Ніхто не наважваўся перарваць цішыню, што лягла ў хаце пасля заканчэння гісторыі. Шум за шыбкамі прыбраў агульнае здраньцвенне, але не дадаў супакою. Я агледзіла, што пані Каміла крадком змахвала слязінкі. А выглядала ж на самую стойкую і стрыманую. Мужчыны вярнуліся без Вайніслава. Павел моўчкі прыгарнуў мяне. Чэслаў Драбышэўскі развёў рукамі і сказаў, што ані знаку ліхіх візітоўцаў і спадара Баўта не адшукалі. Абуховіч рэкнуў штось недарэчнае пра віленскіх ваўкалакаў і казаў наліць яму гарэлкі.
Маю спадзеў, звярнулася да яго Ірэна, што гэты кілішак вы пяце не за спакой душы Вайніслава?
Я разумею: арда ёсць ардою. Але ж не стануць яны яго вось так проста без дай прычыны расстрэльваць. Дзевятнаццатае стагоддзе ўсё-ткі на дварэ! не ў лад адказаў той.
Страх займае нам мову, падвёў рысу доктар Загорскі.
Сумныя і збянтэжаныя мы вярнуліся ў Менск. На Цярэшку бяда стала Няўжо Славу кінулі ў вязніцу?
Чароўнай гарой маіх жаданняў па вяртанні ў Менск было жаданне хутчэй схавацца пад коўдру і заснуць, забыўшыся ўсіх бед. Сапраўды, сон прыйшоў надзвычай хутка і быў абсалютова бесклапотным, каб не высненыя пад канец рымскія прыручоныя каменыя шэршні. Менавіта так і прыснілася. Што мяне магло нітаваць з Рымам? Нічога. «Усе дарогі вядуць у Рым, пракаментаваў маю начную відзежу Павел і дадаў, але, на жаль, апошнім часам усё часцей у трэці». Хаця той кляты Трэці Рым і не быў сталіцаю імперыі, маскалі ўпорыста лічылі яго сэрцам сваёй дзяржавы. Гэта яны імкнуліся і нам накінуць, дык я па наіўнасці лічыла сябе расейкай заходняй, або беларуска-крывіцкай, галіны. Гэта цяпер я мякка гаворачы, паджылая дама без сабачкі, але з вялізным жыццёвым досведам маю выразную перакананасць, што паходжу з даўняе беларускае мяшчанскае фаміліі, абмаскаленай да неймавернасці. Кепска, пане Грыгоры, што далей, то горай.
Спадар Драбышэўскі не прамінуў звярнуцца ў менскія паліцэйскія часткі, каб выясніць лёс Вайніслава. Бедны Чэслаў так нічагуські і не выхадзіў, бо ўсюдых яму адным знакам цвердзілі, што «ніякіх баўтоў» у ноч на сёмага не забіралі. Яны ж з Вайніславам напэўна былі някепскімі таварышамі. Міжсобку дзяліліся рознымі цікавінкамі. Я помню, што Чэслаў (а па-сяброўску Чэсь) збіраў і апрацоўваў матарялы па народнай астраноміі, пісаў кнігу «Крывічанскае звяздарства». А мой Аляксандраў, праўда, нашэптваў мне свае неўразуменні з той нагоды: «Неяк дзіўна стасуецца яго крывіччына з ягонымі ж яцьвягскімі элементамі ў гаворцы». Я з такіх словаў дзіву давалася мала, бо вельмі захаплялася ўсімі гэтымі планідамі, зоркамі і сузорямі, якія ў вуснах Чэся ставаліся Чагірамі і Мілавіцамі, Сітніцамі і Вазáмі, Кічагамі і Вайсковымі Станамі. Калі б я не ўлялюшчылася ў Вайніслава, то верагодна ўтрэскалася б у Чэся. Але па-праўдзе я пытаю сябе: ці не знік бы тады Чэсь гэтак жа, як прапаў мой раскаханы Славачка? Я ўзнімала свой пракудны голаў ды тупа зерыла ў студзеньскае неба. Зорны Кол калоў вока. Ваўчынае Вока ледзьве ліпела. Маўчала Нявеста, чыя я нявеста. Знічкі ляцелі, нібы абрывалася сэрца. Дзесьці далёка хвасты распушчалі мётлы-каметы, каб праз соткі гадоў абявіцца тут па-над намі. Іншыя людзі. Ці ходзяць яны па планідах? Ці церпяць ад болю кахання. Як мы? пыталася я. Адказу не было.
Чамусьці мы ўсе тады забыліся пра Славачкіну кантору. Узгадаў пра яе наш шаноўны доктар Загорскі. Ён завітаў туды, дзе яму адразу ж з ласкавым раздраженнем паведамілі, што спадар Боўт сваім коштам узяў сабе вакацыі і зехаў у Маларосію. О, мілы, чытачу, каб жа ты бачыў нашыя вочы пасля таго, як нашыя вушы пачулі тую навіну! Мы борздзенька рвануліся на кватэру «прапалага героя» (адрас таксама доктар выцыганіў) у доме на Стара-Віленскай. Гаспадыня нас сустрэла абыякава. Гаварыла, здаецца, па-беларуску, але неяк дзіўна і да таго ж абрывіста, з паўзамі. Яна паясніла, што язык ня толькі да Вільні, але й да Кіева дапытаць здатны. Шырэй ад сусвету раскінулася нашае здзіўленне. Не паддавалася розуму, чаму Вайніслаў нічога нікому не сказаў, і што ўрэшце такое адбылося ў Лошыцы на Цярэшку? Спектакль? Але дзеля чаго? Гаспадыня перарвала нашыя тлумныя перагляды:
А вашэцю, чы не Наталяю клічуць?
Але, ледзь чутно адказала я, адчуваючы нейкую ўтоеную небяспеку, што раптоўна паўставала сваёй явай.