Сцэнаграфічны дэбют
Пачынаючы з 1970-х гг., усё больш слоў прызнання і захаплення сярод беларускіх даследчыкаў выклікаюць жывапісныя творы славутага мастака (1, 2). Але толькі ў 2007 г. зявіліся першыя згадкі ў айчынным гістарычным друку пра важкі ўклад Ф. Рушчыца ў віленскі перыяд 1900-х1920-х гг., у станаўленне і развіццё тэатральна-дэкаратыўнага мастацтва (3, с. 33).
Актуальнай задачай бачыцца цяпер пашырэнне інфармацыі пра сувязь са сцэнай мастака-жывапісца, які па ўласнай ініцыятыве, разумеючы значнасць тэатральных пастановак у справе культурнага адраджэння, пераключыўся з сімвалічных пейзажных твораў на стварэнне шматасацыятыўных тэатральных дэкарацый, касцюмаў, праектаванне розных сцэнічных рэквізітаў і да т. п. Фердынанд Рушчыц не меў спецыяльнай (як мы б цяпер сказалі) сцэнаграфічнай падрыхтоўкі, але валодаў прыродным дарам вобразнага паглыблення ў кожны новы творчы праект у розных відах выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтваў, што і вызначыла надзвычайную вартасць вынікаў яго дзейнасці як тэатральнага мастака.
Невычэрпна-творчай рамантычнай ідэяй Ф. Рушчыца было пераўтварэнне старадаўняй Вільні, былой сталіцы Вялікага Княства Літоўскага, у сучасны цэнтр культуры і мастацтва, які за стагоддзе імперскай палітыкі Расіі прыйшоў у заняпад. Мастак пісаў: Вільня гэта пашкоджаная, занядбаная, каштоўнейшая скрыпка Старадыварыя, якую спрабавалі перарабіць на балалайку. Мусім вярнуць гэтай скрыпцы яе даўнейшы тон (4, с. 16). У 1909 г. Ф. Рушчыц разам з бацькамі ўсталёўваецца ў Вільні на сталае жыхарства і пачынае супрацоўнічаць з маладым мясцовым тэатрам, заснаваным 17 кастрычніка 1906 г. актрысай Нінай Младзеёўскай-Шуркевіч. Тэатр знаходзіўся ў Пабернардынскім парку і месціўся ў драўляным будынку ў стылі мадэрн, першапачаткова прыстасаваным для розных выставак, цыркавых прадстаўленняў і да т. п. Нягледзячы на яго сціплыя памеры (у параўнанні з іншымі губернскімі тэатрамі пачатку ХХ ст.), ён стаў сапраўдным цэнтрам нараджэння новага сцэнічнага, нацыянальна-патрыятычнага мастацтва.
Мастак з натхненнем пачаў працаваць у тэатры, і 30 мая 1909 года адбылася прэмера Лілі Венеды Ю. Славацкага, бо менавіта такую рамантычную тэму абралі майстры сцэны для актуалізацыі старадаўняй і незалежнай гісторыі, надзейнай настаўніцы нацыянальнай будучыні. Поспех спектакля быў надзвычай вялікі. Перыядычныя выданні Вільні («Goniec Wileński») і нават Варшавы («Tygodnik Ilustrowany») пісалі, што гэта была лепшая пастаноўка свайго часу ў гонар Ю. Славацкага, што акцёры прадэманстравалі выдатнае вобразнае выяўленне патрыятычнай ідэі твора. Усе аўтары публікацый акцэнтавалі таксама ўвагу на выключна выразных дэкарацыях і касцюмах акцёраў, выкананых па эскізах і пад непасрэдным творчым кіраўніцтвам Ф. Рушчыца. Адзначалася, што частку дэкарацый мастак уласнаручна выканаў з уласцівым для яго стылем шырокіх жывапісных мазкоў. Тэатр, што называецца, грымеў ад апладысментаў, многія віленчукі і госці горада над Вілляй з гонарам (і цалкам слушна) пачалі сцвярджаць, што Ф. Рушчыц першы пасля С. Выспянскага (5) выйшаў з творчай канцэпцыяй, здатнай зламаць усе стэрэатыпы псеўдагістарычных уяўленняў дзеля вобразнай выразнасці, прыгажосці, народжаных яго асабістым талентам у злучнасці з натхненнем і патрыятызмам. Можна сказаць, што 39-гадовы мастак здаў свой вялікі прафесійны экзамен на права творчага валодання ўніверсальнай сцэнічнай прасторай на выдатна.
Творчыя тэатральныя інавацыі Ф. Рушчыца ўспрымаліся многімі аматарамі і крытыкамі сцэны як непараўнальна прыгожыя. Напрыклад, Э. Ажэшка, выдатная гродзенская пісьменніца, якой пашчасціла бачыць віленскую пастаноўку, пісала ў сваіх лістах пра сапраўды чароўныя ўзоры сцэнаграфіі Ф. Рушчыца (6, с. 119). Такім чынам, дзякуючы высокаму мастацкаму ўзроўню і шырокаму прызнанню дэмакратычнай грамадскасці сцэнаграфічны дэбют мастака не толькі надаў яму веры ў свае магчымасці, але, па сутнасці, заклаў падмуркі нацыянальнага тэатральнага мастацтва першай чвэрці ХХ ст. не толькі на Віленшчыне (шырэй казаць Заходняй Беларусі), але таксама ў суседняй Польшчы. Такія высновы ў наш час цяжка паставіць пад сумнеў. Але застаецца без неабходнай актуалізатарскай увагі вялікі іканаграфічны матэрыял, эскізы, малюнкі, накіды, фотаздымкі, звязаныя з пастаноўкай Лілі Венеды ў Вільні. Яны занялі сваё належнае месца ў Музеі тэатральнага мастацтва ў Варшаве, Нацыянальным мастацкім музеі Літвы, і варта на іх зірнуць, што называецца, свежым мастацтвазнаўчым вокам. Балазе што большасць з іх выдатна рэпрадуцыруецца ў каталозе выставы, прысвечанай жыццю і творчасці Ф. Рушчыца, арганізаванай у 2002 г. у Кракаве і іншых мастацкіх цэнтрах (7, c. 178184).