Ай-я-яй! Падслухоўваюць чужыя размовы! Як не сорамна! прыбіральшчыца ідзе па калідоры, піхаючы перад сабой швабру з мокрай анучай.
Прыбіральшчыца штосьці абурана прамаўляе нам услед, але мы не чуем: бяжым з Мішкам па лесвіцы, ляпаючы па парэнчах вільготнымі далонямі.
Як ты думаеш, бацькам паведамяць? ужо на ганку пытаецца сябар.
Я торгаю плечукамі.
Табе добра. Бацька ў моры. Забыўся ўжо, калі цябе лупцавалі, гугніць сябар, ды, злавіўшы мой незадаволены позірк, аціхае.
Мой бацька рыбак. Ужо трэці год плавае на сейнеры. Летась цэлае лета быў з намі, а сёлета не прыехаў. Адно прыслаў поштай на братава імя дзевяцьсот рублёў. Маці хацела грошы назад адаслаць, ды Юрка не даў. Наогул маці на бацьку страшэнна злая. Як пабачыць ліст з Вентспілса, так адразу рве, не чытаючы. Так што, ідучы ў школу, я заўсёды зазіраю ў паштовую скрыню а раптам пісьмо ад бацькі?
На гадзінніку палова на дзявятую. Гэтым часам маці збіраецца на працу. Зрэшты, цяпер яна не адна: з кухні даносіцца голас цёткі Акуліны Мішкавай маці.
Там, у портах, столькі сучак круціцца Ты сабе і ўявіць не можаш. Так што любога абкруцяць
Маці з суседкай грукаюць услонамі, выходзяць з кухні.
Што, ужо скончыўся ваш збор? пытаецца цётка Акуліна, і я, сцягваючы кеды, няўцямна мармычу:
На заўтра перанеслі.
Сябрук, як ішоў у школу, наплёў пра збор. Не казаць жа, што нас ад самай раніцы выклікалі да дырэктаркі.
Пайду Мішку пакармлю, ад парога азываецца суседка і, сцішыўшы голас, дадае: Так што, Фруза, не перажывай. Пагуляе ды вернецца.
Праз пяць хвілін маці ідзе на працу, і я сядаю за стол. Сёння серада. Першы ўрок батаніка. Трэба штосьці пачытаць. Перагортваю падручнік, тупа гляджу на кветку канюшыны ў разрэзе і пераводжу позірк на братаў прайгравальнік. Прайгравальнік навачасны, маркі «Камета» Юрку падараваў бацька. А нядаўна, замоўленай бандэроллю, прыслаў замежную кружэлку з дзвюма песнямі «Бітлз». Як толькі яна зявілася, у нашай кватэры не зачыняліся дзверы: кружэлку пераслухаў ледзь не ўвесь Юркаў чацвёрты курс. Пару чалавек прыцягвалі магнітафоны, а акулярысты бамбіза з суседняга падезда Юрка кажа, што ён фотамастак, прыходзіў з вялізным фотаапаратам і пераздымаў капэрту, у якую ўкладзена кружэлка. Капэрту таксама ўсе перагледзелі-перамацалі. Цяпер стаіць у серванце, за шклом, і Юрка не дазваляе яе адтуль выцягваць.
Спаўзаю з крэсла, падымаю накрыўку прайгравальніка, але кружэлкі на дыску няма. Няма і капэрты за шклом. Брат, відаць, прыхапіў на заняткі.
Вучыць батаніку зусім неахвота. Дый вочы смыляць ад недасыпу: учора цягаўся да ночы, а сёння падняўся з цёмнага рана. Кладуся на сваю ўлюбёную канапу, закідваю рукі за галаву і думаю пра тое, што русічка да Амерыкі і сапраўды не даляціць. Вунь, ля 19-й школы, дзядзька ўпаў у каналізацыйны люк і то апынуўся ў рэанімацыі. А тут шахта глыбінёй 12 тысяч кэмэ. Заплюшчваю вочы і ўяўляю, як падхорцісты, у высокім цыліндры і з рэдкай бародкай амерыканец такіх увесь час малююць у карыкатурах зазірае ў цёмную зеўру шахты і ў лабешнік яму стукае русічкін туфель. Амерыканец ловіць яго няўклюднай рукой, штосьці абурана гарлае я нават чую ў зямных нетрах глухое рэха, і шпурляе абутак назад у шахту. Амерыканец пацірае лабешнік. Добра яшчэ, туфель быў пры канцы лёту, згубіў былую хуткасць. Ху іс эбсэнт тудэй?! гучна крычу амерыканцу і заўважаю ў яго руках бліскуча-чорную бомбу. На баку бомбы як падалося, Мішкавай рукой крэйдай напісана літара «А». Падхорцісты падлюка хоча кінуць яе ў шахту, каб тая гакнула на нашым баку. Сіт стыл! Оупэн ё бук! гарлаю штосілы і размежваю павекі Кот Маркіз, пабачыўшы, што я прачнуўся, трэцца вусамі аб ножку крэсла, бязгучна яўкае просіць даць смятаны. Здаецца, і заснуў на хвіліну, а на гадзінніку палова на адзінаццатую. Трэба збірацца ў школу.
Батаніку ў нас вядзе Капіталіна Іванаўна. Сухарлявая і задышлівая пенсіянерка. Ад яе манатоннага голасу кожнага разу цягне на сон. І калі добрая палова класа пачынае торкаць насамі, пенсіянерка прахопліваецца, тыцкае ўказкай у схематычную выяву кветкі, што вісіць на дошцы, і голасна прамаўляе:
Вось гэта што? Гэта тычы
Нка-а! абуджана гукаем мы.
А вось гэта што? Гэта пес
Ці-ік! гарлаем на ўвесь клас, і Капіталіна Іванаўна, ляпнуўшы ўказкай па стале, штораз заўважае: Каролік! Навошта так гучна? Я не глухая. Пенсіянерка згадвае звычайна толькі мяне, нібыта толькі я адзін і крычу.