Раздзел 3. У пошуках рашэння
Калі Холмс вярнуўся, была палова шостай. Ён быў радасны, ажыўлены і рваўся ў бой такі настрой зазвычай прыходзіў на змену яго найзмрачнейшай прыгнечанасці.
У гэтай справе няма нічога асабліва таямнічага, сказаў ён, беручы кубак гарбаты, які я для яго наліў, факты сведчаць пра тое, што ёсць толькі адно тлумачэнне.
Што? Вы ўжо з усім разабраліся?
Ну, вы мяне пераацэньваеце. Я даведаўся пра адну рэч, якая наводзіць на пэўныя думкі, вось і ўсё. Але гэта вельмі важна. Тым не менш трэба больш дэталяў. Праглядаючы падшыўку «Таймс», я толькі што даведаўся, што маёр Шолта з Апэр-Норвуда, былы афіцэр трыццаць чацвёртага бамбейскага пяхотнага палка, памёр 28 красавіка 1882 году.
Я магу падацца вам дурнем, Холмс, але не разумею, на якія думкі можа навесці гэтая дэталь.
Сурёзна? Вы мяне здзіўляеце. Давайце зірнем на справу з іншага боку. Капітан Морстэн знік. Адзіны чалавек у Лондане, якога ён мог наведаць, гэта маёр Шолта. Але маёр Шолта сцвярджае, што пра вяртанне капітана не ведаў. Праз чатыры гады Шолта памірае, а праз тыдзень пасля яго смерці дачцэ капітана Морстэна прыходзіць каштоўны падарунак. Гэта паўтараецца з году ў год, пакуль урэшце яна не атрымлівае ліст, дзе пішацца, што яе пакрыўдзілі. Пра якую крыўду можа там весціся? Хіба што пра знікненне яе бацькі. І чаму падарункі пачалі прыходзіць адразу пасля смерці Шолта? Магчыма, ягоныя спадкаемцы ведалі штосьці пра гэтую таямніцу і хацелі вярнуць нейкі доўг? Можа, у вас ёсць іншая тэорыя, што не супярэчыла б фактам?
Які дзіўны доўг! Як дзіўна яго вяртаюць! Чаму ліст прыйшоў толькі цяпер, праз шэсць гадоў? У пасланні, зноў жа, вядзецца пра ўзнаўленне справядлівасці. Але якой справядлівасці? Не варта і спадзявацца, што бацька яе ўсё яшчэ жывы. А пра іншыя крыўды мы нічога не ведаем.
Безумоўна, некаторыя праблемы ёсць, задуменна сказаў Шэрлак Холмс, але сённяшняя выправа дапаможа ўсе іх развязаць. А вось і рамізніцкая карэта, і ў ёй, канечне ж, едзе міс Морстэн. Вы гатовыя? Тады лепш спусцімся нядаўна прабіла шостая.
Я ўзяў капялюш і самы цяжкі кій, заўважыўшы, што Холмс выцягнуў з шуфляды рэвальвер і схаваў яго ў кішэні. Ён, відаць, быў упэўнены, што нас чакае нялёгкая ноч.
Міс Морстэн хуталася ў цёмны плашч, і яе пяшчотны твар быў спакойны, але бледны. Яе нашая дзіўная выправа не магла не трывожыць, і ўсё ж яна трымалася малайцом і ахвотна адказвала на дадатковыя пытанні Шэрлака Холмса.
Маёр Шолта быў вельмі блізкім татавым сябрам, сказала яна. Бацька шмат пісаў пра яго ў лістах. Яны разам служылі афіцэрамі на Андаманскіх астравах і таму шмат часу бавілі разам. Дарэчы, у бацькавым стале знайшлі адзін вельмі цікавы дакумент, у якім ніхто не можа разабрацца. Не думаю, што ён мае хоць нейкае значэнне, але, можа, вы хочаце зірнуць? Я ўзяла яго з сабой вось ён.
Холмс асцярожна разгарнуў паперу і расклаў яе на каленях, пасля чаго з верху да нізу агледзеў з дапамогай падвойнай лупы.
Папера індыйскай вытворчасці, зазначыў ён. Калісьці аркуш быў прышпілены да дошкі. Гэта план часткі нейкага вялікага будынка са шматлікімі пакоямі, калідорамі і пераходамі. У адным месцы чырвоным атрамантам пастаўлены крыжык, а над ім амаль выцвілы надпіс «3.37 злева». У левым куце дзіўная пазнака, штосьці накшталт чатырох крыжоў, якія судакранаюцца, утвараючы лінію. Над ёй няроўны надпіс буйнымі літарамі: «Знак чатырох Джонатан Смол, Магамет Сінгх, Абдула Хан, Дост Акбар». Не, думаю, тут з нашай справай няма ніякай сувязі. Але дакумент гэты, без сумневу, вельмі важны. Яго акуратна захоўвалі ў нататніку, бо абодва бакі аркуша аднолькава чыстыя.
Мы і праўда знайшлі яго ў нататніку.
Прашу вас, міс Морстэн, дбайна яго захаваць ён яшчэ можа нам спатрэбіцца. Я пачынаю падазраваць, што справа акажацца нашмат больш складанай і заблытанай, чым падавалася спачатку. Трэба перагледзець сваю тэорыю.
Ён адкінуўся на спінку сядзення, і па яго ссунутых бровах і безуважным позірку я зразумеў, што ён засяроджана думае. Мы з міс Морстэн пачалі напаўголаса абмяркоўваць сённяшнюю прыгоду і яе магчымыя вынікі, наш спадарожнік жа з непранікальным выглядам праседзеў да канца паездкі.
Быў вераснёвы вечар, амаль сем гадзінаў. Надворе не радавала на вялікі горад апусціўся вогкі густы туман. Над бруднымі вуліцамі змрочна віселі шэрыя хмары. Ліхтары Стрэнда* здаваліся не больш чым імглістымі плямкамі рассеянага святла, што кідалі на слізкі ходнік бляклыя мігатлівыя кляксы. Жоўтыя агні крамных вітрынаў гарэлі ў вільготных задушлівых прыцемках, і іх маркотнае і зменлівае ззянне трошкі асвятляла затлумленую вуліцу. Гэтая бясконцая чарада твараў, сумных і шчаслівых, змучаных і вясёлых, што мільгалі ў вузкіх палосках святла, падавалася мне прывіднай і злавеснай. Вось ён, чалавечы лёс выслізнуць з цемры ў святло і потым зноў вярнуцца ў вечны змрок. Я не надта ўражлівы чалавек, але гэты цяжкі пахмурны вечар і неверагодная справа, у якую мы ўцягнуліся, зрабілі мяне прыгнечаным і нервовым. Я бачыў, што міс Морстэн адчувае штосьці падобнае. Толькі Холмс быў вышэйшы за ўсе гэтыя дробныя перажыванні. Ён разгарнуў на каленях нататнік і час ад часу запісваў туды ў святле кішэннага ліхтарыка нейкія лічбы і заўвагі.