Вінцэсь Мудроў - Помнік літары «Ў» стр 8.

Шрифт
Фон

Цётка Аўгіння дакорліва крэкнула, слязлівымі вачыма зірнула на сонца, збіраючыся чхнуць, але не чхнула і валюхастай хадою рушыла ў краму.


Да крамы ісці недалёка. Прайсці ўздоўж чыгуначнай лініі, а потым павярнуць направа. Індыкі, як заўсёды, ідуць першымі. На каляіне, уздоўж якой шкандыбаюць, стаіць таварняк з нізкімі платформамі, а ля вагонных колаў гарласта завіхаюцца каўкі ды вароны. На дварэ сярэдзіна жніўня, па чыгунцы возяць збожжа, яно сям-там высыпаецца, таму на станцыі ад самага ранку збіраюцца птушыныя грамады.

Пабачыўшы шумлівых варон, індыкі на момант забываюцца на гаспадыню, збочваюць са сцяжыны. Ім таксама карціць паласавацца крамянымі зярнятамі. Дома ж кормяць адно варанай бульбай ды сечанай крапівой з кіслым малаком, а тут такая смакоша!

Цётка Аўгіння з такой праявы нават перахрысцілася: падзякавала Богу, што сёння адна ў краму пойдзе, без гэтых недарэкаў, і, азірнуўшыся, прыспешыла крок.

Зерня было няшмат, дый дзяўбці яго было нязручна, бо яно ўбілася ў шчыліны між друзу і дзындры. А тут яшчэ вароны, сеўшы на дах суседняга вагона, незадаволена гарлалі, і індыкі, кулдыкнуўшы ў адказ, узляцелі на платформу. Думалі, можа там, на платформе, дзеўбануць зярнят, але так і застылі ў ачмурэнні, бо міма, па суседняй каляіне, з аглушальным шумам заляскатаў цягнік. Ратуючыся ад грукату і ляскату, яны прыціснулі галовы за спінамі, уражана залыпалі павекамі, і нават калі грукат заціх у далечыні і ўзняты цягніком пыл паволі асеў, індыкі доўга не маглі ачомацца, маракуючы: што гэта было? І ачуліся толькі тады, калі платформа тарганулася і прыдарожныя кусты спачатку паволі, а потым усё хутчэй і хутчэй паплылі перад вачыма.


Ля самых дзвярэй крамы цётку нагнаў надрыўны хлапечы лямант:

 Бабуля, вашы індыкі паехалі!

Два падшыванцы беглі ад станцыі, адчайна махаючы рукамі.

 Куды паехалі? На чым паехалі? улякнута-плаксівым голасам азвалася цётка, не цямячы пра што гаворка.

 У бок Азярышча! На цягніку! разам крыкнулі падшыванцы.

Цётка Аўгіння страсянула галавой, адганяючы страшную вестку, і голасна, на ўсю ваколіцу залямантавала:

 А чаго ж вы іх адтуль не сагналі-і?!

 Ды мы здалёк ужо ўбачылі, калі цягнік хуткасць набраў, пакрыўджана азваліся падшыванцы.

Усе, хто быў у краме, выкуліліся на вуліцу. Адна з жанчын, яшчэ не ведаючы, што здарылася, таксама ўголас залямантавала, а дзядзька ў ссунутай набакір чыгуначнай фуражцы, пачуўшы пра індыкоў, піхнуў у кішэню пляшку «чарніла» і глыбакадумна заўважыў:

 Кепска, відаць, кармілі, вось і паехалі шукаць лепшай долі.

Зяць, як заўсёды, сядзеў на лаве і пыхкаў папяросай. Лава стаяла каля расчыненага акна дзяжуркі, і, калі за спінай азываўся тэлефон, дзяжурны па станцыі лез у ваконны атвор і даваў загады машыністам, стоячы вокраччу на падаконні і выставіўшы ў вакно свой па-жаночы абвіслы азадак.

 Чаго ты сядзіш! яшчэ здалёк выгукнула цешча, заграбаючы нагамі шэрую пылюку.

Ад таго ляманту ў дзяжурнага галава ўехала ў плечы і з роту выпала папяроса.

 Спыняй свой цягнік! Хай бягуць шукаюць маіх саколікаў! голас цешчын набыў тым часам ужо зусім істэрычныя ноткі.

 Які цягнік?! Каго шукаць?! у зяця ўстаўбурыліся валасы на галаве і дробна задрыжэла ніжняя вусна.

Хвілін пяць цётка Аўгіння, дарэшты блытана, апавядала пра сваю бяду, а калі зяць, уцяміўшы, нарэшце, што да чаго, падабраў з-пад ног папяросу, цешча абурана ляпнула яго па руцэ.

 Ты што аглушэў, ці што з табой? Спыняй, табе кажуць, цягнік!

 Мы што, з-за двух індыкоў будзем ламаць графік руху? буркнуў зяць, залазячы ў атвор вакна, і ледзь чутна дадаў: Галосіць, што тая Гамзаціха.

Гамзаціха была іх суседкай хата яе стаяла на другім баку чыгуначнай лініі. Летась нейкія пяныя хлопцы пераехалі на матацыкле ейнага гусака, дык суседка цэлы месяц па ім галасіла.

Цётка Аўгіння плюхнулася на лаву, перавяла дых, ссунула з левага вуха хустку, каб лепей чуць зяця, які ўжо некаму тэлефанаваў.

 Мікола?! Цябе зараз у Азярышчы спыняць прабяжыся ўздоўж саставу. Там дзесьці на платформах павінны два індыкі сядзець Ну якія звычайныя паўночнакаўказскай пароды. А? Йоп.. ну звычайныя, кажу, хатнія.. Ты што, індыкоў ніколі не бачыў? Што? Чые? Ды цешчы маёй А?.. ды ніхто іх туды не садзіў, самі селі, дзяжурны па станцыі, праўдападобна, пачынаў губляць душэўную раўнавагу. Ну не селі заляцелі Што? Ды лётаюць гэта твае, можа, не лётаюць, а цешчыны праз плот сігаюць маладыя былі, дык на хату ўзбіваліся А? Ды без цешчы еду-уць, адны-ы з робленым стогнам выдыхнуў дзяжурны па станцыі і выцер халодны пот з лабешніка.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3