Пад вакном стаіць даўжэзная лава, якую ўпадабалі дзеўкі нашага атрада. Надумаліся зладзіць канцэрт для вяскоўцаў, і цяпер дзень да дня збіраюцца ды спяваюць розную лухту.
Мішка прачышчае горла, адчыняе вакно і, перабіваючы дзявочыя галасы, галёкае песню пра Уругвай:
Чтоб вы, черти, подавились, хоть одним моим ребром только дикий смех гориллы нарушает джунглей сон!
Мы падбягаем да вакна. Нінка Беглік круціць пальцам ля скроні, і Мішка, зарагатаўшы як гарыла, крычыць ёй наўздагон:
У каго, у цябе?
Дзеўкі ідуць у бок сталоўкі, Мішка задаволена пацірае рукі, а Здзіслаў, пачухаўшы стрыжаную макаўку, пытаецца:
А што такое Уругвай?
Горад такі, рашуча выдыхае Лёшка Лубчонак.
Які яшчэ горад? Гэта краіна у Паўднёвай Амерыцы, тлумачыць Мішка Касач, плюхнуўшыся на ложак. У іх футбольная дружына моцная. Летась, на чэмпіянаце свету, з нашымі гулялі.
Мішка вялікі аматар футбола і хварэе за менскае «Дынама». У дзядзькі Колі ёсць кішэнны радыёпрымач, дык Мішка, калі гуляюць менчукі, увесь час каля баяніста абціраецца каб футбольны рэпартаж паслухаць. Слухаюць на пару, гарлаюць, калі дынамаўцы гол забіваюць, ды ўсё нейкага Эдзіка нахвальваюць.
У расчыненыя вокны ўрываецца зычны воклік дзядзькі Колі:
Дзяўчынкі, хадзем на рэпетыцыю!
Мішка Касач падхопліваецца на ногі.
Трэба іх апярэдзіць!
Мы гамузам вылятаем у калідор. Сёння серада, дзерык паехаў у горад, а таму ёсць шанец пачуць улюбёную песню пра Уругвай.
Дзядзька Коля выходзіць на ганак з баянам пад пахай, і яго адразу ж атачаюць пяюхі. Дзеўкі апошнім часам надумаліся рэпеціраваць у лесе каб іх ніхто не чуў і не бачыў. Бо калі рэпеціравалі ў сталоўцы, мы прыліпалі да вокнаў, рагаталі і строілі гіморы.
Спазніліся, уздыхае Мішка Касач і, стукнуўшы кулаком па далоні, мармыча: Трэба будзе дзядзьку Колю ў лесе перахапіць, калі рэпетыцыя скончыцца.
Мы ўчатырох Мішка, Лёшка, Здзіслаў і я перабежкамі, сюд-туд хаваючыся за кустамі, бяжым за пяюхамі. Хочам пасля рэпетыцыі перахапіць баяніста, каб збацаў нашу ўлюбёную песню, бо ў летніку ён граць не будзе. Увязаўся яшчэ недаростак з трэцяга атрада увесь час каля нас круціцца, але Мішка даў яму ў карак ды загадаў ісці на заняткі гуртка «Умелыя рукі».
Пяюхі дарма часу не марнуюць: на хаду рэпеціруюць «Песеньку паштальёна». «Есть много профессий, хороших и важных, но я ни на что не сменяю свою. Со всеми я в дружбе, и ждёт меня каждый, и всюду я песенку эту пою», заліваецца Нінка Беглік, і дзеўкі хорам падпяваюць: «Отворите скоре-эй, почтальон у двере-эй» У гэтым месцы дзядзька Коля з шумам зводзіць мяхі.
Дзяўчынкі, пасля «отворите скорей» гучыць рэфрэн у больш высокай танальнасці ну дзядзька Коля трасе галавой, рашуча расцягвае баян, дзеўкі голасна выдыхаюць: «Отворите скорей», і Мішка Касач, вытыркнуўшыся з-за куста, спеўна гарлае: «Я вам дам пилей!»
Я ляжу пад кустом і зацкавана гляджу на Мішку. За такія словы могуць і з летніка выгнаць.
Цэлую гадзіну блукаем па лесе ды збіраем у рот чарніцы, прыслухоўваючыся да баянных перабораў. Усё ж такі вырашылі дачакацца канца гэтай чортавай рэпетыцыі.
Слухай, а табе хто-небудзь з дзевак падабаецца? далятае да маіх вушэй стоены Мішкаў голас. Пытанне гэтае Мішка, на шчасце, адрасуе не мне, а Лёшку Лубчонку.
Лёшка маўчыць, бо рот набіты чарніцамі.
А табе? ківае Мішка ў мой бок і я спалохана выдыхаю: Не-а.
А мне падабаецца, Мішка выцірае далонню счарнелыя вусны, разважаючы, відаць, ці варта дзяліцца сваёй тайнай, і рашуча выдае: Дана Харуцкая.
У-уу дык гэта не дзеўка, няўцямна азываецца Лёшка Лубчонак.
А хто? з абурэннем у голасе перапытвае Мішка.
Як хто важатая. А да таго ж, яна тут усім падабаецца, Лёшка яшчэ штосьці кажа, але я не чую, бо слых поўніцца густым звонам і кроў прылівае да твару. Заўсёды, калі чую імя важатай, мяне працінае дрыготка і потым доўга гараць вушы.
Я адразу заўважыў Дану яшчэ тады, у першы дзень, як ехалі ў летнік. Больш за ўсё ўразіла тугая русая каса, перакінутая праз плячо, і позірк яе шэрых вачэй. Цэлы дзень потым хадзіў ачмурэлы, шукаючы вачыма важатую першага атрада, а ўвечары мне надарылася шчасце патрымаць Дану адразу за абедзве рукі. А ўсё дзякуючы вальсу дружбы. Прыйшлі ў той першы дзень на вячэру, а яна яшчэ не гатовая. І Гарыныч, каб нас чымсьці заняць, пляснуў у далоні і загарлаў: «А зараз усе танцуем вальс дружбы!»