Вінцэсь Мудроў - Забойца анёла (зборнік) стр 15.

Шрифт
Фон

 Што, перапудзіўся?  пытаецца Мішка, спрабуючы пасміхнуцца. Сябрук і сам, відаць, перапужаўся, бо ўсмешка ягоная нежывая і насцярожлівая.

На шчасце, далёка не йдзём. Якраз на ўскрайку ляжыць, вывернуты з магілы, металёвы, звараны з тоўстай трубы крыж. Удвох падхопліваем яго, выцягваем на дарогу. Крыж і без таго цяжкі, а тут яшчэ да ніжняга канца прыстала бетонная камлыжына. Яна барануе зямлю, не дае разагнацца. Цягнуць крыж дварамі, па ўтравелых сцяжынах, не выпадае, таму шыбуем напрасткі, па асфальтавым ходніку.

Нябачная ў цемры варона ці не тая, што пужала нас на могілках, ляціць над нашымі галовамі, картава гарлае, і нейкая цётухна ў чорным палітоне, якая шыбуе насустрач, адскоквае ўбок і хрысціцца.

Цягнем крыж за будынак школьнай спартзалы, ставім старчма, збіраемся перавесці дух, ды тут надараецца неверагоднае: з задніх дзвярэй спартзалы, што заўсёды стаяць замкнёныя, выходзіць русічка Марковіч. Пакуль яна папраўляе валасы на галаве і абівае спадніцу, мы ціхенька, каб не нарабіць груку, кладзем крыж на асфальт, мерымся сігануць у кусты і чуем зычны голас:

 Зыль! Каролік!

Следам за русічкай з дзвярэй асцярожнай ступою і азіраючыся выходзіць настаўнік фізкультуры Міхал Карпавіч.

 А што ж гэта робіцца?!  не сваім голасам войкае русічка.  Міша э-ээ Міхал Карпавіч. Зірні на сваіх выхаванцаў! Вывернулі з магілы крыж і цягнуць у школу! Зараз жа цягніце назад!

 Нінэль Іванаўна, можна крыху цішэй?  Выцершы насоўкай упацелы лоб, Міхал Карпавіч ідзе да нас, падхоплівае крыж, цягне да бліжэйшых кустоў. Адзін прыперлі ці некалькі?

 Адзін!  выдыхаем мы з Мішкам і разам паглядаем спадылба на русічку. Тая таксама злёгку ўпацелая, і ў валасы ўбіўся кавалак шэрай ваты. Няйначай, кулялася на ліхенькіх школьных матах.

 Так заўтра а восьмай гадзіне чакаю вас ля дырэктарскага кабінета,  русічка змахвае вату з валасоў.

 Ды хлопцы металалом збіраюць. Ну, крыху перастараліся. Ці варта шум уздымаць?..

 Міхал Карпавіч я вас папрашу,  перарывае калегу русічка, а Мішка Зыль, шморгнуўшы носам, заўважае: Мы ў другую змену вучымся.

 Паўтараю: а восьмай гадзіне прыйсці да дырэктара! Русічка рашуча паварочваецца, цокае па асфальце туфлямі-лодачкамі. Міхал Карпавіч яшчэ імгненне стаіць нерухома, а потым, пацёршы няголеную шчаку, нясмелым крокам рушыць следам.

Наступнай раніцы мы стаім з Мішкам насупраць дырэктарскага кабінета: глядзім на падлогу, стоена ўздыхаем.

 Што, салагі, дастукаліся?  гукаюць хлопцы-старшакласнікі, якія гаманкой чарадой праходзяць міма.

А восьмай гадзіне гучыць званок, і няўцямны гул ды лямант, якімі поўняцца калідоры, паволі аціхаюць. Дзесьці на доле яшчэ тупаюць, голасна смяюцца, потым бразгаюць дзвярыма, і ўсё змаўкае.

Я апускаюся на калені, прыпадаю вухам да замочнай шчыліны. Чутны толькі асобныя фразы.

 Наталля Леанідаўна, я сапраўды заклікала збіраць металалом. Але ж пры гэтым не заклікала выкарчоўваць крыжы з магілаў, сакоча Чыпаліна.

На лесвіцы чуюцца нечыя крокі, і мы адскокваем ад дзвярэй. Па калідоры, спінай да нас, тупае школьная прыбіральшчыца з вядром і швабрай у руках, і я ізноў прыпадаю да шчыліны.

Гэтым разам прамаўляе дырэктарка:

 Думаю, у гэтым ёсць і наша віна. Бо мы, педагогі, не прышчапілі вучням  чаго там нам не прышчапілі, я не дачуўся: Мішка адцягнуў мяне ад дзвярной шчыліны і сам прыхінуўся да яе скронню.

 Ну, што там?  шапчу я. Сябар, прыклаўшы палец да вуснаў, утрапёна лыпае вачыма.

 Дырэктарка кажа трэба крыж некуды вывезці. І арганізаваць суботнік на могілках,  шапоча нарэшце сябрук і адскоквае ад дзвярэй.

Адскочыў Мішка своечасова, бо ў той жа міг дзверы адчыніліся і ў пройме паўстала дырэктарка школы Наталля Леанідаўна.

 Зыль і Каролік? Пяты «А»? Мы ківаем галовамі.

 Які ў вас зараз урок?

 У другую змену вучымся,  адказвае Мішка. Дырэктарка дакорліва ківае галавой, і я не магу ўцяміць: у чым яна нас дакарае. У тым, што мы прыцягнулі крыж з могілак ці таму, што вучымся ў другую змену.

 Добра,  з уздыхам прамаўляе дырэктарка.  Ідзіце, рыхтуйцеся да заняткаў. Я з вамі пагаманю пазней.

Дзверы прычыняюцца, і я, счакаўшы хвіліну, ізноў прыпадаю да замочнай шчыліны.

 Мы нічога не павінны пускаць на самацёк,  кажа Наталля Леанідаўна, стукаючы абцасамі па падлозе.  Вы чулі, што надарылася ў 19-й школе? Вучні сцягнулі на металалом накрыўку каналізацыйнага люка, і туды ўпаў мужчына. Сківіцу зламаў, ляжаў у рэанімацыі Мішка цягне мяне за рукаво, і за спінай адзываецца школьная прыбіральшчыца.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3

Популярные книги автора