А вось і мы! гукнуў кандыдат, злавіўшы вокам смочкі грудзей, што прабіваліся праз сукенку, і элегантным рухам дзвюма рукамі перадаў даме кветкі.
Ой, Рыгор Мікалаевіч ну навошта такія выдаткі? з інтанацыяй лёгкай панікі прамовіла жанчына, прыціснула да твару бутоны і, увабраўшы носам паветра, прашаптала: Божухна, які пах!
Рыгор Мікалаевіч пераступіў парог, другім разам перавёў дых і толькі тады згадаў, што прыйшоў на спатканне ў туфлях на босую нагу. Шкарпэткі ён набыў па дарозе, ды забыўся нацягнуць, і цяпер застыў ля дзвярэй, чакаючы, калі гаспадыня сыдзе з калідора. Тая, аднак, не сыходзіла.
Ну што ж вы, Рыгор Мікалаевіч, не саромейцеся. Будзьце як дома. Вось вам тапкі, гаспадыня кватэры нагнулася, яшчэ раз прашаптала: Які пах! падсунула да Рыгоравых ног мяккія жаночыя тэпці.
Госць муляўся ля ўвахода, і гаспадыня, па-свойму зразумеўшы сітуацыю, адчыніла прыбіральню
«Лажануўся», падумаў Рыгор, нацягваючы шкарпэткі і, каб пераканаць гаспадыню, што яго прыперла ўсяго толькі па малой патрэбе, спусціў ваду і выслізнуў з прыбіральні.
Калі б вы ведалі як я люблю жоўтыя ружы! Зіначка завіхалася недзе ў кухні, і Рыгор, дастаўшы з поліэтыленавай торбы бутэльку шампану, агледзеўся. Пасярод пакоя стаяў сервіраваны на дзве персоны стол. На стале гарэлі васкоўкі, і палахлівыя вогнікі цьмяна бліскалі на металёвым цэптэраўскім посудзе, на ножках высокіх фужэраў, на баку пузатай бутэлькі. «Cаmus» мільганулі ўваччу залацістыя літары, і Рыгор, уздыхнуўшы, прысуседзіў да пляшкі дарагога французскага каньяку бутэльку таннага айчыннага шампану.
Наступнай хвілінай госць з юрлівай асалодай назіраў, як гаспадыня ўкараноўвала стол букетам апырсканых вадою ружаў. Пад сукенкай Зінчынай былі толькі ажурныя трусікі, і Рыгор, пабачыўшы гэта, няўлоўным рухам правёў рукой па тым месцы, дзе паўставаў з небыцця апрэлы дручок.
Ад выпітага кружылася галава і злёгку зыбалася падлога.
Еўдакея Ферапонтаўна шмат пра вас казала, гаспадыня кватэры каторым ужо разам наблізіла твар да ружаў.
А што канкрэтна? госць у сваю чаргу паднёс да носа фужэр, удыхнуў шакаладны пах каньяку.
Замест адказу жанчына апусціла вочы, прыкусіла ніжнюю губу, і Рыгор зразумеў, што Зіначка забегла сёння на кафедру не выпадкова.
Госць, з адчуваннем лёгкай перавагі (сам ён абараніўся яшчэ пазалетась), змяніў тэму гаворкі:
Ну, а як кандыдацкая?
Засталося стылістыку паправіць адказала Зіначка, і Рыгор падскочыў у крэсле.
Стылістыку? Ды я яе ўжо траім правіў! кандыдат памкнуўся зараз жа ўзяцца за справу, але гаспадыня яго спыніла.
Ну што вы, Рыгор Мікалаевіч у нас яшчэ будзе час жанчына папоўніла ягоны келіх, ці не так?
Полымя ўсіх трох свечак гайданулася, твар гаспадыні дзіўным чынам засвяціўся знутры, і душу Рыгораву працяў нервовы халадок.
Зіначка у нас наперадзе цэлае ён не дагаварыў: захлынуўся ад хмельнага шчасця, якое аж па край напоўніла грудзіну.
Рухавыя вогнікі свечак мільганулі ў жаночых вачах, і Зіначка падхапілася на ногі. Яна відавочна хацела адцягнуць, затрымаць хвіліну галавакружных прызнанняў.
А вы памятаеце, Рыгор Мікалаевіч, дзеля чаго я вас запрасіла?
Рыгор Мікалаевіч пянавата таргануў плячыма.
Хацела пачаставаць каваю. Ды не паспела змалоць, гаспадыня выйшла на кухню і ўжо адтуль казала госцю, так што закасвайце рукавы. Цэлы пачак сёння купіла.
Госць кульнуў дзеля смеласці фужэр каньяку, кінуў у рот скрылёк цытрыны і таксама падаўся на кухню.
Зіначка сядзела на кукішках і поркалася ў кухонным буфеце.
Кавамолка, праўда, дапатопная. Яшчэ ад прадзеда засталася, Зінчын задок напята пукаціўся, і Рыгор, аблашчыўшы вачыма спакуслівую лагчынку, што падзяляла яго на дзве палавіны, аж застагнаў ад юрлівай змогі. Каб пачак змалоць, трэба круціць цэлыя суткі.
Кавамолка была і сапраўды дапатопная. Шэрая, з рэшткамі лаку, яна нагадвала мініяцюрную катрынку, і, здавалася, крутні выгінастую корбу і кавамолка абзавецца зыкамі. Рыгор агледзеў млынок з усіх бакоў і на прыбітай спадыспаду блямбе разабраў зацёрты надпіс: «Заводъ Везувій. 1904 годъ».
Гаспадыня засыпала ў кавамолку жменю пахкіх зярнят, і госць з шалёным імпэтам крутнуў корбу.
Не так шпарка, Рыгор Мікалаевіч. Круціць трэба паволі, каб зерне паспявала патрапіць у жорны.
Рыгор запаволіў хуткасць, і першыя зярняты з лёгкім храбусценнем перацёрліся на мліва. Гукі гэтыя лагодзілі слых. І наогул, малоць каву на старажытным млынку было надзвычай прыемным заняткам, і калі хвілін праз пяць гаспадыня зайшла ў кухню, госць адказаў ёй белазубай, па-дзіцячы наіўнай усмешкай.