У 1913 г. адбыліся шчаслівыя перамены і ў прыватным жыцці сталага мастака. Ён узяў шлюб з маладой дзяўчынай з Вільні, Рэгінай Рук (18921939), дачкой дырэктара Віленскага аддзялення таварыства страхавання, і праз пэўны час стаў бацькам шасці дзетак: дачушкі Яніна, Ева, Барбара, сыны Эдуард, Аскар, Андрэй.
Перыяд Першай сусветнай вайны, рэвалюцыйных падзей, далучэнне Віленшчыны да адроджанай польскай дзяржавы Ф. Рушчыц перажыў з бацькамі, жонкай Рэгінай (Гінай, як ён ласкава называў сваю верную сяброўку жыцця), малалетнімі дзецьмі ў Вільні і Багданаве, многім рызыкуючы, але не жадаючы пакідаць дарагіх для сябе мясцін, хоць яны і трапілі ў прыфрантавую зону, не раз пераходзілі з рук у рукі падчас барацьбы за новыя дзяржаўныя межы. У красавіку 1919 г. Ф. Рушчыц вяртаецца ў Вільню, дзе становіцца сябрам Камітэта адраджэння Віленскага ўніверсітэта. У верасні ён абіраецца прафесарам, а потым і дэканам мастацкага факультэта. Адбылася яго вялікая мара адрадзіць прафесійную мастацкую адукацыю ў Літве і Беларусі, якая была гвалтоўна перапынена ў 1831 г. Для гэтага мастак меў выдатны педагагічны вопыт, прыдбаны ім на прафесарскіх пасадах у створанай ім Школе прыгожых мастацтваў у Варшаве (19041907) і ў Кракаўскай Акадэміі мастацтваў (19071908).
Няма ніводнага выпускніка сучасных польскіх Акадэмій мастацтваў, які б не ведаў ролю Ф. Рушчыца ў фарміраванні пачаткаў прафесійнай адукацыі ў іх маладой краіне, якая атрымала сваю незалежнасць 1918 г. І хоць Рушчыц аддаў перавагу развіццю віленскай мастацкай адукацыі, але застаўся прыхільнікам адзінай культурнай прасторы, якая сфарміравалася ў часы Рэчы Паспалітай паміж рознымі славянскімі народамі і іх іншаэтнічнымі суседзямі. Пра гэта сведчыць канцэпцыя першай выставы польскага мастацтва ў 1921 г. у парыжскім Гран Пале, якую арганізаваў Ф. Рушчыц. Уваход на выставу быў акцэнтаваны сімвалічнымі адлюстрававннямі слуцкіх паясоў, а ў экспазіцыі знайшлі сваё месца творы ўраджэнцаў Польшчы, Літвы, Украіны і Беларусі, якія працавалі ў перыяд нацыянальнага адраджэння другой паловы ХІХ пачатку ХХ ст. Французскі ўрад узнагародзіў арганізатара выставы, прафесара Віленскага ўніверсітэта вышэйшай дзяржаўнай адзнакай Ордэнам Ганаровага Легіёну.
Не забываў Ф. Рушчыц і вялікія традыцыі навучання ў Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў, якая ў ХІХ ст. дасягнула вышэйшага еўрапейскага ўзроўню. Пад яго кіраўніцтвам у Віленскім універсітэце ў 1920-х пачатку 1930-х гг. развіваецца так званы стыль віленскага неакласіцызму, які быў скіраваны да засваення лепшых еўрапейскіх мастацкіх традыцый розных стагоддзяў. Студэнтамі яго факультэту станавіліся шматлікія здольныя маладыя людзі з розных мясцін Віленскага краю і Заходняй Беларусі, сярод якіх былі Пётра Сергіевіч і Міхась Сеўрук, сапраўдныя класікі беларускага мастацтва ХХ ст. Поруч з класічнымі відамі мастацтва на факультэце ўпершыню выкладалася фотамастацтва, чым займаўся вельмі блізкі сябра Ф. Рушчыца. Гэта пачынальнік сучаснай беларускай, польскай, літоўскай фотамастацкай школы Ян Булгак, які быў родам з Навагрудчыны. У другой палове ХХ ст. мастацкі факультэт пераўтварыўся ў Віленскі мастацкі інстытут, а потым і ў Акадэмію мастацтваў, выпускнікі якіх прынеслі еўрапейскую вядомасць сучаснаму літоўскаму мастацтву.
У вольны час ад мастацкай і педагагічнай працы Ф. Рушчыц з 1894 па 1932 гг. з пэўнымі перапынкамі вёў змястоўны дзённік свайго творчага і прыватнага жыцця. Спадкаемцам спадчыны мастака ўдалося выдаць 2 тамы гэтых каштоўнейшых рукапісных нататак, запісаў, развагаў. Існуе спроба перакладу першага тома дзённікаў на беларускую мову.
У 1920-х гг. Ф. Рушчыц працягвае займацца сцэнаграфіяй, афармленнем кніг, прыкладной графікай. Яму належыць праект новай пячаткі Універсітэта, ганаровы Рэктарскі ланцуг, урачыстыя віньеткі для дыпломаў розных факультэтаў і інш. Менавіта ў графіцы праявіліся яго выключныя партрэтныя здольнасці мастакапартрэціста. Былі і асаблівыя святочныя дні ў яго багатым на падзеі жыцці. 28 красавіка 1929 г. Ф. Рушчыц як прадстаўнік Віленскага ўніверсітэта ўдзельнічае ў адкрыцці помніка А. Міцкевічу ў Парыжы, чытае там урачыстую прамову на французскай мове. Нечаканай падзеяй, якую мастак выкарыстаў з вялікай прафесійнай адказнасцю, было адкрыццё ў 1931 г. каралеўскіх пахаванняў у падзямеллях Віленскага кафедральнага сабора. Знайшліся нейкім дзіўным чынам прыхаваныя падчас войнаў XVII ст. дамавіны караля Аляксандра Ягелончыка (Ягайлавіча), а таксама дзвюх жонак Жыгімонта Аўгуста Альжбеты Габсбуржанкі і Барбары Радзівіл. Не да канца давяраючы гістарычнай уражлівасці тагачасных дакументальных фотаздымкаў, мастак з натуры малюе захаваныя парэшткі каралевы Барбары Радзівіл, чало якой аздабляе залатая карона, а таксама іншыя сведчанні гісторыі з максімальнай дакладнасцю і мастацкім піетэтам. Аналагаў такой выразнай графічнай вобразнай дакументацыі яшчэ не ведала гісторыя еўрапейскага мастацтва.