Сапраўды тытанічнай актыўнасцю ўражвае шматбаковая грамадская дзейнасць сталага мастака. У 1919 г. ён арганізаваў Таварыства Аматараў Вільна, стаўшы яго душой і сумленнем. Рушчыц праводзіў вялікую вытлумачальную работу, каб яго землякі па-новаму ўбачылі той спадчынны цуд, які ўяўляе сабой Вільня, а таксама яе бліжэйшае і далёкае наваколле, ажно да руін-муроў Навагрудскага замка ды іншых маўкліва-векапомных сведкаў гісторыі. Многія з іх дзякуючы кансервацыі 1920-х1930-х гг. захаваліся да нашых дзён. Нават свой мастацкі факультэт Універсітэта ён вырашыў размясціць у былым бернардынскім кляштары, каб выхоўваць студэнтаў у адпаведным гістарычным асяроддзі. На факультэце сфармавалася вельмі шчырая атмасфера ўзаемаадносін паміж настаўнікамі і студэнтамі, інспіраваная паводзінамі самога дэкана. Гэта былі сяброўскія стасункі без прыкметаў прафесарскай вышэйшасці, але і без уседазволенасці. Моладзь з энтузіязмам уключалася ў самыя розныя мерапрыемствы, якія ладзіў Настаўнік. Так званыя акадэмічныя вечары-балі пад яго кіраўніцтвам пераўтвараліся ў жывыя гістарычныя імправізацыі з масавым удзелам віленскіх аматараў усяго нязвыклага і рамантычнага, як, напрыклад, Гульні на Ніжнім замку з часоў Жыгімонта Аўгуста і Барбары Радзівіл (1923) і інш. У 1928 г. Рушчыц арганізоўвае ў мурах Універсітэта яшчэ адну Рэгіянальную выставу народнай творчасці і калекцыю віленскага мастацтва за мінулыя сто гадоў. У тым жа годзе, 15 снежня, у дзень адкрыцця віленскага радыё ён прымае ўдзел у перадачы, прысвечанай Крымскім санетам А. Міцкевіча. Зрэшты, ці можна пералічыць усе вялікія і малыя грамадскія справы, якія атрымалася здзейсніць?
30 кастрычніка 1932 г. мастак цяжка захварэў, у яго была паралізавана правая рука, ён страціў магчымасць размаўляць. Гэта змусіла яго адсланіцца ад грамадскіх і педагагічных абавязкаў, каб сканцэнтравацца на мастацтве і ўпарадкаванні сваіх архіваў (з вялікімі намаганнямі ён маляваў і пісаў левай рукой). У 1935 г. Ф. Рушчыц назаўжды пакідае сваю дарагую Вільню і вяртаецца ў Багданаў, дзе і завяршыўся зямны шлях вялікага творчага Аратага (30 кастрычніка 1936 г.) і дзе ён быў пахаваны на высокім пагорку непадалёк багданаўскай сядзібы. Над яго сціплым надмагіллем праносяцца велічныя аблокі і спяваюць свае адвечныя мелодыі стогадовыя бярозы і сосны.
Доўгі час імя і справа жыцця Фердынанда Рушчыца былі ў Беларусі малавядомымі. Мастака адносілі да польскіх ці літоўскіх творцаў, наўмысна забываючы пра яго беларускае паходжанне. Таму ў суседзяў адбываліся выставы, пісаліся артыкулы, але вось пра яго багданаўскія вытокі казалася мімаходзь, без асаблівай увагі. Але пакрысе адносіны пачалі змяняцца, прычынай таму сталі грунтоўныя мастацтвазнаўчыя працы беларускіх даследчыкаў. З кожным годам усё больш актыўна адбываецца вяртанне Памяці і Пашаны да Рушчыца на яго роднай зямлі. Праходзяць міжнародныя навуковыя канферэнцыі, мастацкія пленэры, намаганнямі музеяў Кракава, Варшавы, Вільні і Мінска ладзяцца выставы. Квітнее і род Рушчыцаў, прадстаўнікі якога жывуць у суседняй Польшчы і з вялікай любоўю ставяцца да захавання спадчыны легендарнага багданаўскага творцы. У яго сына Эдуарда ў 1959 г. нарадзіўся сын Фердынанд, які атрымаў імя дзеда. Ужо дарослымі сталі праўнукі мастака Караліна (1981 г.н.) і Эдуард (1982 г.н.). Жыццё працягваецца, і каму зараз прыйдзе ў галаву недарэчная ідэя зноў дзяліць вялікага Рушчыца паміж палякамі, рускімі, літоўцамі і беларусамі ды іншымі народамі, культурамі, мастацкімі школамі. Яго вялікасць не змяшчаецца ў вузкім коле гістарычнай краёвасці. Ён будаўнік культурных мастоў паміж братнімі народамі і ён жа заснавальнік наватарскага мастацтва Беларусі, Расіі, Польшчы і Літвы. Мы ўсе яднаемся вакол яго мастацтва, якое ўсім нам дае творчыя перспектывы, дазваляе адчуць пад нагамі трывалую Зямлю, а над галавой высокае Неба.
Сцэнаграфічны дэбют
Пачынаючы з 1970-х гг., усё больш слоў прызнання і захаплення сярод беларускіх даследчыкаў выклікаюць жывапісныя творы славутага мастака (1, 2). Але толькі ў 2007 г. зявіліся першыя згадкі ў айчынным гістарычным друку пра важкі ўклад Ф. Рушчыца ў віленскі перыяд 1900-х1920-х гг., у станаўленне і развіццё тэатральна-дэкаратыўнага мастацтва (3, с. 33).
Актуальнай задачай бачыцца цяпер пашырэнне інфармацыі пра сувязь са сцэнай мастака-жывапісца, які па ўласнай ініцыятыве, разумеючы значнасць тэатральных пастановак у справе культурнага адраджэння, пераключыўся з сімвалічных пейзажных твораў на стварэнне шматасацыятыўных тэатральных дэкарацый, касцюмаў, праектаванне розных сцэнічных рэквізітаў і да т. п. Фердынанд Рушчыц не меў спецыяльнай (як мы б цяпер сказалі) сцэнаграфічнай падрыхтоўкі, але валодаў прыродным дарам вобразнага паглыблення ў кожны новы творчы праект у розных відах выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтваў, што і вызначыла надзвычайную вартасць вынікаў яго дзейнасці як тэатральнага мастака.