Лішне казаць, што ў змаганні за незалежнасць напачатку дзевяностых Васільевіч быў адным з самых палымяных удзельнікаў. Гэтак, дачуўшыся, што няўдзячныя завочнікі называюць ягоную альмамацер «заафілфак», ён напісаў супраць іх памфлет у студэнцкую газету. На мітынгі ён, вядома, заходзіў, але дбаў перадусім пра тое, каб нідзе лішні раз не падстаўляць галаву, чый змест мог бацькаўшчыне яшчэ спатрэбіцца пасля перамогі нацыянальных сілаў. Адылі ўжо тады ён разгледзеў скажонае нетутэйшымі генамі аблічча жыхароў горада гэта было самае сапраўднае сена на асфальце, вырванае з каранямі з зямлі, скошанае няўмольнай касою русіфікацыі й высушанае смяротным для тутэйшага чалавека алкаголем. Духоўная рэвалюцыя была гэтым людзям не патрэбная, ім была патрэбная каўбаса і цвёрдая рука, каб трымаць гэтую каўбасу. Не, з такімі людзьмі дабра не будзе, прадчуваў Васільевіч. Гэта было ясна ўжо паводле таго, што пасля надыходу так званай свабоды й дэмакратыі гэтыя людзі не кінуліся гурмой вучыць на памяць граматыку Тарашкевіча й чытаць кнігі Апостала, а ўдарыліся ў распусту, абкраданне бліжніх, фарцоўку і іншыя заганы. Адарваўшыся ад матчыных грудзей, яны тут жа прысмакталіся да чужых нафты і газу «Не люблю я места, па-расейску горад», цытаваў Васільевіч пры выпадковых знаёмствах тутэйшым дзяўчатам, праз што тыя адскоквалі ад яго так, як быццам ён ім прызнаўся, што ён са Светлагорска.
Нягледзячы на ціск жыццёвых абставін, гарадскіх Васільевіч так і не палюбіў, хоць сам трымаўся горада, як клешч. Вось і цяпер, седзячы ў тралейбусе, ён глядзеў на іхныя чужыя неарыйскія твары, занятыя збольшага грэшнымі думкамі пра здабыццё хлеба надзённага й курс даляра, і з пяшчотай згадваў праўдзіва еўрапейскія, адухоўленыя, шляхетныя вусатыя абліччы палякаў, згадваў іхнае стагоддзямі кшталтаванае вымаўленне шыпячых, зайздросціў багаццю іхнае літаратуры ажно чатыры Нобелеўскія прэміі за стагоддзе! і смаку іхнае сармацкае кухні. А тут што ну хіба гэта кухня? Калі б не вясковыя маласольныя гуркі, Васільевіч бы ў горадзе акалеў з голаду. Дый літаратура, калі ўжо пра тое зайшло
Яшчэ да паездкі за мяжу Васільевіч пачаў ставіць пад сумнеў свае правераныя вякамі каштоўнасці. Ужо ў часы навучання на філфаку яму ў рукі трапіла адна страшная кніга ў маскальскім перакладзе, якая ўпершыню пахіснула вавілонскую вежу ягонага светапогляду, на вяршыні якога па-ранейшаму знаходзілася матчына мова, хаця памалу па ёй пачынала ўжо караскацца ўгару выдатніца й прыгажуня Павярхоўская, з якой Васільевіч не зводзіў вачэй цягам лекцыяў. Менавіта яна, паводле іроніі лёсу, і падкінула яму крамольную ксёнжку. Называлася кніга «Эрас і цывілізацыя». За тыдзень яна здолела перавярнуць ягоныя ўяўленні як пра эрас, так і пра цывілізацыю дагары нагамі. Каб кампенсаваць ейнае разбуральнае ўздзеянне, Васільевіч пастанавіў разабрацца з «Эрасам» па-свойму, пераклаўшы яго на мову сваёй вёскі. Праўда, мову арыгіналу ён так і не вывучыў, але пранікся духам кнігі настолькі, што перастварыў яе слова ў слова з галавы, накшталт Борхесавага Пера Мэнара. Пераклад быў адрынуты зашораным старарэжымным выдавецтвам, але яшчэ доўга хадзіў па руках на інтэрнацкіх пагулянках у якасці дапаможніка па сэксуальным выхаванні для мізагінаў. Гэтая прыкрая няўдача, а таксама заўчаснае замужжа Павярхоўскай прымусілі Васільевіча часова плюнуць на навуку і ўдарыцца ў лірыку, асноўнымі тэмамі якой былі культурны правінцыяналізм і крызіс постмадэрнізму (вось жа, філфак навучыў-такі яго некалькім новым словам). Лірыка ў Васільевіча выходзіла не горшай за пераклад. Няма дзіва: кожны паэт, вядома, не абавязаны быць мовазнаўцам, лічыў Васільевіч, але кожны мовазнавец паэт паводле паклікання.
Неўзабаве пасля таго, як Васільевіч выдаў першую кнігу сваіх герметычных вершаў, спачувальныя выкладчыкі парэкамендавалі яго ў Саюз пісьменнікаў. Тады ён быў на вяршыні славы, якая ў вузкіх колах адмыслоўцаў шырылася хутка. Абараніўшы дыплом на тэму «Філасофскія катэгорыі быцця й часу ў творчасці Васіля Віткі» й закасіўшы ад войска па інваліднасці, Васільевіч атрымаў пуцёўку ў жыццё то-бок у аспірантуру. Адначасова ў выдавецтве яму прапанавалі сціплую пасаду цэнзара. Працу сваю Васільевіч выконваў сумленна, поўны не тое каб гонару, але без сумневу усведамлення сваёй карысці для бацькаўшчыны, якая акурат тады выдалася шляхам, супрацьлеглым ад таго, які напрарочыў ёй Апостал нацыі. Неўзабаве Васільевіча выклікалі да новага начальства і, паклаўшы на стол рэвальвер, прапанавалі дылему накшталт выбару Софі: альбо сыходзіш з няўгоднага ўладзе Саюза пісьменнікаў, альбо з выдавецтва. Васільевіч не спаў усю ноч. З аднаго боку, Саюз пісьменнікаў гэта святое, штосьці накшталт царквы, за якую не грэх і папакутаваць, у ім традыцыйна пакутнікаў было болей, чым шараговых сябраў, з другога яго хваляваў лёс ягонай манаграфіі: дзе яшчэ, як не ў выдавецтве, можна спакойна прыдумляць новую навуковую тэрміналогію, так бы мовіць, займацца ідэалагічным сабатажам, майстраваць антыдзяржаўную духоўную бомбу за дзяржаўныя грошы? Іншых грошай Васільевіч ніколі й не атрымліваў. Таму на наступны дзень ён у тым жа кабінеце з па-ленінску хітраватай усмешкай уваччу адрокся ад Саюза пісьменнікаў, трымаючы пры гэтым дулю ў кішэні (дуля была смачная, акурат матуля перадала Васільевіч наўмысна ўзяў яе з сабою, каб магчы ў думках цешыцца з вытанчанай двухсэнсоўнасці сітуацыі).