Учора ўвесь дзень было пахмурнае надворе, вецер шумеў у ліпах, а сёння цяплынь і сонца слепіць вочы.
Адразу пасля зарадкі ў летніку падём сцяга. Стаім, мружачы вочы ад сонца, і паныла глядзім, як па трубе яе злёгку перакасіла ад ветру паўзе-дрыгаецца чырвоны сцяжок. Мішка Касач кожнага разу пытаецца ў Кірпы: навошта яго кожнай раніцы ўздымаць? Ну, прыехалі ў летнік, узнялі той сцяг, і хай вісіць да канца змены. А ў апошні дзень урачыста спусцілі долу. На што важатая пагрозліва выдыхае: «Касач, я буду ставіць пытанне аб тваім выключэнні з піянерскай арганізацыі». Кажа так, нібыта Мішка нейкія там піянерскія законы парушыў. І яшчэ ўвесь час Ваську Чыжыка згадвае, якога з летніка выгналі. Быў такі на першай змене. Любіў вужоў лавіць на беразе возера: зловіць, у бутэльку запусціць і пужае ўсіх. А аднойчы даўмеўся прынесці вужа ў клас, дзе дзеўкі жылі. Можна ўявіць, які там пачаўся вэрхал! За Чыжыкам на наступны дзень маці прыехала, забрала дахаты. Але на гэтым вужачыя жарсці не скончыліся. Мішка Касач жартам паведаміў Нінцы Беглік, што вужа таго не злавілі, што ён цяпер жыве ў падвале і ноччу выпаўзае праз дзірку ў падлозе ды поўзае па школе. Нінка, вядома ж, распавяла пра тое сяброўкам, і аднойчы сярод ночы за сценкай раздаўся страшэнны віскат. Мы ўсе, у адных трусах, кінуліся ў суседні клас. Туды ж і дзерык прыбег. Аказалася, у куце кавалак вяроўкі ляжаў, а нейкай дурніцы прымроілася, што гэта вуж поўзае.
Мяне злёгку нудзіць. Відаць, ад недасыпу. Ды і есці ахвота. А тут яшчэ трэба песню спяваць: «Взвейтесь кострами, синие ночи». Я, праўда, не спяваю. Так, адкрываю рот дзеля прыліку. А вось Нінка Беглік, што стаіць перада мною, тая надрываецца. Ды яшчэ і ў ладкі бе. І не проста так, а ляпаючы далонямі над галавою. Дзядзька Коля таксама, як бачна, не выспаўся. Грае на баяне з заплюшчанымі вачыма і галаву на мех кладзе. Вось і зараз паклаў, ды, відаць, зашчаміў вуха, бо страсянуў галавой і, развейваючы сон, таксама заспяваў: «Кл-лич пионера Всегда будь готов!»
Мы ўжо збіраемся бегчы ў сталоўку, ды тут Гарыныч падымае руку.
Сёння ўпершыню прагучыць піянерская радыёгазета! Вы пачуеце навіны нашага летніка, пачуеце галасы сяброў і шмат чаго цікавага і пазнавальнага. Так што а чацвёртай гадзіне ўсім быць ля другога корпуса там будзе працаваць піянерскі радыёвузел.
Другі корпус гэта пахілая будыніна, дзе месцяцца школьныя майстэрні, а цяпер жыве малеча з трэцяга атрада. Шыбуючы на сняданак, зыркаю ў бок другога корпуса і дзівуюся: ніхто дагэтуль не раскручваў ніякага дроту, не ўсталёўваў рэпрадуктара, а вось жа а пятай гадзіне павінна загучаць піянерскае радыё. Цікава, што думае аб гэтым Мішка Касач? Мішка ідзе наперадзе, прытоеным голасам размаўляе са сваім сябруком Пецькам Іздрыкам з першага атрада. Хоць і напружваю слых, але чую толькі асобныя фразы: «Калі ўсе паснуць вылезем у вакно завешана, ды не ўсё шчыліна засталася». Я прагну даведацца навошта лезці ў вакно, кранаюся вухам Пецькавага плечука, і Іздрык балюча пстрыкае мяне па носе.
Пасля сняданка ідзем з Мішкам у свой пакой, мне карціць спытаць куды гэта яны збіраюцца з Іздрыкам лезці сярод ночы, але побач сунецца Лёшка Лубчонак, а пры ім пытацца не выпадае. І таму я пытаюся зусім пра іншае.
А чаму гэта Бздзіслаў па начах плача?
У яго ўвесну маці памерла, кажа Мішка, зганяючы з майго твару блазнаватую ўсмешку.
Як памерла? пытаюся я, на момант аслупянеўшы.
Ты што не ведаеш, як людзі паміраюць? азываецца Мішка, не паварочваючы галавы.
Душа злёгку абмірае, і ў ёй нараджаецца і набірае моцы пачуццё вінаватасці.
Здзіслаў ужо сядзіць на ложку і тупа пазірае на падлогу. Мне карціць сказаць яму штосьці прачулае, але патрэбныя словы не йдуць у галаву і я проста сядаю поруч і з вінаватай гіморай на твары тыцкаю Здзіслава ў бок. Маўляў, выбачай за мянушку; я ж не ведаў, што ў цябе такое гора. Здзіслаў ківае ў адказ, але ўрачыстасць моманту псуе дружны смех пад вакном і залівістая хуткагаворка Нінкі Беглік:
Ой, дзяўчынкі, давайце вось гэтую: «Детство наше золотое» і дзяўчынкі гамузам падхопліваюць: «всё счастливей с каждым днём, под счастливою звездою мы живём в краю родно-ом»
Пад вакном стаіць даўжэзная лава, якую ўпадабалі дзеўкі нашага атрада. Надумаліся зладзіць канцэрт для вяскоўцаў, і цяпер дзень да дня збіраюцца ды спяваюць розную лухту.
Мішка прачышчае горла, адчыняе вакно і, перабіваючы дзявочыя галасы, галёкае песню пра Уругвай: