Ляона ў гэтым месцы яшчэ амаль ручай; яна цячэ ззаду форта і пасёлка. Наперадзе рассцілаецца раўніна, пакрытая яркай ізумруднай зеленню і акрэсленая ўдалечыні больш цёмнай паласой лесу, дзе магутныя дубы, арэхавыя дрэвы і вязы змагаюцца за існаванне з калючымі кактусамі і са мноствам павойных і паўзучых раслін-паразітаў, амаль невядомых батаніку. На поўдзень і ўсход на беразе рэчкі раскіданы дамы. Гэта маёнткі плантатараў; некаторыя з іх адбудаваны нядаўна і не прэтэндуюць на які-небудзь стыль, другія больш вычварнай архітэктуры відаць, ужо саліднага ўзросту. Адзін з іх асабліва звяртае на сябе ўвагу. Уявіце сабе вялікі будынак з плоскім дахам і зубчастым парапетам; яго белыя сцены рэзка вызначаюцца на зялёным фоне лесу, які абступае дом з трох бакоў. Гэта асьенда' Каса-дэль-Корва.
Вы паварочваеце на поўнач, і перад вашымі вачамі нечакана вырастае адзінокая конусападобная гара; яна ўзвышаецца над раўнінай на некалькі сот футаў; ззаду яе ў туманнай далечыні вырысоўваецца ломаная лінія Гвадалупскіх гор горнага хрыбта, які ўвенчвае высокае, амаль недаследаванае пласкагоре Льяна-Эстакада.
Паглядзіце вышэй, і вы ўбачыце неба напаўсапфіравае, напаўбірузовае. Днём яно зусім сіняе, і толькі залаты шар сонца ззяе на ім. Ноччу яно ўсеяна зоркамі, нібы выкаванымі са светлай сталі; а выразна акрэслены дыск месяца здаецца тут зусім сярэбраным.
Гляньце ўніз у той час, калі ўжо зніклі месяц і зоркі, калі ветрык, насычаны водарам кветак, дзьме з заліва Матагорда, налятае на зорны флаг і распроствае яго ў ранішнім святле, гляньце, і вы ўбачыце карціну настолькі яркую і жывую, пераменлівую па абрысах і фарбах, у стракатасці разнастайнага ўбрання, што апісаць яе немагчыма.
Вы заўважыце ваенных: блакітную форму пехацінцаў Злучаных Штатаў, сінія мундзіры драгунаў і светлыя, амаль няўлоўнага зялёнага колеру мундзіры конных стралкоў. Па форме адзеты толькі дзяжурныя афіцэры, начальнік каравула і самі каравульныя. Іх таварышы, карыстаючыся вольным часам, ходзяць каля казармаў ці пад навесам канюшні ў чырвоных фланелевых кашулях, мяккіх капелюшах і ў нячышчаных ботах.
Яны балбочуць з людзьмі, якія апрануты зусім не па-ваеннаму. Гэта высокія паляўнічыя ў кашулях з аленевай шкуры і такіх жа гетрах; пастухі, мустангеры, апранутыя, як мексіканцы; сапраўдныя мексіканцы ў шырокіх штанах, з серапе на плячах, у ботах з вялізнымі шпорамі і ў абыякава заламаных набакір глянцавых самбрэра. Яны размаўляюць з індзейцамі, якія прыйшлі ў форт дзеля гандлю або мірных перагавораў; іх палаткі бачацца непадалёку. Фігуры індзейцаў з накінутымі на плечы чырвонымі, зялёнымі і блакітнымі коўдрамі здаюцца надзвычайна маляўнічымі і амаль класічна прыгожымі; нават недарэчная размалёўка, якой яны знявечылі сваю скуру, і зліплыя ад бруду чорныя доўгія валасы, падоўжаныя яшчэ пасмамі конскіх валасоў, не псуюць іх строгай прыгажосці.
Уявіце сабе гэты стракаты натоўп у разнастайным адзенні, якое сведчыць аб нацыянальнасці, прафесіі і становішчы яго гаспадароў; Дадайце яшчэ чарнаскурых сыноў Эфіопіі афіцэрскіх грумаў ці слугаў суседняга плантатара; уявіце сабе, як яны стаяць невялікімі групкамі і гутараць або фланіруюць па раўніне паміж фургонамі; уявіце сабе дзве шасціфутавыя пушкі на колах і побач павозкі з боепрыпасамі; адну ці дзве белыя палаткі, занятыя афіцэрамі, якія дзеля арыгінальнасці спяць пад прыкрыццём парусіны; вінтоўкі каравульных, састаўленыя ў піраміды. Уявіце сабе ўсё гэта, і перад вашымі вачамі разгорнецца карціна ваеннага форта, які знаходзіцца на мяжы Тэхаса, на самай ускраіне цывілізацыі.
Праз тыдзень пасля таго, як плантатар з Луізіяны прыехаў у свой новы дом, на пляц-парадзе перад фортам Індж стаялі тры афіцэры і глядзелі ў бок асьенды Каса-дэль-Корва.
Яны ўсе былі маладыя старэйшаму не больш як трыццаць гадоў. Пагоны з дзвюма нашыўкамі ў першага ўказвалі на яго капітанскі чын; другі, з адной папярочнай нашыўкай, быў старшым лейтэнантам; трэці, мяркуючы па яго гладкіх пагонах, быў, відаць, толькі малодшым лейтэнантам.
Яны былі вольныя ад дзяжурства і гаварылі пра новых жыхароў Каса-дэль-Корва плантатара з Луізіяны і яго сямю.
Будзем святкаваць наваселле, сказаў капітан пяхоты, маючы на ўвазе запрашэнне, атрыманае ўсімі афіцэрамі гарнізона. Спачатку абед, а потым танцы. Сапраўдная падзея! Там мы сустрэнем, мабыць, усіх мясцовых арыстакратаў і красунь.
Арыстакратаў? са смехам адазваўся лейтэнант драгунскага палка. He думаю, што тут шмат арыстакратаў, а красунь, бадай, і таго меней.