Зява другая
1263 год
Нальшчаны. Маёмасць нальшчанскага князя Даўмонта. У сваім пакоі сядзіць жонка князя Агна і плача. Уваходзіць Даўмонт.
Даўмонт(падыходзіць да Агны, прыпадае на адно калена і бярэ яе за руку):
Любая мая, што здарылася? Чаму ты плачаш?
Агна(усхліпваючы):
Мар-Мар-Марта
Даўмонт:
Што з ёй?
Агна:
Яе больш няма
Даўмонт:
Адкуль Адкуль ты ведаеш?
Агна:
Прыехаў пасланец ад караля. Паведаміў, што сястры больш няма і-і-і што я запрошана на пахаванне.
Даўмонт(абдымаючы Агну):
Калі для цябе гэта цяжка і ты не хочаш гэтага бачыць, можаш не ехаць, я папярэджу Міндоўга.
Агна:
Не. Не трэба.
Даўмонт:
Ты ўпэўнена? Ты ж ведаеш, у мяне зараз, на жаль, хапае неадкладных спраў, і я не змагу паехаць з табой.
Агна:
Так. Я сама паеду. Я паеду
Дзея трэцяя
Зява першая
1323 год
Навагрудак. Невялічкая мясцовая карчма. Румбольд, Богуш і Нарбут заходзяць у яе і сядаюць за стол.
Богуш:
Хоць штосьці ў гэтым жыцці не змяняецца. Колькі часу мінула, а наша любімая карчма выглядае менавіта так, як і дзесяць гадоў таму.
Румбольд:
Што ёсць, тое ёсць.
Нарбут:
Чулі апошнія навіны? Давыд Гарадзенскі гераічна разбіў дацкае войска пад Псковам.
Румбольд:
Мяне ўжо гэтым не здзівіць. Я, як упершыню Давыда ўбачыў, адразу зразумеў, што ён мужны ваяр. Недарма мудры вялікі князь Гедымін з ім парадніўся. З яго боку было вельмі прадбачліва ажаніць з Давыдам сваю дачку.
Богуш:
Так, гэта цяпер усе гэта разумеюць, але ж тады было шмат незадаволеных. А зараз нават складана сказаць, ад шлюбу якой з дачок Гедыміна карысці для дзяржавы больш. (Ён пачынае загінаць пальцы.) Данміла пабралася шлюбам з Вацлавам, князям плоцкім, Марыя з Дзмітрыем Міхайлавічам Грозныя Вочы, вялікім князям цвярскім і ўладзімірскім. Такое сваяцтва, безумоўна, узмацніла нашу дзяржаву. Але, на мой погляд, не так моцна, як шлюб з Давыдам.
Румбольд:
Дакладна! На першы погляд можа падацца, што сын здрадніка, звычайны гарадзенскі кашталян не варты стаяць у адным шэрагу з такімі вялікімі і ўплывовымі князямі. Аднак мудры Гедымін, як заўсёды, усё прадбачыў.
Нарбут:
Карчмар, піва нам!
Богуш:
Між іншым, вы чулі, што распавядае народ пра нашага князя і пра горад, які ён загадаў пабудаваць на рацэ Вільні?
Румбольд:
Не. Няўжо нешта кепскае?
Богуш:
Не, вядома не! Кажуць, што наш князь паляваў побач з тым маляўнічым месцам, і калі пасля палявання ён застаўся там пераначаваць, нібыта ўбачыў дзіўны сон.
Румбольд:
Які?
Богуш:
Кажуць, яму прымроілася, што на гары, якая знаходзілася побач з ім, стаяў велізарны воўк у латах, які выў настолькі гучна, нібы там былі тысячы ваўкоў. А раніцай ён папрасіў аднаго са сваіх жрацоў патлумачыць яму гэты незразумелы сон. Як жа было імя гэтага жраца? Не магу згадаць.
Нарбут:
Ліздзейка Калі верыць чуткам.
Богуш:
Мажліва, што і Ліздзейка. Дык вось, гэты самы Ліздзейка патлумачыў, што воўк у латах гэта замак і горад, якія пабудуюць на гэтым месцы. А выццё гэта слава, вядомасць і пашана, якую будзе мець гэты неверагодны горад па ўсім свеце. Князь яго паслухаўся і без вагання загадаў неадкладна пачаць будаваць горад.
Румбольд:
Слухай, Нарбут, а чаму цябе не было тады на тым паляванні з вялікім князем? Чаму там быў нейкі іншы жрэц?
Нарбут:
У мяне былі больш адказныя і важныя справы, чым розныя там забавы. І вялікі князь гэта добра ведаў, таму і ўзяў з сабой гэтага Ліздзейку
Богуш(са смехам):
Глядзі, Нарбут, зараз з-за сваёй ганарлівасці застанешся без славы. А Ліздзейка, мажліва, увойдзе ў гісторыю, і яго імя, мабыць, будуць ведаць праз стагоддзі і нават тысячагоддзі.
Нарбут:
Цьфу ты. А яна хіба мне патрэбна, гэта слава? Ад яе часам шкоды нашмат больш, чым карысці. І ніхто не зможа прадбачыць, да чаго яна можа прывесці. Слава падчарка гісторыі. А гісторыю, як вядома, пішуць тыя, хто перажыў усіх іншых сведак, тыя, у каго больш уплыву на наступныя пакаленні. І ніхто не ведае, як пра той жа новы горад і пра тых, хто загадаў яго пабудаваць, будуць казаць у будучыні. Мабыць, яго, ды не дазволяць гэтага багі, захопяць ворагі і будуць сцвярджаць, што гэты горад належаў заўсёды ім. Мабыць, яны падаруюць гэты горад нашым саюзнікам, каб пасеяць паміж намі варожасць і нарадзіць спрэчку? І тады нашы нашчадкі, верагодна, будуць праклінаць усіх тых, хто быў звязаны з гісторыяй гэтага горада. Ці, мабыць