Вінцэсь Мудроў - Забойца анёла (зборнік) стр 17.

Шрифт
Фон

 А вось гэта што? Гэта пес

 Ці-ік!  гарлаем на ўвесь клас, і Капіталіна Іванаўна, ляпнуўшы ўказкай па стале, штораз заўважае: Каролік! Навошта так гучна? Я не глухая.  Пенсіянерка згадвае звычайна толькі мяне, нібыта толькі я адзін і крычу.

Сёння сяджу ціха, маракуючы, якім чынам героі Жуля Верна маглі б прабіць тоўшчу антарктычнага лёду.

Усё ж такі цікава б было сустрэцца з Жулем Вернам. Зайшлі б з ім у Мішкаву кватэру, уключылі тэлевізар. Вось бы падзівіўся стары. У Мішкі класны тэлевізар: «Тэмп-6». Мы з братам таксама марым набыць такі.

Суседка Галка тыцкае мяне локцем, і я трасу галавой.

 Каролік! Ты што там, заснуў? Ану паўтары: хто апыляльнік канюшыны?

 Чмялі, падказвае Галка Патрыкеева, і я з неахвотаю прамаўляю: Ну, чмялі

 А чаму менавіта яны?

Галка штосьці шапоча, але батанічка папераджальна стукае ўказкай па стале, і суседка змаўкае.

 І аб чым ты ўвесь час марыш?  выдыхае Капіталіна Іванаўна, і Мішка Зыль гукае ад задняй парты:

 Марыць даляцець да цэнтра Зямлі і вылецець у Амерыцы наперад нагамі!

У класе смяюцца.

Гляджу праз плячук на сябра: той з вінаватым выглядам тузае плечукамі, маўляў, а што я такога сказаў? Ёсць у Мішкі такая паганая звычка пацвельваць сяброў.

 Так, а цяпер адгарніце падручнікі на 45-й старонцы,  пажвавелым голасам прамаўляе Капіталіна Іванаўна, але гучыць званок, і мы падхопліваемся на ногі.

Наступны ўрок геаграфія. Хоць я і не дзяжурны, але іду ў настаўніцкую, прачыняю дзверы і адшукваю вачыма геаграфічку Ксенію Спірыдонаўну. Тая, стаўшы рукі ў бокі, штосьці распавядае дырэктарцы.

 Я ёй, Наталля Леанідаўна, кажу: як табе не сорамна, васьмікласніцы, так фарбавацца. А яна рукі вось так у бокі, узяла і скрозь зубы адказвае: а для чаго тады макіяж прыдумалі? Што яшчэ за макіяж? Я і слова такога не ведаю

Кашляю ў далонь, і Ксенія Спірыдонаўна, азірнуўшыся, паказвае рукой на парэпаны шыфаньер.

 Вазьмі, Каролік, фізічную мапу СССР. Вунь яна, у трубку скручаная. І схему артэзіянскага калодзежа.

 А глобус браць?  пытаюся я.

 Вазьмі, прамаўляе, не гледзячы на мяне, дырэктарка Наталля Леанідаўна. Ёй відавочна карціць пачуць, што было далей.

З глобусам у руках і з фізічнай мапай пад пахай выходжу ў калідор і сутыкаюся з Мішкам Зылём.

 Чаго гэты ты ўсхапіўся? Сёння ж я дзяжуру,  Мішка вінавата адводзіць вочы.

 Не, нездарма цябе кампазітарам Падкавыравым завуць,  я даю Мішку несці фізічную мапу і, пазіраючы на глобус, прыкідваю дзе можа выйсці шахта, калі яе пачаць капаць у нашых мясцінах.

 А што я такога сказаў?  Мішка бяжыць поруч, спрабуючы зазірнуць мне ў вочы.  Ты ж сапраўды марыш патрапіць у цэнтр Зямлі.

 Я не мару, а даследую праблему,  папраўляю сябра: гэты мудрагелісты выраз я пачуў аднойчы з вуснаў Мішкавага бацькі, і ён мне вельмі спадабаўся.

У класе стаўлю глобус на стол і, прыціснуўшы палец да цэнтра Еўропы, пераконваюся, што другі канец шахты губляецца ў бязмежных акіянскіх прасторах. А вось праз полюсы ніякай шахты і капаць не трэба. Зямная куля працятая там бліскучым стрыжнем.

Вакол мяне збіраецца купка аднакласнікаў.

 Чаго, Лёня, глобус торгаеш?  пытаецца Пецька Мацапура. Пецьку я недалюбліваю, бо той задавака і хлус.

 Вывучае праблему падарожжа да цэнтра Зямлі, тлумачыць Мішка Зыль, але ўжо голасам спакойным і разважлівым.

 Як гэта?  Пецька дробна міргае вачыма.

 А вось так Пракопваем праз цэнтр Зямлі шахту

 Чым, рыдлёўкай?  перабівае мяне Мацапура, і я не ведаю, як адказаць задаваку.

 Мы разглядаем не практычны, а тэарэтычны бок праблемы,  прыходзіць на выручку Мішка. Слоў такіх Мішка, вядома, нахапаўся ад бацькі. Ты вось, Мацапура, адкажы Калі скочыць у такую шахту ці вылеціш на другім канцы?

 Вылеціш,  без вагання адказвае Мацапура,  і не проста так, а наперад нагамі.

 Вось гэта нумар!  захоплена выдыхае другагоднік Васька Хвошч.  Скочыў у трубу і адразу ў Амерыцы!

 Слухайце сюды,  кажа Мішка Зыль і малюе крэйдай на дошцы вялікае кола.  Вось гэта Зямля, вось тут  Мішка перацінае кола пункцірнай лініяй,  мы прабіваем шахту і скочым у яе наперад нагамі. Дык вось, мы да Амерыкі не даляцім. Будзем лётаць туды-сюды, пакуль не захраснем у цэнтры Зямлі. Сябрук, няйначай, паўтарае тое, што дачуўся ад бацькі, выкладчыка транспартнага тэхнікума.

Я таксама хапаю крэйду.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3

Популярные книги автора