Кактус хутка падзейнічаў яго сок быў добрым проціяддзем. I Фялім, заспакоены ўпэўненасцю, што небяспека мінула, а таксама ад стомленасці, забыўся моцным асвяжальным сном. Пасля няўдалай спробы зайсці мнаганожку агіднага паўзуна, які, у адрозненне ад змяі, не баіцца перапаўзаць цераз валасяную вяроўку, доктар-самавучка вярнуўся на свой лужок, дзе спакойна праспаў да раніцы.
Ледзь развіднела, усе трое былі на нагах. Фяліма ўжо не трэсла ад ліхаманкі, і ён забыў усе страхі. Паснедаўшы рэшткамі смажанага індыка, яны сталі спешна збірацца да адезду. Разам са старым паляўнічым былы грум з Балібалаха рыхтаваў дзікіх коней да падарожжа праз прэрыю. Морыс тым часам займаўся сваім канём і крапчастай кабылай. Асабліва вялікую ўвагу ён удзяляў цудоўнай палонніцы: старанна расчэсваў ёй грыву і хвост, счышчаў з бліскучай шэрсці плямы бруду сляды ўпартай пагоні, што сведчыла аб тым, як цяжка было накінуць ласо на яе гордую шыю.
Кіньце! сказаў Зеб, не без здзіўлення назіраючы за мустангерам. Дарэмна вы так стараецеся. Вудлі Пойндэкстэр не з тых, хто адмаўляецца ад свайго слова. Вы атрымаеце дзвесце долараў паверце старому Зебу Стумпу. Чорт вазьмі, яна і вартая гэтых грошай!
Морыс нічога не адказаў, але, мяркуючы па ўсмешцы, што зайграла ў кутках яго рота, можна было здагадацца, што кентукіец зусім не зразумеў прычыны яго асаблівай увагі да крапчастага мустанга.
He прайшло і гадзіны, як мустангер ужо рушыў у дарогу на сваім гнядым кані, ведучы за сабою на ласо крапчастую кабылу. Ззаду жвавай рыссю бег табун, за якім наглядаў Фялім.
Зеб Стумп на сваёй старой кабыле ледзь паспяваў за імі.
Ззаду, асцярожна ступаючы па калючай траве, трухала Тара.
Ніхто не застаўся ахоўваць хаціну: яны проста зачынілі дзверы, абцягнутыя конскай шкурай, каб унутр не забраліся чатырохногія жыхары прэрыі. I цяпер цішыня, што панавала навокал, парушалася толькі крыкам вушастай савы, віскам пумы і нудным брэхам галоднага каёта.
9. Памежны форт
На высокім флагштоку форта Індж развяваецца флаг, усеяны зоркамі: ён адкідае хісткі цень на своеасаблівую, дзіўную панараму.
Гэта карціна сапраўднага памежнага жыцця праўдзіва перадаць яе мог бы, мабыць, толькі пэндзаль Вернэ Малодшага, жыцця напаўваеннага, напаўцывільнага, напаўдзікага, напаўцывілізаванага; тут вы ўбачыце і бледнатварых і каляровых людзей у самым разнастайным убранні, людзей усіх прафесій і рознага грамадскага стану.
I сам форт мае такі ж незвычайны выгляд. Зорны флаг развяваецца не над бастыёнамі з зубчастымі сценамі, ён адкідвае свой цень не на казематы ці патаемныя хады: тут няма ні равоў, ні валоў нічога, што нагадвала б крэпасць. Гэта проста частакол са ствалоў алгароба, унутры якога знаходзіцца навес канюшня для двухсот коней. За яго межамі дзясятак пабудоў немудрагелістай архітэктуры, звычайныя хаціны-хакале з плеценымі, абмазанымі глінай сценамі; самая вялікая з іх казарма. За імі размешчаны шпіталь, інтэнданцкія склады; з аднаго боку гаўптвахта, з другога, на больш відным месцы, афіцэрская сталовая і кватэры. Усё надзвычай проста: атынкаваныя сцены выбелены вапнай, на якую багатыя берагі Ляоны; усё чыста і ахайна, як і павінна быць у крэпасці, дзе ваенныя носяць мундзіры вялікай цывілізаванай нацыі. Такі форт Індж.
На некаторай адлегласці бачна другая група пабудоў, не большая за тую, якая называецца фортам. Яны таксама знаходзяцца пад аховай амерыканскага флага; і хаця непасрэдна над імі ён не развяваецца, яму яны абавязаны сваім узнікненнем і існаваннем. Гэта зародак аднаго з тых пасёлкаў, якія звычайна ўзнікаюць паблізу амерыканскіх ваенных пастоў, хутка развіваюцца і ў большасці выпадкаў становяцца маленькімі гарадкамі, а часам і вялікімі гарадамі.
У цяперашні час насельніцтва пасёлка складаецца з маркітанта, на складзе якога захоўваюцца прыпасы, што не лічацца ў ваенным пайку; гаспадара гасцініцы і бара, які прыцягвае абібокаў сваімі палічкамі, застаўленымі гранёнымі бутэлькамі; кучкі прафесійных ігракоў, якія пры дапамозе фараона і монтэ чысцяць кішэні афіцэраў мясцовага гарнізона; двух дзясяткаў чарнавокіх сеньярыт сумніўнай рэпутацыі; такой жа колькасці паляўнічых, пагоншчыкаў, мустангераў і людзей без пэўных заняткаў, якія ў любой краіне, як правіла, сноўдацца каля ваенных лагераў.
Дамы гэтага невялікага пасёлка размешчаны ў некаторым парадку. Відаць, усе яны уласнасць аднаго прадпрымальніка. Яны стаяць вакол «плошчы», дзе замест ліхтароў і статуй тарчаць над вытаптанай травой высахлы ствол кіпарыса і некалькі кустоў.