Сухарэбрыца варажыла на картах. Паслініўшы палец, былая настаўніца спрытна ператасавала карты, працягнула калоду Макеісе.
Здымі
Макеіха тыцнула калоду закарузлым мезенцам
Колькі разоў казаць: ад сэрца трэба здымаць, ад сэрца, з панікай у голасе азвалася Аўрора Леанідаўна і, ператасаваўшы калоду, зморана выдыхнула: Божухна, задуха якая навальніцай пахне.
Па тэлевізары казалі: без ападкаў, Макеіха зацята глядзела тэлевізійныя навіны і, як і ўсе астатнія пенсіянеркі Прафінтэрнаўскай вуліцы, верыла кожнаму прамоўленаму па целеку слову.
Карты паклаліся роўным шыхтом, і варожка ўстурбавана шморгнула носам.
Ізноў нейкія слёзы, нейкія непрыемныя размовы
А з кім жа я буду размаўляць? Макеіха абмахнулася хусцінкай, выцерла пот з ілба.
А вось з гэтай званковай дамай.
Ці не з Хадорыхай? старая абурана пачухала бульбаваты нос. Але мы з ёю яшчэ пазаўчора аб усім пагаманілі. Я ж табе распавядала? Кот яе ў мяне трох пісклят падушыў. Пайшла да яе і кажу: калі яшчэ раз твая кацяра паганая на мой двор забяжыць, прыбю паленам, так і знай Цяпер во галосіць ад самага ранку.
Аўрора Леанідаўна адарвала нос ад карт:
Што, з-за ката?
Ды якога ката Піўнушку каля хаты ставяць. Цяпер во баіцца, што ёй пянтосіны плот пазасцыкваюць. А то яшчэ і ў агарод увабюцца.
А колькі ж гэта ўжо тых піўнушак паставілі? Аўрора Леанідаўна шоргнула пальцамі па калодзе, няўцямна замармытала: На Савецкай адна на Урыцкага, каля базара, другая
Раней хоць гарэлку з «чарнілам» пілі, а цяпер адно піва жлукцяць, перабіла няўцямны пералік Макеіха. Дый якое там піва я ж памятаю, як мой дзед варыў: і ячмень прарошчваў, і хмель збіраў-сушыў, і ваду цягаў з крыніцы. А цяпер што? Бухнуць ў чоп якой брыды, спірту дабавяць і гаўнянай палкай перамяшаюць. А то яшчэ і насцуць туды каб лепш брадзіла.
Пачуўшы пра такую тэхналогію, Аўрора Леанідаўна прыціснула далонь да рота, а Макеіха баднула галавой:
Ну, што там яшчэ наварожыш?
Былая настаўніца хвіліну змагалася з ірвотнымі сутаргамі, вочы яе звільгатнелі, напоўніліся слязьмі, нарэшце засяродзіліся на крайняй карце.
Табе увесь час перашкаджае вось гэты віновы ніжнік.
Калі б толькі перашкаджаў Ён мяне зусім са свету зжывае, каб хату на сябе перапісаць.
Хто, зяць?
А хто ж яшчэ Нядаўна пайшоў у адпачынак. Думала, ён мне дах падрамантуе цячэ каля коміна. А ён, падлюга, да свайго стрыечнага брата паехаў у адведкі. Брат ягоны ў акадэміі выкладае, ну ў той, дзе заатэхнікаў вучаць. Казаў, на тры дні паеду, а тут і тры дні няма, і чатыры, і пяць І мабільнік не адказвае. Люда мая ўся знервавалася, паехала ў тую усё забываю назву горада. Карацей, адчыніла дзверы, а падлюга ляжыць пяны, і язык набок. Брат выкладчык у акадэміі, экзамены прымае. Ну, гэтыя старшыні калгасныя, ці як іх там цяпер называюць, прывезлі самагонкі аж дзве каністры. Падлюга і пачаў іх апаражняць І на сямю забыўся, старая плаксіва смарканулася ў прыпол хвартуха. Паваражы ж ты мне, Леанідаўна, калі ён ужо да смерці дапецца.
Я на смерць не варажу, а па-другое, карты кажуць толькі пра таго, чыя рука іх здымае.
Макеіха чарговым разам абмахнула ўпрэлы твар.
Не надта я веру тым картам. Нічога ж канкрэтнага ты мне не сказала. Можаш, напрыклад, сказаць: што са мною сёння надарыцца?
Аўрора Леанідаўна рашуча згарнула карты ў столку. Твар яе спахмурнеў, ніжняя губа па-дзіцячы закапылілася, а нос стаў яшчэ больш вострым.
А цябе цікавіць канкрэтыка? пальцы з нервовым спрытам перамяшалі калоду. Тады здымі левай рукой.
Угледзеўшы крыўду на твары варожкі, Макеіха кашлянула ў далонь, настроіла голас на ліслівы лад:
І дзе ты, Леанідаўна, так спрытна варажыць навучылася? Варожка неўпрыкмет уздыхнула.
У цыганкі.
У цыганкі? Макеіха гэтак жа неўпрыкмет перахрысцілася.
Даўно гэта было Жылі непадалёку ад вакзала, а я, дзеўчынёха, любіла на паравозы глядзець, часцяком на вакзале круцілася. І вось аднойчы падышла да мяне цыганка і кажа:
«Хочаш пеўніка пасмактаць?» Пеўнікі ў нас тады прадаваліся, на палачках памятаеш? Аўрора Леанідаўна на імгненне змоўкла, пасля чаго загаварыла скорагаворкай і з незразумелай рэзкасцю. Зайшлі ў пачакальню, цыганка кіўнула на дзвюх кабет. «Сядзеш ззаду і паслухаеш, пра што яны гамоняць. І, галоўнае, даведайся як іх завуць. Яны ж адна адну па імені называюць»