А вашэцю, чы не Наталяю клічуць?
Але, ледзь чутно адказала я, адчуваючы нейкую ўтоеную небяспеку, што раптоўна паўставала сваёй явай.
Клыкоўская?
Так, сказала я яшчэ цішэй, чакаючы самага горшага, бо позірк Паўла пляжыў літаральна кожную маю вузачку.
То для вашэці маю ліста, жанчына нават усміхнулася, наўмысля робячы мне такое вось паскудства. Я у момант узненавідзела гэтую саву і ейны няпэўны ўзрост, які мог не замінаць ёй быць з Вайніславам не проста гаспадыняй кватэры, але і сябрыхай дзён яго суворых у самым непрыстойным разуменні гэтых пушкінскіх радкоў. Совы заўжды ўдаюць нешта іншае. Зрэшты, хто ж не без бервяна ўваччу? Але ўсё адно[5]
Павел Аляксандраў гатовы быў мяне зесці без сыру і маянезу, аднак прысутнасць доктара Мечыслава не дазваляла гэта ўчыніць. Мы зайшлі ў шынок (можа «Красны»), дзе я нарэшце распячатала пасланне ад Вайніслава. Мне дужа не хацелася зачытваць яго ўголас, і мае кампаньёны, на дзіва, далі магчымасць прачытаць вестачку вачыма. Змест я памятаю дасканала да сёння, бо ліст захоўвала цягам чвэрці стагоддзя, пакуль яго не скраў якісь злодзей разам з куфэркам маіх каштоўнасцяў.
«Дарагая Наталюся!
Думка аб тоя, што я прынучыў Вашу перажываці за маю бядацкую парсуну, не астаўляе мучыці міне. Спяшу паведаміць Вашу, што я жыў-здароў, а скрыўся ад усіх воч таго для, каб пакусіцца распутаці клыбок праступленняў, каторыя чыняцца ў Менску. Два ўбіўствы жанок, я маракую, саўсём не апошнія. Хаця я буду сіліцца, што ё могі, каб новых смярцей не дапусціць. Пісьмо гэта, гаспадарыня Наталя, чытацьмеш тым урэмем, колі я ўжэ буду атпраўляцца з Кіява да Менску. Мне трэ было паглядзеці такі-сякі бумагі й кніжкі, каторыя ўспамогуць раскрыць тыя пачварныя праступленні.
Ня многа мінула ад часу залатое тайны двух, але здаецца так даўно была тая праўдзівая прыемнасць людскіх грахоў і палавіна неба ў адамантах праз неабмерзшую шыбку.
Але ж ня ішчыця міне ў Менску, бо я таіцца буду. Так трэба. Жычу Наталі здароўя й добрых думак. Няхай гаспадарыня будзе пракананая ў шчэрай прэданасці Вашага
Вайніслава БаўтаПісана ў Менску-Крывіцкім,
року 7911 / 6 стычэня, у 4 гадзіны 14 часін».
Я досыць непрыстойна ўсміхнулася. Загадак не паменела. Павнл не вытрываў-ткі і пераняў у мяне аркуш. Акурат прынеслі каўку і я мерна піла, назіраючы метамарфозы твару майго нарачэнага.
Ну знаеш, Наталечка, гэта ўжо занадта, прасіпеў ён.
Што-о? паспяшалася я пашыцца ў дурніцы.
Якая такая тайна з адмарожанай шыбкай? абсалютова траціў раўнавагу Аляксандраў.
Табе лепей відаць, нахабна кінула я. Ты ж з ім больш знаўся. А гэта выяўна нейкі рэбус: і золата, і вакно, і лічба года, і тое, што ліст адрасаваны менавіта мне, а не табе, спадару Мечыславу ці Ірэне Галавацкай.
Павел у момант асекся.
Зірнеце вы, Мечыславе, падаў ён пасланне доктару.
О, без сумневу загадка! усклікнуў ён.
Выходзіла, я падманвала іх абаіх, штурхала да фальшывых развагаў. Але год Боўт увачывідкі недарэмна такі няўцямны прытачыў.
Доктар памеркаваў бясслоўна хвіляў колькі, потым аглядзеўся па бакох і ціхутка прашаптаў:
Усё ясна. Ён дае знаць, што забойствы маюць палітычны характар.
Адкуль вы ўзялі? сцепануўся Павел.
Восьмы сказ! урачыста прамовіў Загорскі.
І што? уздыхнуў мой бядотны нарачэны.
«Залатая тайна двух» унія, вобразна шлюбнае таемства Літвы і Польшчы ў Рэчы Паспалітай Двух Народаў. Бязладныя, але залатыя часы. «Прыемнасць людскіх грахоў» і далей шляхецкія вольнасці і сармацкія норвы шляхты. «Неабмерзшая шыбка» незніштожаная гістарычная памяць. Аднак сувязь гэтых вобразаў са злачынствамі хутчэй за ўсё прыхаваная ў лічбах года. З імі якраз і давядзецца галавы надламаць.
Павел прыкметна распружыўся, але тым не менш спытаўся пра мяне:
Аднак чаму ліст задрасаваны да Наталлі?
Паспешлівасць, самазадаволена ўсміхнуўся доктар.
Такія тлумачэнні задавальнялі і мяне. Так трэба.
Я бачыла, што нарачэны захапіўся новай забаўкай, і пансіянаркі, з ліку смялейшых, цікавіліся ў мяне пра цалкавітую задуменнасць Паўла Аляксандравіча. Спадарыня Шрэйдар зусім нечакана запыталася пра Вайніслава: «Говорят, że ваш friend jest verschwinden? Schweige heist złoto!». Усё клапацілася пра навучэнак. Мы патлумачылі, што ніякіх турботаў з нашым сябрам нямашака, што ён проста выехаў па справах прыватных у Юга-Западны край. Нашыя словы троху знялі ейную арупленасць. Праўда Павел з няведамай прычыны перад ёю стаў троху заікацца. «Што з ім? Не перад вечам жа ён слова дзержыць», падумалася мне, і я схацела пацалаваць майго мілага небараку. Але ўчасна агоўталася, успомніўшы, дзе знаходжуся і каго больш за ўсіх на гэтай дзікай планідзе кахаю