Вінцэсь Мудроў - Забойца анёла (зборнік) стр 20.

Шрифт
Фон

Куляюся на левы бок, і дзесьці непадалёку, усё адно як з матчынай спальні, гучаць прыглушаныя галасы.

 Куды ты? Сёння ж кантрольная па матэматыцы!  гэта Мішкаў голас.

 Я буду сумаваць без цябе,  адзываецца з-за сценкі Галка Патрыкеева.

Сэрца маё вылятае з грудзіны, і я адчуваю, што правальваюся ў цёмную бяздонніцу. Цела робіцца бязважкім, скроні казыча цёплы ветрык, я штосьці крычу Галцы, ды не чую ўласных словаў, бо яны застаюцца недзе там, высока над галавой. Міма мяне святлявымі вужакамі ляцяць каляровыя агні. Неўпрыкмет іх лёт запавольваецца, цела наліваецца цяжарам, ветрык ужо не казыча скроні, і нечыя моцныя рукі хапаюць мяне за калашынне штаноў. У жаху заплюшчваю павекі, а калі зноў расплюшчваю, бачу перад сабой нечыя смяшлівыя твары. Мяне ляпаюць па шчоках, і адзін з чатырох маладых дзядзькоў, што схіліліся нада мной, з панікай у голасе выдыхае:

 Жывы!

Галава мая злёгку кружыцца, я выціраю ўпрэлы лоб і, толькі ўгледзеўшы электрагітары, якія трымаюць мае выратавальнікі, пазнаю музыкаў тых самых, з падзёртай капэрты.

 А чаму вы тут, у Амерыцы? Вы ж ангельскі ансамбль.

 На гастролі прыехалі, а тут бачым нехта з таго боку Зямлі ляціць,  весела азываецца дзядзька ў тонкім, пад самае горла швэдры, і я пазнаю Джоленана.

 Адчайны ты хлопец скочыў у яму, а яна 12 тысяч кіламетраў глыбінёй,  з захапленнем прамаўляе Джоленан і тут жа пытаецца: А скуль ведаеш, што мы ангельскі ансамбль?

 Дык вас усе ведаюць. У сённяшняй «Літаратурцы» артыкул змясцілі. Напісалі, што праз пару гадоў будзеце па шынках жабраваць. Толькі вы на тых пісак не крыўдуйце. Яны ж вашых песень, відаць, і не чулі.

 А ты што, збіраешся назад ляцець?  пытаецца Джоленан.

Я моўчкі ківаю ў адказ, і свядомасць маю апаляе панічная думка: «А як я дакажу, што бачыў Бітлз? З мяне ж толькі пасмяюцца». Наагул, я не люблю нічога прасіць, але тут выключны выпадак.

 Ці не маглі б вы мне падараваць сваю кружэлку? У брата ёсць адна, але русічка капэрту падзерла.

 На жаль, мы з сабой кружэлак не носім,  з уздыхам прамаўляе Джоленан і нечакана здымае з шыі электрагітару.  На вось, аддай брату.

Я спалоханымі вачыма гляджу на гітару, потым на Джоленанавых сяброў, і тыя ўхвальна ківаюць галовамі.

 Бяры, бяры,  кажа Рынгастар,  гэта падарунак ад усіх нас.

Я бяру гітару. Яна цяжкая, і ад рэменя прыемна пахне навюткай скурай.

 А можа, застанешся?  пытаецца Джоленан.  Сходзіш на наш канцэрт

Я рашуча трасу галавой. Як я магу застацца, калі там, на другім канцы Зямлі, мяне чакаюць Мішка Зыль і Галка Патрыкеева?

Я павінен усё запомніць: рамонкавую паляну, празрыстае неба, вялізную яму з брустверам свежай зямлі па краях. Музыкі стаяць каля яміны дакладна ў тых жа паставах, што і на капэрце. Я нават заўважаю, што Джоленанавыя нагавіцы пукацяцца на каленях.

Набіраю поўныя лёгкія паветра, нырцую ў апраметную, і слых мой поўніцца злавесным гудам электрабрытвы. Гэта Юрка голіцца ў ванным пакоі. Я пасміхаюся спрасонку. Ну што там галіць так, адзін пух на барадзе, але братан шторанку зумкае электрабрытвай. Відаць, таму, што зумкалкі такой няма ва ўсім горадзе. Шведская, з ратацыйнымі лёзамі. Бацька прывёз з-за мяжы.

Юрка гучна, са свістам, дзьмухае выдзімае з брытвы пух, і неўзабаве крычыць:

 Уставай, лежань!

Я падымаюся, у два крокі падыходжу да серванта, уважліва гляджу на фотаздымак, і мне здаецца, што Джоленан пазмоўніцку міргае мне правым вокам. Хоць і спраўна склеіў капэрту, але месца разрыву белай рысай бяжыць па паперы і верхні край прыкметна пакамечаны. Я азіраюся ці не йдзе братан і тут жа спалохана падскокваю: гэта кот Маркіз вырашыў пацерціся аб маю голую галёнку.

Карты не хлусяць

Па абедзе ўсчалася задуха і паветра стала такім густым, што яго, здаецца, можна было памацаць рукамі. Вуліца Прафінтэрнаўская ўражвала сваёй пустэльнасцю нават куры, тутэйшыя заўсёднікі, некуды пахаваліся,  і толькі ў дальнім яе канцы, насупраць харчовай крамы, завіхаліся трое мужчынаў. Мужчыны ставілі піўную летамку даўжэзную, падобную да авіяцыйнага ангара, з малюнкам пеністага кухля на тарцы і надпісам «Богров» на франтоне.

Вуліца была спрэс забудаваная драўлянымі хацінамі, і ў адной з хат трэцяй па ліку, калі лічыць ад крамы,  сядзелі дзве старыя кабеты. Адна з іх, Макеіха, мажная целам і з твару непрывабная; другая, Аўрора Леанідаўна былая настаўніца на два гады маладзейшая, густа-сівая, сухарэбрая і, як той Бураціна, вастраносая.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3

Популярные книги автора