Летнік месціцца ў вясковай школе-васьмігодцы. Наш пакой маленькі, у яго ўлезла толькі чатыры ложкі. Гэта кабінет дырэктара школы. Дарэчы, сам дырэктар працуе ў летніку старшым выхавальнікам. Завуць яго Іванам Гаўрылавічам, але міжсобку мы яго называем Гарынычам.
Поруч са мной спіць Мішка Касач. Ён з першага атрада, на год за мяне старэйшы, ды пасялілі з намі, бо ў класе, дзе месцяцца ягоныя аднагодкі, няма дзе паставіць ложак. Наша важатая (мянушка Кірпа) спачатку ўзрадавалася, думала, Мішка будзе нас выхоўваць, а цяпер скардзіцца дзерыку. Маўляў, Касач другі атрад разбэшчвае і дысцыпліну парушае. З важатай нам наогул не пашанцавала: кірпатая, непрыгожая, і тхне ад яе нейкай агідай. А вось у першым атрадзе тут я нясмела ўздыхаю важатая сапраўдная прыгажуня. Русявыя валасы ў тоўстую касу сабраныя, вейкі падфарбаваныя, і спадніца зусім кароткая. І ймя ў яе на дзіва рэдкае: Дана; і прозвішча на дзіва прыгожае: Харуцкая.
У сталовай насценгазета вісела «Юныя гвардзейцы». Яшчэ з першай змены засталася. І там Данін фотаздымак быў. Важатая на ім глядзела некуды ўгору і шчасліва пасміхалася. Дык я аднойчы, па абедзе, лязом той здымак выразаў. Увечары дзерык, калі сцяг спускалі, загадаў выйсці з шыхта таму, хто сапсаваў газету. Я, вядома, увесь схаладнеў, але з шыхта не выйшаў. Доўга потым думаў куды схаваць фотку. Пхні ў валізу, дык знойдуць ёсць у нас аматары ў чужых рэчах поркацца. Можна было, вядома, дзе-небудзь у лесе ў дупле схаваць, але хацелася, каб Данін партрэт заўсёды пад рукой быў. Вось я і прыдумаў: адсунуў ложак, надарваў каля самай ліштвы шпалеру і туды, за шпалерыну, запіхнуў фотаздымак. Цяпер, сярод ночы, не ўстаючы з ложка, магу яго выцягнуць, зірнуць і змежыць вочы, згадваючы Даніну ўсмешку.
Апрача мяне і Мішкі ў пакоі яшчэ Лёшка Лубчонак. Мы з ім вучымся ў адным класе, і нават летась сядзелі за адной партай. Але потым мяне падсадзілі да Нінкі Беглік. Нінка таксама тут, у летніку. Гэта страшэнная выскачка і даносчыца. Мішка Касач хацеў яе нават пабіць пасля таго, як яна сказала Кірпе, што мы з дзядзькам Колем у кустах «Уругвай» спявалі.
Ля супрацьлеглай сценкі, пад партрэтам Хрушчова, спіць стрыжаны вясковы хлопец з дзіўным імем Здзіслаў, якое я ўчора, пад рогат сяброў, перарабіў на Бздзіслава. Здзіслаў ні з кім не сябруе, і ніхто нават не ведае ягонага прозвішча.
Я скаланаю галавой, адганяючы начныя думкі, і заўважаю, што вецер, падобна, пачаў аціхаць. Вунь і Хрушчоў ужо не варушыць вуснамі і прыхаваўся ў змроку. Бацька мой, дарэчы, яго не надта любіць. Вершыкі, падпіўшы, чытае пра Хрушчова ды Гагарына: «Паляціш ты на арбіту, прыхапі з сабой Мікіту». Маці потым лаецца і кажа, што бацьку за такія вершы хутка пасадзяць, а наш Джэк, ірландскі тэрер, уголас падтрымлівае маці ды залівіста дзяўкае.
Я згадваю Джэка як ён ляжыць, скруціўшыся абаранкам, на сваім каберцы, і ўздыхаю.
Вецер яшчэ раз, але ціхенька, на астачу, дзынкнуў у шыбах і заціх. Пашчэнкі крывіць салодкі позех, я хачу перад сном зірнуць, у кволым святле ліхтара, на Дану, пхаю руку пад ложак, ды раптам чую, як дзесьці непадалёку, гэтак жа ціхенька шморгаюць носам і плаксіва енчаць. Патыліца мая міжволі адрываецца ад падушкі. Думаў, што ва ўсім свеце не сплю толькі я адзін, а тут пад бокам, дакладней, пад партрэтам Хрушчова, хтосьці здушана плача. Прыслухоўваюся, вызначаючы хто гэта румзае пасярод ночы, і бачу, як Здзіслаў выцірае ражком прасціны вочы ды куляецца на левы бок.
Учора ўвесь дзень было пахмурнае надворе, вецер шумеў у ліпах, а сёння цяплынь і сонца слепіць вочы.
Адразу пасля зарадкі ў летніку падём сцяга. Стаім, мружачы вочы ад сонца, і паныла глядзім, як па трубе яе злёгку перакасіла ад ветру паўзе-дрыгаецца чырвоны сцяжок. Мішка Касач кожнага разу пытаецца ў Кірпы: навошта яго кожнай раніцы ўздымаць? Ну, прыехалі ў летнік, узнялі той сцяг, і хай вісіць да канца змены. А ў апошні дзень урачыста спусцілі долу. На што важатая пагрозліва выдыхае: «Касач, я буду ставіць пытанне аб тваім выключэнні з піянерскай арганізацыі». Кажа так, нібыта Мішка нейкія там піянерскія законы парушыў. І яшчэ ўвесь час Ваську Чыжыка згадвае, якога з летніка выгналі. Быў такі на першай змене. Любіў вужоў лавіць на беразе возера: зловіць, у бутэльку запусціць і пужае ўсіх. А аднойчы даўмеўся прынесці вужа ў клас, дзе дзеўкі жылі. Можна ўявіць, які там пачаўся вэрхал! За Чыжыкам на наступны дзень маці прыехала, забрала дахаты. Але на гэтым вужачыя жарсці не скончыліся. Мішка Касач жартам паведаміў Нінцы Беглік, што вужа таго не злавілі, што ён цяпер жыве ў падвале і ноччу выпаўзае праз дзірку ў падлозе ды поўзае па школе. Нінка, вядома ж, распавяла пра тое сяброўкам, і аднойчы сярод ночы за сценкай раздаўся страшэнны віскат. Мы ўсе, у адных трусах, кінуліся ў суседні клас. Туды ж і дзерык прыбег. Аказалася, у куце кавалак вяроўкі ляжаў, а нейкай дурніцы прымроілася, што гэта вуж поўзае.