Што ж, вельмі нават някепская загадка. І што вы, міс Морстэн, збіраецеся рабіць?
Вось пра гэта я і хацела з вамі параіцца.
Тады з вамі пойдзем мы і я, і так, доктар Ўотсан. Ён менавіта той, хто нам патрэбны. У пасланні гаворыцца пра двух сяброў, а мы з доктарам ужо працавалі разам.
Але ці пагодзіцца доктар Ўотсан? спытала госця. У яе голасе і выразе твару чыталася мальба.
Быць вам карысным, палка адказаў я, гэта вялікі гонар і шчасце.
Вы абодва вельмі добрыя, сказала яна. Я вяду самотнае жыццё, і ў мяне няма сяброў, да якіх можна звярнуцца. Калі я прыйду сюды а шостай, спадзяюся, гэта будзе зручна?
Галоўнае не спазніцеся, адказаў Холмс. Аднак ёсць яшчэ адно пытанне. Почырк у лісце супадае з почыркам, якім напісаны адрас на кардонках з-пад перлін?
Яны ў мяне пры сабе, прамовіла госця, падаючы нам паўтузіна аркушаў.
Вы проста ўзорны кліент. У вас цудоўна працуе інтуіцыя. Дазвольце, калі ласка, зірнуць, ён расклаў на стале паперы, хутка агледзеў кожную з іх і ўрэшце сказаў: Усюды, апроч ліста, почырк падроблены, але напісаў гэта, без сумневу, адзін чалавек. Звярніце ўвагу на абсалютна неразборлівую літару «э» і на гэты кручок літару «с». Яны дакладна напісаныя адной рукой. Не хачу абуджаць у вас заўчасныя надзеі, міс Морстэн, але ці не нагадвае гэты почырк руку вашага бацькі?
Зусім не.
Я так і думаў. Тады ўбачымся а шостай. І прашу вас пакінуць мне гэтыя паперы. Магчыма, я паразважаю над вашай справай цяпер усяго палова чацвёртай. Да пабачэння!
Да пабачэння! сказала нашая наведніца, схавала за пазухай скрынку з перлінамі і, зірнуўшы на нас па чарзе сваім чыстым добрым позіркам, выйшла з пакоя.
Стоячы ля акна, я назіраў, як яна імкліва ідзе вуліцай, пакуль шэры капялюшык і белае пёрка не зніклі ў змрочным натоўпе.
Якая прывабная жанчына! усклікнуў я, паварочваючыся да свайго кампаньёна.
Ён зноў запаліў люльку, заплюшчыў вочы і адкінуўся на спінку фатэля.
Прывабная? абыякава спытаў ён. Я не заўважыў.
Вы проста нейкі аўтамат! усклікнуў я. Сапраўдная лічыльная машына! Мне часам здаецца, што ў вас зусім няма душы!
Холмс лагодна ўсміхнуўся.
Бо гэта самае важнае, усклікнуў ён, не дазваляць, каб пэўныя якасці асобы ўплывалі на тваё меркаванне! Кліент для мяне не больш як складнік праблемы, яе фактар. Эмоцыі супярэчаць чыстаму розуму. Паверце, самую прывабную жанчыну, якую я бачыў, павесілі за атручванне трох дзяцей дзеля іх страхоўкі, а самы агідны сярод маіх знаёмых дабрачынец, які ахвяраваў каля чвэрці мільёна на лонданскую беднату.
Аднак у нашым выпадку
Для мяне не існуе выключэнняў. Выключэнне абвяргае правіла. Ці даводзілася вам калі-небудзь вывучаць характар па почырку? Што вы думаеце пра гэтага спадара?
Почырк выразны і правільны, адказаў я. Гэта чалавек справы і з моцным характарам.
Холмс пакачаў галавой.
Зірніце на літары, сказаў ён. Яны амаль не вылучаюцца сярод астатніх: рукапісную «а» можна пераблытаць з «о», а «р» з «п». Людзі з моцным характарам заўсёды вылучаюць высокія літары, якім бы неразборлівым ні быў іх почырк. Літара «к» нашага адрасанта сведчыць пра няўстойлівасць, а вялікія літары пра пачуццё ўласнай годнасці. Але мне трэба ісці мушу высветліць пару рэчаў. Дазвольце парэкамендаваць вам гэтую кнігу, «Пакутніцтва чалавека» Ўінвуда Рыда* адзін з найлепшых у свеце твораў. Праз гадзінку я вярнуся.
Я сеў ля акна з кнігай у руках, але думкі мае луналі далёка ад смелых разважанняў аўтара. Яны круціліся вакол нашай ранішняй госці яе ўсмешак, глыбокага голасу і дзіўнай таямніцы, што прынесла ў яе жыццё неспакой. Калі на момант знікнення бацькі ёй было сямнаццаць, значыць, цяпер дваццаць сем цудоўны ўзрост, калі маладосць, трохі выцверажаная досведам, губляе сваю самаўпэўненасць. Так я сядзеў і летуценіў, пакуль у маю галаву не пачалі закрадацца небяспечныя думкі, пасля чаго я паспешліва перасеў за стол і люта накінуўся на нядаўні трактат па паталогіі. Хто я такі? Як магу я, сціплы ваенны доктар з ненадзейным здароўем і яшчэ больш ненадзейным банкаўскім рахункам, нават думаць пра такое? Яна толькі складнік праблемы, яе фактар і не больш. Калі будучыня не абяцае мне нічога добрага, варта сустрэць яе як мужчына і не расквечваць падманнымі гульнямі ўяўлення.
Раздзел 3. У пошуках рашэння
Калі Холмс вярнуўся, была палова шостай. Ён быў радасны, ажыўлены і рваўся ў бой такі настрой зазвычай прыходзіў на змену яго найзмрачнейшай прыгнечанасці.