Макс Шчур - Ліст, знойдзены на папялішчы (зборнік) стр 10.

Шрифт
Фон

Адзін зь іх, які йшоў наперадзе зь невялічкай зграбнай валізкай, запыніўся, прыклаўшы далонь да твару, каб захіліць пякучае сонца, і разгледзеў унізе вялікі гурт тутэйшых жыхароў: тыя, падалося яму, трымалі ў руках кавалкі чырвонай тканіны й махалі імі, ці то нібы адганяючы гарачыню, ці то нібы дражнячы вандроўных на капыл матадораў. Мужчына заплюшчыў і зноў расплюшчыў вочы чырвоныя анучы ня зьніклі. Уздыхнуўшы, ён рушыў уніз.

3 натоўпу пачуліся сьвіст і крыкі на нейкай незразумелай паліцыянтам мове:

 Гэй, вы! Фашысты! Чаго прыехалі?

 Едзьце назад! Тут вам месца няма!

 Здраднікі! Дамоў! Пад суд!

У адказ ім з трапу азвалася незадаволенае:

 Чаго ж вы ня едзеце?

 Мы тут дома!  запярэчыў хтосьці, але яго заглушылі іншыя галасы:

 Вядома, паедзем! А што? Чаму не?

Тым часам мужчына з валізкай ужо ступіў на зямлю, але не пасьпеў ён стаць на яе абедзьвюма нагамі, як нейкі маладзён з шэрагу разявакаў (відаць, не зусім цьвярозы) падскочыў да яго й плюнуў яму ў вочы, верагодна, баючыся ў іх зазірнуць:

 Вось табе, падла фашысцкае!

Чалавек зьбялеў. Нічога не адказаўшы, ён павольна ўзьняў руку, выцер рукавом сьліну з твару, выцер потную далонь аб нагавіцы, вінавата пасьміхнуўся й раптоўным, амаль ня бачным, затое ўсімі добра пачутым рухам заляпіў крыўдзіцелю ў храпу. Той ад нечаканасьці не ўтрымаўся на нагах і ажно сеў на сраку. Такога нахабства ад новапрыежджага ніхто не чакаў. Убачыўшы гэткую наравістасьць, сябры пакрыўджанага падляцелі да падарожнага й наваліліся на яго. Бабы ўзьнялі крык, чырвоныя сьцягі замітусіліся ў паветры зь яшчэ большым імпэтам, чым дагэтуль. Ля самага трапу ўтварылася гурба народу, што замінала праходу астатніх. Паліцыянты паспрабавалі страляць у паветра, але лезьці ў гушчу падзей не хацелі.

Праз агульную сумятню і гармідар з другога краю натоўпу да трапу пачаў прадзірацца агромністы чалавек пад два мэтры ростам, у белым капелюшы й такім сама гарнітуры натоўп нечакана лёгка прапускаў яго, таму здалёк ён быў падобны да магутнага плыўца, што расьсякае ўзмахамі рук хвалі людзкіх галоваў. Ён кіраваў да эпіцэнтру сутычкі, дзе чацьвёра дужых малойцаў усё яшчэ тузаліся з новапрыбылым хуліганам: з вышыні свайго росту волат добра мог бачыць усю сцэну ад самага пачатку.

 Ану, прэч ад яго, сволачы!  узьняў ён голас.  Зараз усіх у паліцыю паздаю! Я вам дам, сваяка майго лупцаваць! Офісьяль!

Адзін з нападнікаў, узяты двухмэтровым чалавекам за каўнер, адразу перастаў тузацца й бездапаможна прахрыпеў:

 Прабачце Я ня ведаў, што ён ваш сваяк, сэнёр Мялешка

Усе тыя гарланы з чырвонымі сьцягамі, што трымаліся ад сцэны наводдаль, зарагаталі як адзін:

 Бач ты яго Сэнёр Мялешка Які ён табе сэнёр? Taxi сама беларус, як і ты

2

 Дык як вас зваць?  спытаўся Мялешка ў новапрыбылага, што, адышоўшыся ўбок, абтрусваў з разадранага на рукаве сьпінжаку рэшту пылу.

 Паскевіч,  адказаў той. Зь першага погляду Мялешка зрабіў выснову, што ягонаму ўратаванцу гадоў сорак, ня меней, таму як старэйшы ён мусіў пачувацца ў сваёй цяперашняй сытуацыі досыць няёмка.  Скажыце Чаму вы за мяне заступіліся?

 Чаму?  зьдзівіўся Мялешка.  А вы б за мяне не заступіліся? Вы былі адзін, іх чацьвёра Пашанцавала вам, што я там выпадкова апынуўся. Ад няма чаго рабіць, калі шчыра. Балазе, вольнага часу цяпер хапае На сваіх, так сказаць, вырашыў паглядзець што за людзі Пайду, думаю, зірну: землякі ж! Мясцовыя кажуць: адтуль, маўляў, цяпер едуць спрэс паліцаі, калябаранты, фашысты Уяўляеце, мы тут у сваёй Аргентыне ніколі жывога фашыста ня бачылі! Вы не фашыст, часам? Жартую, жартую Есьці, дарэчы, хочаце?

Паскевіч паціснуў плячыма.

 He адмовіўся б

 To хадземце да аднаго знаёмага фашыста даруйце, італьянца. Тут побач у яго рэстарацыя. Запрашаю вас на піццу

 Ну, не хацелася б адразу па прыезьдзе напівацца A вось пад'есьці

Мялешка зарагатаў.

Рэстарацыя была сапраўды побач, і праз хвілінаў дзесяць ён ужо мог з задавальненьнем назіраць, як згаладалы суайчыньнік прагна, але бязгучна сіляе мінэстру ў чаканьні спагецці, якім ён урэшце аддаў перавагу перад ляпёшкаю з падазронаю назвай.

 Смачна?

 Угу,  прамыкаў Паскевіч і адклаў яшчэ мокрую лыжку на кавалак белага хлеба, не наважыўшыся яе аблізаць. Ягоныя закарэлыя пальцы крыху трымцелі.

 Доўга ехалі?  амаль ласкава запытаўся Мялешка.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3

Популярные книги автора