Мастаку была вельмі блізкай па духу творчасць вялікага паэта-рамантыка Ю. Славацкага (18091949), які ў 1820-х гг. вучыўся ў Віленскім ўніверсітэце, хвалявала сімволіка і метафарычнасць яго вобразнага слова, сувязь з легендарнай і антычнай мінуўшчынай, з прыроднымі стыхіямі, з неўміручай ідэяй свабоды. Невыпадкова, што паэту належаць пераклады Гамера (8, с. 424447), а таксама і тое, што мастакасцэнографа пачалі ў Вільні неўзабаве называць Каралём-Духам, згодна з найменнем героя аднайменнай паэмы Ю. Славацкага (8, с. 374423).
Ф. Рушчыц стварыў новы тып тэатральнага пейзажа, які з эскіза пераносіўся на вялікае палатно. Яно аздабляла задні план і па сваіх памерах адпавядала вышыні і шырыні віленскай сцэны (прыблізна 5 м х 15 м). У Вільні захавалася 6 каляровых пейзажных эскізаў-праектаў, якія адпавядалі розным тэатральным дзеям: Горны краявід, Магільнік Юліі Альпінулі, Грот, Ахвярнае кастрышча, Камяні друідаў у лесе, Неба з аблокамі і месяцам (9). Выкананыя пастэллю на паперы, яны ўражваюць сваёй эпічнай і манументальнай абагуленасцю.
На тэатральнай сцэне паўставала вялікая неабсяжная нябесная сінеча, уздымаліся мажныя векапомныя дрэвы. Пейзажны фон дапамагаў гледачу заглыбіцца ў сівую мінуўшчыну, калі на зямлі жылі легендарныя непераможныя асілкі, лехіты і венеды, чароўныя маладыя красуні.
Згодна з задумай мастака, акцёры выглядалі светлымі шляхетна-сімвалічнымі зданямі са славянскай даўніны, не менш вартай увагі, чым эпоха элінаў і рымлян. На эскізах мастака, выкананых у вельмі лёгкай, далікатнай манеры алоўкам і акварэллю на паперы, акурат і выяўляецца ідэя ўзвышанай характарыстыкі персанажаў, нібы сатканых з празрыстых, як аблокі, успамінаў ці ўяўленняў іх аўтара-стваральніка. Найбольш пранікнёна перадаецца вобраз красуні Лілі Венеды, для якой у якасці сцэнічнага ўбрання мастак прапанаваў белую тунікападобную сукенку, пераплеценую стужкамі, з вяночкам на галаве. Для ваяра Лелума мастак прадугледзеў светлыя скураныя аздабленні белай кашулі, тарчы (шчыта), шлема з дзівоснымі рагамі, а таксама аборамі на белых нагавіцах (10). Больш кантраснымі колерамі акцэнтаваліся касцюмы акцёраў, якія ігралі драматычныя ролі. Напрыклад, Ружа Венеда павінна была выходзіць на сцэну ў фіялетавай туніцы з цёмнымі металічнымі бранзалетамі на аголеных руках, уладца Лех насіў арыгінальны галаўны ўбор у форме вялікіх рагоў быка, а на яго плячах красаваўся пурпурны плашч з выявамі залатых фантастычных звяроў. Гвінона мела таксама эксклюзіўны касцюм, верхнюю частку якога складалі металічныя аздабленні (нагруднікі, шырокі пояс) (11). Мастак прапанаваў у касцюмах агульную рамантычную ідэю, але кожны яго персанаж дзякуючы адметнаму ўбранню мае і рысы непаўторнасці, асаблівай эстэтычнай красы.
Так склалася, што выявы паасобных сцэн гэтага культавага спектакля і найбольш яго ўпадабаныя героі ў адпаведных касцюмах былі ў той самы год выдатна сфатаграфаваны віленчуком Аляксандрам Страўсам. Гэта дазваляе вельмі дакладна ўявіць, як вобразныя ідэі мастака былі ўвасоблены на сцэне, як прыгожа і нязвыкла выглядалі ў касцюмах акцёры і актрысы віленскага тэатра. З захаваных паштовак пазіраюць на гледача, як і 100 гадоў таму, Н. Младзеёўская ў ролі Лілі Венеды, Г. Шыманская (Гвінона), Е. Паплаўскі ў ролі Леха ды інш. Немагчыма не захапіцца чысцінёй і духоўнай прыгажосцю пачынальніц і пачынальнікаў нацыянальнага тэатра ў Вільні, якія ў касцюмах, створаных Ф. Рушчыцам, перажылі свой вялікі творчы трыумф.
Захаваліся таксама здымкі групавых сцэн, дзе асабліва запамінаюцца 12 друідаў, якія граюць на вялікіх арфах, ваяры Лелум і Палелум у рагатых шлемах, што ахоўваюць таямнічую палянку сярод векавога казачнага гаю. Пра арфістаў-друідаў, венедаў і іншых персанажаў шмат тады пісалі і адзначалі, што кожная дэталь касцюма, кожны, нават дробны, рэквізіт сцэны даводзіўся мастаком-сцэнографам да дасканалага вырашэння. Можна толькі ўявіць непаўторны эфект ад зіхцення свяцёлак, уплеценых у косы актрыс, што і па сённяшніх мерках выглядала б вельмі прывабна і фантастычна. У адзіным рамантычным стылі мастак вырашыў таксама вокладку праграмкі спектакля з профільным партрэтам Ю. Славацкага ў медальёне, у аздабленні кветак і гнуткай лістоты.
Ф. Рушчыц не спыніўся на дасягнутым. Апроч наступных тэатральных пастановак, ён пачаў уводзіць сцэнаграфічныя сродкі выразнасці ў аздабленні розных літаратурных вечарын, маладзёжных баляў-маскарадаў і іншых масавых мерапрыемстваў, дзе часта быў і мастаком, і рэжысёрам, і выступоўцам у адной асобе. Гэтыя творчыя здабыткі славутага мастака патрабуюць асобных публікацый, паколькі яны насычаныя невычэрпным культам хараства і мастацкай вобразнасці.