Макс Шчур - Галасы (зборнік) стр 17.

Шрифт
Фон

Сёння Васільевічу было асабліва няўтульна сядзець на скураным сядзенні тралейбуса ён не мог засяродзіцца на тэксце ўласнае манаграфіі, якую мусіў да заўтра падрыхтаваць да друку, бо ў яго было дзіўнае адчуванне, што ён займае чыёсьці месца. Пры гэтым у тралейбусе не было ніводнага чалавека, які быў бы варты таго, каб яму гэтае месца саступіць. Вунь абапіралася на кульбу старая бабка з Камароўкі, вартая хіба толькі сякеры Раскольнікава, вунь хістаўся перапрацаваны пянтос, вунь талдычыла сабе пад нос іншамоўныя вершы дзяўчынка-школьніца, вунь з непрыхаваным прафесіяналізмам абвілася вакол шаста цяжарная малалетка-распусніца Як ніколі дагэтуль, Васільевіч адчуў сябе чужым сярод гэтых людзей, якіх язык не паварочваўся назваць ягонымі суродзічамі. Столькі гадоў ён падманваў сябе надзеяй, што здолее дагукацца да страчанай душы свайго народа, і вось цяпер адчуваў сябе парыем, якому ў гэтым горадзе няма месца нават у тралейбусе

Васільевіч ехаў са Свабоднага Радзіва, дзе браў удзел у перадачы на тэму «Як я правёў лета», у сваё (ах, каб жа яно насамрэч было ягоным!) выдавецтва, і яго жыццё праходзіла цяпер перад ягоным затуманеным шыбамі тралейбуса зрокам як ніколі выразна. Лета ён, між іншым, правёў на вёсцы, за чытаннем мала ўжо каму зразумелых кніг Лукаша Калюгі й Янкі Станкевіча, пра што і апавядаў на працягу сарака хвілін вядоўцу, які па-зямляцку запрасіў яго ў радыёэфір. Цяпер Васільевіч зноў замест восеньскае слаты бачыў за акном сенажаць, бачыў грыбы ў лесе, яшчэ не атручаныя радыяцыяй, бачыў руіны паблізнага панскага маёнтка, дзе ягоныя прашчуры працавалі конюхамі, чуў перадсмяротны віск суседскага кабанчыка, адчуваў смак крынічнай вады й смурод з драўлянае будкі калектыўнага карыстання усё гэта ядналася ў ягонай галаве пад поймам «дзяцінства». Надта ж кароткай была тая райская пара бестурботнасці й гарманічнага зліцця з навакольным асяроддзем, перарваная неабходнасцю вучыцца грамаце й выпраўляцца ў вялікі свет

У адрозненне ад Пінокіа, Васільевіч вырас без таты Карла ці насамрэч бацьку звалі Васілём, пэўнасці не было ні ў кога, але так ужо за ім замацавалася Маці ягоная была даяркай-ударніцай (то-бок грала на ўдарных інструментах у калгасным ансамблі народнай песні) і часцяком наведвала з гастролямі вялікія гарады вобласці, адкуль аднойчы разам з граматай за трэцяе месца ў конкурсе музычнай самадзейнасці і прывезла на сваю галаву Васільевіча. Той сядзеў у яе на галаве, ці дакладней на карку, ажно да шасці гадоў, пакуль маці не аддала яго ў найбліжэйшы інтэрнат для таленавітых дзяцей шкада толькі, што гэтыя дзіцячыя таленты былі збольшага несумяшчальнымі з заканадаўствам

Пасля заканчэння школы-інтэрнату ціхі інтраверт Васільевіч хацеў быў паступаць ці то ў вайсковую вучэльню, ці то ў міліцэйскую акадэмію, бо ягоная маці не магла ўявіць свайго сына яшчэ дзе-небудзь, чымся ў казарме, адылі на зло сваім бяздушным і бязмозглым аднакласнікам (якія мала таго што здзекваліся з яго на працягу ўсіх васьмідзясятых гадоў, дык яшчэ й сапсавалі яму далейшыя жыццёвыя планы, пастанавіўшы ўсе як адзін вучыцца далей менавіта на вайскоўцаў ці мянтоў) Васільевіч падаў дакументы на філфак. Паступіць яму дапамаглі любоў да кніжак і льготныя квоты для вяскоўцаў. Па часе гэтая падзея супала з абуджэннем ягонай цялеснае пачуццёвасці й нацыянальнай свядомасці ў грамадстве. У самога Васільевіча нацыянальная свядомасць абудзілася нашмат раней за пачуццёвасць, недзе ўжо ў пачатку васьмідзясятых, калі ён упершыню ў жыцці прачытаў кніжку Апостала не тую, што выдаў Скарына ў Піцеры, а Апостала нацыі. Спадабалася яму кніжка шмат у ёй было ўсякіх цікавых народных выразаў, кшталту «з сракі дым», не кажучы ўжо пра некалькі эратычных сцэнаў, якія Васільевіч дагэтуль бачыў толькі на матчынай ферме і ў інтэрнацкай кухні

Трапіўшы на філфак, Васільевіч поўнай хадою ўключыўся ў працэс нацыянальнага адраджэння й падпольнае барацьбы з непісьменнасцю, што ўзбуяла ў айчынных ВНУ за часамі камуністычнага прыгнёту. Ціхімі вечарамі Васільевіч не бегаў за дзеўкамі, як бальшыня, а ў таварыстве сваіх найбольш блізкіх сяброў-філаматараў, як іх называлі зайздросныя пакепнікі, чытаў уголас і вучыў напамяць забароненую фонэтыку Лёсіка й громатыку Тарашкевіча. Гэтак ягоная пачуццёвасць дарэшты сублімавалася ў нацыянальную свядомасць. Тады ж ён пачаў наведваць касцёл (тоячы гэта ад маці, якая была праваслаўнай), дзе перад кожным іспытам горача маліўся за будучыню радзімы. Зрэшты, дух часу быў такі, што выгнаць Васільевіча з універа за ягоную грамадскую пазіцыю пабаяліся б ужо й самыя апошнія рэтраграды. Хто ж тады здагадваўся, што аднойчы апошнія зноў стануць першымі

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3