё месца, загадзя яму вызначанае. А самога Мiколку цiха вядуць да пакгаўза блiжэй, пад самы апошнi штабель дроў.

- Ну, цяпер дзейнiчай сам! Ды глядзi ж, не патрап пад вiнтоўку! - дае апошнiя парады брат Павел.

Мiколка ўзiраецца ў часавога, да яго якiх трыццаць цi сорак крокаў. Вiдаць толькi спiна салдата ды кончык штыка. Прыпаўшы да самай зямлi, цiха пасоўваецца Мiколка да пакгаўза, хаваючыся за раскiданыя побач каменнi. Мiколка паўзе i думае: што будзе з iм, калi заўважыць салдат, i куды трапiць нямецкая куля. Добра, каб у галаву - адразу i ўсё табе тут... А калi ў жывот?.. Гэта ж будзе балець!

Падумаў Мiколка i аж улiп у зямлю, халодным потам аблiўся, замёр на якую хвiлiну-другую. Не з-за страху за свой жывот - якi там у яго жывот! а баяўся за справу. Зварухнуў нагой нейкую бляшанку па дарозе, i яна чыркнулася аб камень, забрынчала. Салдат павярнуў галаву, нават руку да вуха прыставiў, каб спрытней учуць. Але дзе ты ўчуеш, дзе ты ўбачыш. Ляжыць Мiколка нi жывы нi мёртвы i толькi чуе, як моцна б'ецца ды вырываецца з грудзей яго маленькае сэрца.

"Эх! хаця б ды супакоiлася, а то яшчэ ўчуе немец..." - думае Мiколка ды праз шчылiну мiж каменнямi сочыць за часавым. Той ужо супакоiўся, нейкую песеньку пачаў цiха напяваць. Папоўз Мiколка далей. Вось i ганак пакгаўза. Пад ганкам можна пралезцi пад насцiл, на якi выгружаюць з вагонаў багаж, грузы. I праз якую хвiлiну быў ужо Мiколка пад ганкам i прабiраўся праз дзiрку ў цаглiнах пад самую падлогу пакгаўза. Ледзь не крыкнуў ён з перапуду, трапiўшы рукой у нешта слiзкае i халоднае. Але ўспомнiў, што i днём тут хаваюцца часам жабы, супакоiўся. Месца пад падлогай, кожную дошку самой падлогi Мiколка ведаў як свае пяць пальцаў, бо не раз рабiў ён налёты сюды са сваiмi таварышамi. Вось i гэтая дошка, якая падымаецца ўгору разам з цвiком.

Мiколку здаецца, што праходзiць цэлая гадзiна, пакуль удаецца яму падняць адзiн канец гэтай дошкi i прасунуць у дзiрку галаву. Спачатку нiчога не бачыць Мiколка, i толькi прыгледзеўшыся, ён заўважае групу людзей, якiя згрудзiлiся ў кутку на ахапках гнiлой саломы. Недалёка на сценцы мiгае закапцелы чыгуначны лiхтар. Пад iм ляжыць чалавек i, як вiдаць, не спiць, бо часта варушыцца i ўздыхае. Прыгледзеўся да яго Мiколка i пазнаў - гэта найлепшы бацькаў прыяцель, стары машынiст Арлоў. Разам з бацькам колькi пачысцiлi яны на сходах эсэраў ды меншавiкоў, тыя прымушаны былi заўсёды ледзь не ўцякаць ад рабочых пад гучны свiст, вострыя жарты i кепiкi.

Цiха падпоўз Мiколка да машынiста, асцярожна таргануў яго за рукаў. Мiколка хуценька перадаў аб усiм, сказаў, што ў дровах чакаюць яшчэ рабочыя, што трэба спяшацца, таго i глядзi, развiднее.

Доўга не збiралiся. Адзiн за адным з вялiкiмi перасцярогамi лезлi пад падлогу, па аднаму выбiралiся з-пад ганка i адтуль Мiколкавым спосабам паўзлi да дроў. Мiколка сядзеў пад ганкам i скрозь ранiшнi змрок сачыў за Паўлавымi сiгналамi. Апусцiць той руку за штабелем дроў - значыць можна паўзцi чалавеку. Падыме руку - значыць нельга, няйначай часавы ходзiць па насцiлу, над ганкам. Так i выпусцiў усiх восем чалавек, арыштаваных немцамi.

А сам затое ледзь не папаўся. Толькi высунуў ён галаву з-пад ганка, як бачыць паднятую руку Паўла. Падаўся назад Мiколка, як рак у пячору, сядзiць там сагнуўшыся, чакае i бачыць: над самым над iм сядзiць нямецкi часавы, ногi на прыступку ганка паставiў, вiнтоўку да калена прыцiснуў. Вiдаць, надакучыла яму стаяць, i, не бачачы поблiзу начальства ў такi час, рашыў ён прысесцi. Выбраў жа месца! Хоць ты бяры гэтага часавога за ногi i цягнi пад ганак. Але дзе ты пацягнеш! Сядзiць Мiколка хвiлiну, сядзiць другую, трэцюю.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке