Місіс Сэсіл Форэстэр задуменна паўтарыў Холмс. Так, аднойчы я змог быць ёй карысным, але калі правільна помню, справа была зусім нескладанай.
Яна б з вамі не пагадзілася. Але наўрад ці вы скажаце тое самае пра мой выпадак. Нельга ўявіць нічога больш неверагоднага і невытлумачальнага, чым сітуацыя, у якой я аказалася.
Холмс пацёр рукі, і яго вочы заблішчэлі. З выразам найглыбейшай засяроджанасці на вытачаным ястрабіным твары ён адкінуўся на спінку фатэля.
Раскажыце сваю гісторыю, сказаў ён рашучым дзелавым тонам.
Я адчуў сябе няёмка і падняўся з крэсла:
Спадзяюся, вы мне прабачыце
На маё здзіўленне, маладая лэдзі выцягнула да мяне руку ў пальчатцы і паспрабавала спыніць:
Калі ваш сябар ласкава застанецца, ён зробіць мне неацэнную паслугу.
Я зноў сеў на крэсла.
Кажучы каротка, пачала яна, рэч вось у чым. Мой бацька служыў афіцэрам у індыйскім палку, і калі я была дзіцем, адправіў мяне на радзіму. Мая маці памерла, родных у Англіі ў нас не было, аднак мяне размясцілі ў адным прыемным пансіёне ў Эдынбургу, дзе я жыла да сямнаццаці гадоў. У 1878 годзе мой бацька, які даслужыўся да старшага капітана палка, атрымаў дванаццаць месяцаў адпачынку і прыехаў у Англію. Ён тэлеграфаваў з Лондана, што шчасліва скончыў плаванне і чакае мяне ў гатэлі «Лэнхэм». Я добра помню тую тэлеграму: кожнае слова ў ёй дыхала дабрынёй і любоўю. Прыехаўшы ў Лондан, я адразу адправілася ў «Лэнхэм», дзе даведалася, што капітан Морстэн і праўда спыніўся там, але мінулай ноччу выйшаў і дагэтуль не вярнуўся. Цэлы дзень я чакала ад яго хоць якіх вестак. Вечарам, згодна з парадай адміністратара гатэля, я звярнулася ў паліцыю, і наступным ранкам мы ва ўсіх газетах далі пра капітана абвестку. Але пошукі не мелі плёну з таго дня я пра свайго няшчаснага бацьку нічога не чула. Ён вярнуўся дадому, поўны надзеяў спакойна адпачыць, а замест гэтага
Яна прыціснула руку да горла, і яе аповед перарвала здушанае рыданне.
Дата? спытаў Холмс, разгортваючы нататнік.
Ён знік трэцяга снежня 1878-га каля дзесяці гадоў таму.
Што з яго рэчамі?
Засталіся ў гатэлі. Але сярод іх не было, што магло б навесці на след, трохі адзення, некалькі кніг і мноства дзівосных рэчаў з Андаманскіх астравоў*. Ён быў адным з афіцэраў, што ахоўвалі там зняволеных.
У яго былі тут нейкія сябры?
Адзіны, пра каго я ведаю, гэта маёр Шолта, які служыў з ім у трыццаць чацвёртым бамбейскім пяхотным палку. Маёр выйшаў у адстаўку крыху раней і жыў на той момант у Апэр-Норвудзе. Безумоўна, мы з ім звязаліся, але ён не ведаў нават, што яго аднапалчанін вярнуўся ў Англію.
Вельмі заблытаная справа, зазначыў Холмс.
Але да самага дзіўнага мы яшчэ не дайшлі! Каля шасці гадоў таму 4 траўня 1882 году, калі быць дакладнай, у «Таймс» зявілася абвестка, дзе ў інтарэсах міс Мэры Морстэн прасілі паведаміць яе адрас. Аднак ні аўтар абвесткі, ні ягоны адрас пазначаныя не былі. Тады я акурат пачала працаваць гувернанткай у сямі місіс Сэсіл Форэстэр. Яна параіла мне надрукаваць свой адрас у калонцы абвестак. У той жа дзень мне з пошты прынеслі невялікую кардонку, дзе я знайшла буйную прыўкрасную перліну. І ніякай цыдулкі! З таго часу я кожны год у адзін і той жа дзень атрымліваю такую самую пасылку і ніводнай згадкі пра адрасанта! Знаўца, які агледзеў перліны, сказаў, што гэта вельмі рэдкі і каштоўны гатунак. Яны надзвычай прыгожыя, можаце самі ўпэўніцца.
З гэтымі словамі яна адчыніла плоскую скрынку і паказала мне шэсць самых прыгожых перлін, якія я толькі бачыў.
Вашая гісторыя вельмі цікавая, сказаў Шэрлак Холмс. Магчыма, з вамі адбылося штосьці яшчэ?
Так, і акурат сёння. Вось чаму я прыйшла сюды. Ранкам я атрымала ліст мабыць, вам лепей прачытаць яго самому.
Дзякуй, сказаў Холмс, і канверт таксама, калі ласка. Паштовая марка лонданская, Паўднёвы Захад. Дата 7 ліпеня. Хм Адбітак пальца ў кутку магчыма, паштальёна. Папера найвышэйшай якасці. Канверт шэсць пенсаў за пачак. Грунтоўнае стаўленне да карэспандэнцыі Але ніякага адрасу.
«Будзьце сёння а сёмай ля трэцяй левай калоны тэатра «Ліцэум». Калі баіцеся, можаце ўзяць з сабой двух сяброў. Вас пакрыўдзілі, і справядлівасць трэба ўзнавіць. Не прыводзьце з сабой паліцыю, інакш усё будзе марна. Ваш невядомы сябар».
Што ж, вельмі нават някепская загадка. І што вы, міс Морстэн, збіраецеся рабіць?
Вось пра гэта я і хацела з вамі параіцца.