Чакайце Але калі вы лічыце мяне забойцам, чаму вы імкняцеся мне дапамагчы?
Як вам сказаць Як чыстага лёгіка мяне цікавіць тэхнічны бок справы, вашая матывацыя не павінна мяне так ужо абыходзіць, але, ведаючы Галавача, я ўпэўнены, што яна ў вас была Хаця й, натуральна, ня ў вас аднаго. Хто ведае, калі б я пайшоў тады з вамі, я, магчыма, таксама б яго застрэліў, паспрабаваў пажартаваць Бяляцкі. Хіба толькі, калі б я хацеў яго застрэліць, то дакладна ня дзейнічаў бы так бяздумна, як вы, спадзеючыся на ўдачу Аднак спадарыня Фартуна, трэба сказаць, зь нейкай загадкавай прычыны была ў той вечар на вашым баку. Тое, што вы здолелі яго забіць, а пасьля яшчэ й зьнікнуць зь месца злачынства, іначай як цудам не назавеш, a паліцыя, як вядома, ня схільная верыць у цуды ёй прасьцей верыць у вінаватасьць Мялешкі.
Паскевіч сядзеў, угнуўшы плечы пад цяжарам аргумэнтаў Бяляцкага, і ня ведаў, ці варта яму наагул апраўдвацца. Урэшце, ён схамянуўся:
Слухайце, Вы кажаце, што ведалі Галавача хіба ён сам ня мог, так бы мовіць, вынесьці сабе сьмяротны прысуд зь нейкай прычыны?
Бяляцкі адмоўна пакруціў галавой.
Ён быў ня той чалавек, каб страляцца. Але ў пэўным сэнсе вы маеце рацыю. Галавач быў залішне прыкметнай публічнай асобай, так што рана ці позна зь ім мусіла нешта адбыцца.
Паскевіч зазірнуў яму ў вочы:
Карацей кажучы, вы лічыце мяне агентам балынавікоў?
Крый бог! усклікнуў Бяляцкі. Я мяркую, што ў вас з Галавачом ці Бальцаровічам, калі ўжо называць рэчы сваімі імёнамі, былі асабістыя рахункі. паводле маіх зьвестак, падчас акупацыі ён быў кіраўніком гітлераўскай паліцыі ў Маладэчанскай акрузе. Як гэта ні дзіўна, вы таксама паходзіце з-пад Маладэчна, ці ня праўда? Хаця гэта можа быць і супадзеньнем
Як я раней не здагадаўся горка ўсьміхнуўся Паскевіч. Вы выдалі сябе, Бяляцкі. Гэта вы агент бальшавікоў. Іначай адкуль бы вы ведалі ўсё тое, што ведаеце? Можа, якраз вам і даручылі яго прыбраць? Таму вы хочаце «дапамагчы» мне ўцячы, каб пасьля сьпіхнуць усю віну на мяне
Гм, ды вы, я бачу, майстар прыдумляць сабе алібі, ацаніў ягоны досьціп Бяляцкі. Які год таму, неўзабаве пасьля прыезду Галавача, я моцна паспрачаўся зь ім наконт палітыкі. 3 таго часу я быў, бадай, адзіным, хто ня верыў у ягоны патрыятызм Але ягоная біяграфія не цікавіла мяне, як і ён сам, да самай ягонае сьмерці. Даведаўшыся пра тое, што Мялешку падазраюць у забойстве, я пазваніў у Англію аднаму знаёмаму, які ведаў Галавача яшчэ як Бальцаровіча, і мае даўнія падазрэньні пацьвердзіліся. У мяне папросту тая загана, што я ня веру ў выпадковасьць.
Вось, змрочна прамовіў Паскевіч, працягваючы Бяляцкаму шклянку з хінэбрай. Піце.
Дзякую, не адмовіўся Бяляцкі. Спадзяюся, што вы мяне не атруціце. За вашае здароўе.
Паскевіч перакуліў у сябе шклянку.
15 красавіка, тры з паловай гады таму, сказаў ён. У сорак трэцім, значыцца. Пасьля таго, як партызаны забілі немца, у вёску прыбылі некалькі эсэсаўцаў і аддзел паліцаяў. Усіх мужчын сабралі каля касьцёлу, пашыхтавалі й пагналі на бліжэйшую чыгуначную станцыю. Усіх астатніх старых, дзяцей, жанчын сагналі ў хлеў, абклалі сенам і падпалілі, каб ня траціць набояў. Паскевіч выцягнуў з-пад падушкі фатаздымак і працягнуў яго Бяляцкаму. Гэта яны: мая Хрысьця з малой Алесяй Перад вайной здымаліся, у Маладэчне. Цяпер ёй было б трынаццаць
Паскевіч адвярнуўся да вакна. Бяляцкі ўзяў фатаздымак. На ім былі жанчына ў простай хустцы й дзяўчынка ў стракатай спаднічцы, абедзьве чамусьці ў валёнках. Жанчына ўсьміхалася, дзяўчо сур'ёзна пазірала ў аб'ектыў.
Надламаны голас Паскевіча прыглушана адбіваўся ад шкла:
Выкананьнем загаду кіраваў асабіста Бальцаровіч. Мы, мужчыны, выпадкова даведаліся аб усім яшчэ ўвечары таго самага дня, калі стаялі на чыгунцы Найгоршае пекла за ўсю вайну было ў тым вагоне. На наступны дзень нас вывезьлі ў Нямеччыну, на прымусовыя працы. Два гады ў голадзе, холадзе, пад бамбёжкамі Зрэшты, пра гэта я ўжо распавядаў Але паверце, цяпер я не шкадую ніводнага дня, адпакутаванага на чужыне. Бо ўвесь гэты час я думаў толькі пра адно. Дзякуй богу, што мне пашчасьціла натрапіць на ягоны сьлед у Англіі