А навошта ёй было ўсё гэта? задышліва перабіла Макеіха.
А каб на варажбу спакусіць. Падкоціцца потым да тых маладзіц і сакоча: «Дайце, мілыя, на вашы рукі зірнуць ды па іх вашыя імёны назваць». Тыя і цягнуць далоні. Цікава ж, як гэта па руцэ можна імя вызначыць. Ну а потым і па грошы лезуць даведацца, як там далей жыццё складзецца.
Во як людзей дураць! засакатала, што тая цыганка, Макеіха. Я ж летась таксама ля вакзала ішла. І таксама цыганка прычапілася. Дай, кажа, пяць тысяч скажу табе, чым сэрца супакоіш. А не дасі заўтра ж паралізуе.
І што дала?
Дала! А куды дзенешся? А як і папраўдзе якіх урокаў падпусціць?
За вокнамі знянацку пацямнела, і далёка дзесьці глуха і важна бухнуў гром.
Я ж казала навальніца будзе, Аўрора Леанідаўна паднялася з крэсла, ды Макеіха схапіла яе за руку:
Пакуль дабяжыш змокнеш уся. Лепш на сённяшні дзень паваражы. Абяцала ж
Гром бухнуў другім разам, цяпер ужо больш зычна і раскаціста. Аўрора Леанідаўна з відочнай неахвотай расклала карты, потым зірнула ў пацямнелае акно, за якім з шалёным гудам праехала іншамарка, і раптам, паказаўшы вачыма на чырвовую дзясятку, рашуча паведаміла:
Цябе павязуць на казённай машыне.
На твары варожкі адбілася ліловая водцень бліскавіцы, і гэта надало моманту жудаснай урачыстасці. Макеіха паспрабавала ўсміхнуцца, але ўсмешка атрымалася разгубленай і насцярожлівай.
А куды ж гэта мяне павязуць? Ці не на машыне з елачкамі?
Ціпун табе на язык, прамармытала былая настаўніца, хацела яшчэ нешта сказаць, ды тут знадворку так гакнула, што са столі, акурат на чырвовую дзясятку, сыпанула пацяруха.
Вятрыска шпурнуў у аконную шыбу жменю лёгкага пяску, следам паляцелі галінкі ссохлай вішні, што стаяла пад вокнамі, па даху штосьці настойліва заляскатала ці не адарвалася шыферына, і Макеіха, падхапіўшыся на ногі, улякнута заенчыла:
Авой-авой, а ў мяне ж парнік не зачынены! Парве ветрам! Па-старэчы трымаючыся за паясніцу, хістаючыся, як качка, Макеіха кінулася ў сені.
Плашч накінь, змокнеш! крыкнула ўслед ёй Аўрора Леанідаўна і таксама падалася з хаты.
Поліэтыленавы парнік і сапраўды хадзіў ходырам і ўжо гатовы быў сарвацца з месца. Макеіха толькі і паспела прычыніць парніковыя дзверцы, як наляцела залева. Буйныя кроплі секанулі па твары старой нават падалося, што гэта былі не кроплі, а дробныя каменьчыкі, і сярод пошуму ветру і лапацення кропель па напятым поліэтылене пачула немы вокліч:
«Глянь, ляціць!» І цяжка было зразумець, хто гэта крыкнуў: ці то суседка Аўрора, што стаяла на ганку, ці то сам Пярун са свайго грымотнага прадоння.
Штосьці вялізна-шаргатлівае мільганула над галавой, і ў той жа момант усё знікла: і сагнутыя ў дугу бярэзіны на ўзмежку агарода, і разюшаныя бліскі маланкі ў небе, і попельна-шэрая завеса дажджу навокал. Стала задушна, цёмна, і толькі кроплі-шраціны аглушальна ляскаталі дзесьці над самай галавою.
«Смертухна мая прыйшла», з гэтай думкай старая прапаўзла пару метраў, але тут жа і самлела, тыцнулася носам у качан лапушыстай капусты.
Дзе ты? крыкнула тым часам Аўрора Леанідаўна, але вокліч яе пакрыў аглушальным выбух грому.
Напачатку Аўрора падумала, што Макеіха прыхавалася ад дажджу пад піўным намётам, што гэтак дарэчы абрынуў з неба, а потым, крыкнуўшы яшчэ раз, з жахам падумала, што небараку прыбіла маланкай.
Дождж лупіў як мае быць, і на двары ўтварылася разлеглая лужына, якую разюшана бамбардзіравалі непамерна вялікія кроплі. Аўрора скочыла з ганка, паслізнулася, плюхнулася ў лужу. Памкнулася ўстаць, ды неба над галавой раздзерла траскучая маланка, і выбірацца з лужы давялося на карачках.
Сцяна дажджу была такой шчыльнай, што за два метры не было нічога бачна, дый вочы засцілі струмені вады. Залева прыбіла піўную летамку да зямлі, яна пляската ляжала на лехах і толькі ў адным месцы прыкметна пукацілася.
Ці жывая ты? запыталася Аўрора, абмацаўшы Макеішын азадак. І праз шалёнае лапаценне дажджу аб цырату Аўроры падалося, што пад намётам ціха застагналі. Кабета адкінула намёт, схапіла небараку пад пахі, паспрабавала сцягнуць з капусных лехаў.
Суседаўна, чуеш? толькі не памірай!
Макеіха, падобна, была жывая, бо пад пахамі ў яе было цёпла і вусны злёгку варушыліся. Падцягнуўшы суседку да паркана, Аўрора зморана плюхнулася на лясе, уголас пралепятала:
Божухна, а куды ж я цябе цягну?