Макс Шчур - Галасы (зборнік) стр 16.

Шрифт
Фон

Акулярнік

Для Акулярніка характэрнае, па-першае, тое, што ён адзіны з вяскоўцаў, хто носіць не сонечныя або веласіпедныя, а сапраўдныя акуляры, а па-другое што ён лічыць псіхамі ўсіх астатніх, апроч Псіха. Усе з ягонага гледзішча поўныя ёлупы, нават Вынаходнік. Гэтае сваё гледзішча ён дае вяскоўцам зразумець тым, што іх пазбягае. Асабліва жахаюць яго маладыя маці з каляскамі, людзі на роварах, бегуны з сабакамі, Пенсіянерка, бегуны без сабакаў, сабакі без бегуноў, моладзь, мясцовы панкер, кіроўцы легкавых аўтамабіляў, пасажыры цягнікоў і аўтобусаў, паліцыянты, прадстаўніцы мясцовых уладаў, доктарка, зубная доктарка і паштарка, якой ён ніколі не адчыняе. (Спадзяюся, што не забыўся пра кагосьці з насельнікаў вёскі). Нават фіранкі ў Акулярніка бальшыню часу захінутыя наглуха, каб ніхто, крый бог, не падумаў, што ён дома. Дома ён, зрэшты, і не бывае. У асноўным на яго льга натрапіць у мясцовым бары адзіным месцы, дзе Акулярнік пачувае сябе ў бяспецы. Ходзіць ён туды не казеліць вочы на тэлік, як нармальныя людзі, а выключна і прынцыпова чытаць, нягледзячы на тое што для гэтага на вёсцы існуе вясковая бібліятэка, куды, аднак, ходзяць толькі дзеці і жанкі. Насамрэч заўсёднікі бара даўно скемілі, што Акулярнік хаваецца за кніжкай толькі дзеля таго, каб ні з кім з іх не размаўляць. Дзякуючы гэтаму Акулярнік на вёсцы нікога не ведае, апроч бармена, хаця жыве тут ужо цэлае жыццё. Час ад часу ён нешта занатоўвае ў сваім нататніку, які яшчэ ніколі нікому не паказваў. Бадай, ён лепш бы ўжо паказаў каму-небудзь геніталіі, але каму гэта на вёсцы цікава, на вёсцы ўва ўсіх усё сваё, улучна з геніталіямі, нават у Катабазы. У бары Акулярнік не пе знакамітага тутэйшага піва, а замаўляе выключна толькі знакамітае сваёй паскуднасцю тутэйшае віно, пасля чаго дзівіцца, што ў яго штодня бадун. Яшчэ ніхто з аматараў піва ніколі не сустракаў яго каля пісуару, таму пра яго бытуе пагалоска, што Акулярнік ходзіць у жаночую прыбіральню (брахня). Ёсць у яго і іншыя дзіўныя звычкі, якія на вёсцы зусім не дарэчы. Напрыклад, Акулярнік рэцыклюе смецце. Затарвацца ў гастраном ходзіць за два кіламетры пешкі. У якасці адзінага з мясцовых варятаў ён сумленна наведвае псіхіятра, які прымае непадалёк ад гастранома. Гэта сведчыць пра тое, што Акулярнік ведае, што ён псіх, а гэта ўжо сапраўды дыягназ, бо ў нармалёвых варятаў такое сустрэнеш рэдка. Згода, не буду вас далей мучыць: Акулярнік гэта я. У нататнік я запісваю гісторыі пра мясцовых варятаў. Калі вам якая-небудзь падобная гісторыя вядомая, то абавязкова мне яе дашліце: не сумняюся, што і ў вас на вёсцы варятаў хапае.

Васільевіч

Ужо два тыдні таму, адразу пасля вяртання з Гдыньскае канферэнцыі ў пытанні аглушэння шыпячых (калі вы падумалі, што герой гэтага тэксту біёлаг, які займаецца даследаваннем прычын адсутнасці слыху ў змеяў і іншых паўзуноў, то зараз жа кіньце чытаць і шуруйце займацца чымсьці болей, на вашу думку, карысным, хоць бы і даследаваннем ранішняга зместу паўзункоў уласнага дзіцяці, калі яно ў вас толькі ёсць, што несумненна дурні множацца хутка, асабліва пасля Чарнобыля), Васільевіч адчуў, што ягонае жыццё болей не будзе такім, як было дагэтуль. Краіна сустрэла яго з непаразуменнем. Гэта ж трэба, думаў Васільевіч, усяго тры дні ў іншае частцы колішняй Рэчы Паспалітай, і да болю знаёмы свет змяніўся да непазнавальнасці! Павагаўшыся з хвіліну, ён дастаў з некалі моднай скураной торбы замуляны сшытачак і выразным почыркам занатаваў вышэйзгаданы афарызм у свой шыфраваны дзённік, які вёў з сямігадовага ўзросту і ў якім з таго часу набралася ўжо добрых пяцьдзясят старонак. Сваю кволую нованароджаную думку Васільевіч спавіў, адвярнуўшыся ў куток, да тралейбуснага вакна, нібы саромеўся перад іншымі пасажырамі за самую яе наяўнасць. На іхных варожых нявыспаных тварах была напісаная нянавісць да ўсіх думнікаў свету, да якіх яны самі, вядома ж, не належалі.

Сёння Васільевічу было асабліва няўтульна сядзець на скураным сядзенні тралейбуса ён не мог засяродзіцца на тэксце ўласнае манаграфіі, якую мусіў да заўтра падрыхтаваць да друку, бо ў яго было дзіўнае адчуванне, што ён займае чыёсьці месца. Пры гэтым у тралейбусе не было ніводнага чалавека, які быў бы варты таго, каб яму гэтае месца саступіць. Вунь абапіралася на кульбу старая бабка з Камароўкі, вартая хіба толькі сякеры Раскольнікава, вунь хістаўся перапрацаваны пянтос, вунь талдычыла сабе пад нос іншамоўныя вершы дзяўчынка-школьніца, вунь з непрыхаваным прафесіяналізмам абвілася вакол шаста цяжарная малалетка-распусніца Як ніколі дагэтуль, Васільевіч адчуў сябе чужым сярод гэтых людзей, якіх язык не паварочваўся назваць ягонымі суродзічамі. Столькі гадоў ён падманваў сябе надзеяй, што здолее дагукацца да страчанай душы свайго народа, і вось цяпер адчуваў сябе парыем, якому ў гэтым горадзе няма месца нават у тралейбусе

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3