Макс Шчур - Ліст, знойдзены на папялішчы (зборнік) стр 9.

Шрифт
Фон

Уласна, пра тое, што гэта паэтка, а не паэт, я даведаўся не адразу пасьля таго, як прачытаў наступнае прызнаньне:

Цябе кахаць прычынаў столькі ўсякіх,
Ды толькі я чаму?  табе да сракі.
Шмат рэчаў ёсьць, якіх я не люблю,
Ды ад цябе й дзеля цябе перацярплю.
Я міма йду чаго вароціш голаў?
Я не красуня так, але й ня голем

Гэты верш па-мойму, адзін з найлепшых,  быў неўзабаве незваротна замазаны якаснай, відавочна, дарагой чорнай фарбай, купленай за бацькоўскія грошы верагодна, таму, што ў ім, як на густ мясцовых падлеткаў, было замала вульгарызмаў. Той самы лёс напаткаў і верш на сьмерць ейнага сябра й аднагодка Вашка (ягонае імя я даведаўся з прысьвячэньня):

Жыў аднойчы просты хлопец,
He любіў жыцьця. Так жыць,
Ён сабе падумаў, хопіць:
Вырашыў сябе забіць.

I аднойчы, y аўторак,
Зь сьвету ён навечна зьнік:
Меў у думках вэрхал, морак,
Скочыў проста пад цягнік.

Я не пасьпеў завучыць усяго тэксту, бо ён быў даволі доўгі памятаю толькі, што сканчаецца ейная фрэска наіўна-манумэнтальным:

Часам дастаткова хвілі,
Каб кагосьці мы спазналі,
Толькі каб пасьля забылі
Цэлага жыцьця замала.

Пасьля гэтага выпадку я, як сумленны зьбіральнік фальклёру, перапісаў усе ейныя вершы ў сшытак (у мяне не такая добрая памяць) у пярэрвах між электрычкамі, калі на прыпынку нікога не было, і ніхто мне не замінаў, апрача грукатаньня таварнякоў, што акурат у той час пралятаюць празь вёску, сьпяшаючыся адвезьці чорт ведама куды нафту, новыя машыны «Шкода» й іншы гломазд пад адзін зь іх і скочыў той «просты хлопец», які «не любіў жыцьця». Людзі, што несупынна пілі піва ў бары на другім баку чыгункі, назіраючы за мной, напэўна, лічылі мяне вар'ятам. Кім лічылі яе, калі яна гэта пісала?

Я ўдзячны ёй за тыя гадзіны, што ў агульнай суме правёў на прыпынку ў чаканьні цягніка, чытаючы ейныя радкі, ад якіх цнатліва адварочваліся добра выхаваныя тутэйшыя грамадзяне абодвух палоў. Празь ейнае захапленьне паэзіяй я маю адчуваньне, што ў гэтай вёсцы ў мяне ёсьць сяброўка. Часам мне хочацца, каб яна была суседзкай дачкой, а ейныя вершы аб каханьні былі прысьвечаныя мне. Хто ведае мажліва, так яно і ёсьць.

P. S. У момант, калі вы маеце магчымасьць прачытаць гэтыя словы на паперы, будкі болей няма: колькі месяцаў таму прыпынак «мадэрнізавалі», старую каменную хацінку дарэшты зьнесьлі на працягу двух дзён, а ейныя колішнія падмуркі заклалі брукам, на якім цяпер красуе шкляны акварыюм для пасажыраў. Пісаць на шкле нязручна, таму пасьлядоўнікаў у вясковай паэткі няма хаця дзеля гонару мясцовых тынэйджэраў трэба дадаць, што яго ўжо некалькі разоў разьбівалі.

II. Жанравыя практыкаваньні

Зьвяз патрыётаў

Сапраўдную і насамрэч Ерэтычную прычыну таго, чаму я хачу тут застацца, я яму адкрыць ня мог, бо ён, як Зямляк, мог мяне выдаць.

Гамбровіч, «Транс-Атлянтык»

1

Абсяг пад блакітным небасхілам быў падзелены напалам: палову займаў зялёны акіян, палову белае места. У месцы сутыкненьня двух мораў, мора хваляў і мора стрэхаў, якія супольна займалі ўвесь акаём і сягалі да далягляду, зь берагу на карабель быў пракладзены тонкі масток, што на кароткі час злучыў між сабою два сьветы: тутэйшы сьвет міру й цішыні і яшчэ адзін, далёкі, напалову зруйнаваны, спапялёны й вылюднелы ад мору вайны. На людзей, якія кіраваліся з карабля на новую зямлю, сьведкі іхнае «высадкі» пазіралі зь недаверам, нібы прыежджыя былі носьбітамі згаданага мору й зьбіраліся занесьці яго сюды, у шчасную й бестурботную краіну пад субтрапічным сонцам. 3 нагоды прыбыцьця новай партыі эмігрантаў партовая ахова была нават узброеная карабінамі на ўсялякі выпадак.

Людзі пачалі памалу спускацца ўніз, цягнучы на сабе й за сабою, у руках і пад пахамі свае валізы й клункі. Выгляд места й порта іх натхніў, нават крыху напалохаў сваёй бязьмежнасьцю. Яны крочылі асьцярожна, увесь час пазіраючы ўніз і баючыся ступіць не туды пасьля тыдняў марской гойданкі. Сярод іх амаль не было жанчын ані дзяцей: калі не лічыць некалькіх падлеткаў, гэта былі амаль адны мужчыны сярэдняга веку, у кірзавых ботах з запраўленымі пад халяўкі нагавіцамі, у каптурках, у зрэбных кашулях, расшпіленых сьпінжаках.

Адзін зь іх, які йшоў наперадзе зь невялічкай зграбнай валізкай, запыніўся, прыклаўшы далонь да твару, каб захіліць пякучае сонца, і разгледзеў унізе вялікі гурт тутэйшых жыхароў: тыя, падалося яму, трымалі ў руках кавалкі чырвонай тканіны й махалі імі, ці то нібы адганяючы гарачыню, ці то нібы дражнячы вандроўных на капыл матадораў. Мужчына заплюшчыў і зноў расплюшчыў вочы чырвоныя анучы ня зьніклі. Уздыхнуўшы, ён рушыў уніз.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3

Популярные книги автора