Вінцэсь Мудроў - Помнік літары «Ў» стр 13.

Шрифт
Фон

Я дагэтуль ніколі не танцаваў і хацеў было ціхенька куды-небудзь прыхавацца, але тут сам Гарыныч схапіў за каршэнь і паставіў у кола. Колаў было два у адным стаялі дзеўкі, а ў другім, які яго атачаў, мальцы. Уласна кажучы, гэта быў ніякі не вальс. Проста дзеўка з мальцам браліся за рукі, матлялі імі ўбокі, затым паварочваліся на 180 градусаў, ляпалі адно другога далонню ў далонь і мальцы пераходзілі да суседняй дзеўкі. Напачатку ў мяне кепска атрымлівалася. Ногі запляталіся, круціўся не ў той бок, змакрэў увесь, а потым пайшло, мне нават спадабалася матляць рукамі, але тут заўважыў, што хутка перада мной паўстане важатая з русявай касой. І вось гэты страшны момант наспеў. Важатая ўзяла мае потныя, мляўкія ад хвалявання пальцы, павяла ў адзін бок, потым у другі. «Раз, два, тры на дыбачкі; раз, два, тры на дыбачкі; пляснулі і разышліся» спявала важатая, а я стаяў ёлупнем, неадрыўна пазіраючы на два грудкі, што пукаціліся пад напятай кашуляй. Мяне пхнулі, я таксама некага пхнуў, і малады дзядзька тады яшчэ не ведаў ягонага імя, які граў на баяне, жартаўліва крыкнуў: «Дана Юреўна, кіньце зачароўваць моладзь!» Той хвіляй мне здалося, што ўвесь летнік глядзіць у мой бок. Я гатовы быў кінуцца, шукаючы ратунку, у кусты, ды тут, на шчасце, на ганку сталоўкі кухарка заляскатала лыжкай па рандолі, і ўсе кінуліся на вячэру. Ад той пары, калі чую пра Дану, вушы мае гараць пякельным агнём ад сораму, які зазнаў тады, першым днём летніка.


Мішка прыслухоўваецца, падымае ўгору палец. У лесе ўжо не чуваць баяна, адно шчабечуць птушкі.

Мы бяжым напярэхваткі, і Мішка Касач яшчэ здалёк запабежліва гамзае:

 Дзядзька Коля, вы ж абяцалі

Баяніст махае рукой.

 Ідзіце, дзяўчаты мне тут пагаманіць трэба з адным таварышам.

Дзеўкі з неахвотаю, азіраючыся, ідуць па сцяжыне, а дзядзька Коля, крыкнуўшы ім услед: «А сёмай гадзіне генеральны прагон!» хапае Мішку за чупрыну і хвацка тузае.

 Гэта табе аванс.

Тузанулі Мішку балюча, бо небарака войкнуў, потым шморгнуў носам, і дзядзька Коля, зразумеўшы, што тузануў задужа моцна, ускінуў на плечы баянныя рамяні.

 Ну, што там табе сыграць?

 «Раз (усхліп) мы шли (усхліп) по Уругваю», пакрыўджана выдыхае Мішка.

 Не, «Уругвай» больш граць не буду, а то мяне з-за тых песень таксама з летніка папруць. Як таго Ваську Чыжыка.

Дзядзька Коля керхае і, адкінуўшыся крыху назад, спявае: «Давным-давно на дальнем севере человек сидел на дереве, а под ним толпа голодная мослами била в барабан. Посиневшие от холода, зубами ляская от голода, под барабанный бой и дикий свист, они танцуют твист»

Дзядзька Коля яшчэ ніколі так шырока не расцягваў мяхі, у яго ніколі так не бліскалі вочы, і ніколі дагэтуль не спяваў ён з такім натхненнем. Я на момант забыўся пра ўсё на свеце, і ў апошнім куплеце далучыў свой голас да імпэтнай песні: «Ну укуси меня за талию, ну укуси меня за грудь!» І падалося, што я кусаю за талію Дану, і сэрца маё гатова было вырвацца з грудзіны і ляцець за небакрай.


Мяне абудзілі непрыемныя, натужліва-адрывістыя зыкі. Ну вядома, гэта салагі з трэцяга атрада апанавалі лаву пад вакном і вучацца трубіць на горне. Я задаволена пацягваюся у ложку. За ўвесь час, што знаходжуся ў летніку, упершыню заснуў па абедзе. Час гэты называецца «ціхай гадзінай», і мы мусім калі ўжо не спаць, дык прынамсі ляжаць у ложках.

«Ціхая гадзіна», падобна, даўно скончылася, бо Лёшкі і Здзіслава няма ў пакоі і іх ложкі шчыгульна запраўленыя. Поруч варушыцца Мішка Касач. Мішку таксама абудзілі гарністы. Ён здушана крэкае, падымаецца на ногі, ідзе да адчыненага вакна.

 Харэ пярдзець! крычыць Мішка, і надрыўныя зыкі аціхаюць.

Сябар плюхаецца на ложак, мы разам пазяхаем, і ў гэты момант у пакой залятае Нінка Беглік.

 Чаго ляжым? Ужо ўсе на месцы, вас чакаем

 «Отвалите скоре-ей, почтальон у двере-ей» жартам спявае сябар, і Нінка з грукатам зачыняе дзверы.

Пасля «ціхай гадзіны» мы звычайна рыхтуемся да агляду строю і страявой песні. Ідзем на пустку за школай, ходзім шыхтом па коле, і ў адказ на Нінчын вокліч: «Наш дэвіз!» бязладным хорам адказваем: «Сам памірай, а таварышу дапамагай!» Потым яшчэ, ужо зусім бязладна, спяваем «нашу» песню, ад якой я запомніў толькі першы радок: «Мы пионеры советской страны, нас миллионы!» Вось калі б дзядзька Коля збацаў пра чалавека, які сядзіць на дрэве і вакол якога стаіць галодны натоўп, тут бы мы заспявалі на ўсе застаўкі.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3