Рыгор запаволіў хуткасць, і першыя зярняты з лёгкім храбусценнем перацёрліся на мліва. Гукі гэтыя лагодзілі слых. І наогул, малоць каву на старажытным млынку было надзвычай прыемным заняткам, і калі хвілін праз пяць гаспадыня зайшла ў кухню, госць адказаў ёй белазубай, па-дзіцячы наіўнай усмешкай.
У гэтым была нейкая зачараванасць, нейкае насланнё. Рыгор круціў корбу, і разам з корбай круціліся кухонныя сцены, газавая пліта, насценны гадзіннік, двухкамерная лядоўня «Ака», і ўвесь свет раскручваўся навокал, і кружэнне гэтае спынілася толькі тады, калі за спінай бразнулі дзверы і хтосьці голасна вымавіў ягонае імя.
Гэта была Зіначка: яна з нецярплівасцю ляпала па далоні донцам меднай туркі.
Зіначка яшчэ крыху, малітоўна прашаптаў Рыгор і, звёўшы вочы да пераносся, са здзіўленнем адзначыў, што паспеў змалоць толькі жменьку кававага зерня.
Каб не разагнаць, не расплюхаць неасцярожным рухам зачаравання, Рыгор заплюшчыў вочы і шчасна ўсміхнуўся. Ён вырашыў змалоць увесь пачак.
Рыгор Мікалаевіч вы паўтары гадзіны круціце мне заўтра на працу, пачулася над вухам, але гэтым разам Рыгор нават не азірнуўся. Прыкусіўшы губу, ён малоў каву, і выгінастая корба ў той момант рабіла 1560-ы абарот.
Потым гаспадыня яшчэ пару разоў заходзіла ў кухню. Змучаным голасам казала, што ў яе хворае сэрца, што ёй трэба класціся спаць, тэлефанавала Рыгор чуў краем вуха Еўдакеі Ферапонтаўне, нарэшце сунялася, і ў Рыгора застракатала ўваччу. Зярняты ператварыліся ў прусакоў, заварушыліся перад носам; госць страсянуў галавой, і ў гэты момант млынок вырваўся з рук і важка абрынуўся на галаву. Адзінае, што госць паспеў заўважыць, гэта металёвую корбу, якая, мільгануўшы перад носам, гучна ляснулася ў насценны гадзіннік.
Стрэлкі гадзінніка застылі на лічбе «12», кухонныя сцены спынілі кругабег, пагрозліва атачыўшы Рыгора з усіх чатырох бакоў. Сусвет перастаў круціцца вакол Палярнай зоркі, замёр на імгненне, і за каршэнь Рыгораў струменьчыкам пасыпалася кававае мліва.
Хвіліну ён сядзеў, утуліўшы галаву ў плечы, потым асцярожна, з утуленай у плечы галавой, устаў і, як той самнамбул выставіўшы наперад рукі рушыў да дзвярэй.
У суседнім пакоі здушана плакала Зіначка.
Варятка, вырвалася з Рыгоравай душы, калі ён выходзіў з кватэры.
Дыхнуўшы прахалоды, кандыдат памацаў пабітую макаўку, выцягнуў са штаноў край кашулі, спрабуючы вытрусіць кававае мліва, але яно прыстала да потнага карка і раздражняла нервы. Раздражнялі і туфлі, якія раптам пачалі ціснуць. Кандыдат памкнуўся зняць іх і закінуць у прыдарожныя кусты, ды ўгледзеў, што насунуў не на тую нагу. Ён сагнуўся, тузануў непадатны шнурок, і на мысок стаптанай туфлі адна за адной упалі дзве скупыя халасцяцкія слязіны.
Палёты праз цэнтр Зямлі
А. М.
Кто же они, эти загадочные «жуки», имеющие такую фантастическую популярность? спросит читатель. Увы, это всего-навсего английский эстрадный ансамбль «Битлз» (жуки), состоящий из четырёх человек Трое с гитарами, один ударник и все четверо чуть было не сказал поют! Трудно себе даже представить, какие звуки издают эти люди под собственный аккомпанемент, какое содержание в этих опусах.
Бедные, наивные «жуки»! Вы, наверно, твёрдо уверены, что всё это слава, бешеные деньги, рёв и визг поклонников, визиты к королям всё это навсегда и по заслугам. Но готов биться об заклад, что протянете вы ещё год-полтора, а потом появятся молодые люди с ещё более дурацкими причёсками и дикими голосами, и всё кончится!..
Никита Богословский. Из жизни «пчёл» и навозных «жуков» («Литературная газета», 1964 г.)Сонца паволі, як бы з неахвотаю кранаецца шторы, і ў квадраце святла паўстае Юркава постаць. Братан з шумам перагортвае старонку.
«Для плазмасвідара з паветрана-віхравой стабілізацыяй дугі і паветраным ахаладжэннем хуткасць свідравання ў грана ээ у грана-ды-я-рытах сягае чатырох з паловаю метраў у гадзіну пры дыяметры свідравіны да 130 міліметраў», уголас мармыча братан і соладка пазяхае.
Юрка вучыцца на чацвёртым курсе інстытута. Заўтра ў яго залік па новых метадах свідравання. Стрэлкі гадзінніка, які вісіць над Юркавым сталом, паказваюць палову на адзінаццатую, і з галавы маёй яшчэ не выпетрыліся рэшткі сну, у якім я прабіраўся бясконцай пячорай да цэнтра Зямлі.
Юр, гукаю я, масіруючы далонямі заспаныя вочы.