Прызнайцеся, што і вам яна здаецца амаль нармалёвай, праўда? Калі не лічыць майтак Гэта таму, што вы яшчэ не ведаеце пра яе галоўнага. Цымус у тым, што Пенсіянерка не столькі любіць сапраўдных мужыкоў ці прыборку, колькі краскі. Кветкі. Ужо ўвечары таго ж дня, калі я ўсё-ткі прымусіў сябе вярнуцца з бара дамоў, на Пенсіянерчыных дзвярах красаваў уласнаручна ёю сплецены вянок. Назаўтра па ўсім калідоры ўжо віселі карціны з выявай сланечнікаў карцін было дзесяць, і ўсе яны былі аднолькавыя, прасцей кажучы, гэта была адная й тая ж карціна ў дзесяці асобніках. Не работы Ван Гога, не падумайце самыя звычайныя сланечнікі, па-мойму, гэта была нават фотка. Тады ўжо мне стала ясна, што кепска будзе. На наступны дзень на балконе выстраіўся шэраг гаршчкоў з чымсьці чырвоным, а ў кутку на калідоры зявіўся кактус, усяго толькі на галаву вышэйшы за мяне. На працягу месяца Пенсіянерка паваліла наўкол дома ўсе дрэвы, каб тыя не засцілі яе кветкам сонейка, а на іхным месцы разбіла клумбы, на якіх з таго часу сядзіць, што курыца на яйках. У дадатак яна пачала аплятаць падезд нейкай лазою, у якую па-майстэрску ўпляла нейкую паўзучую квітнеючую брыдоту. Калі адзін бабыль-алергік паспрабаваў супраць гэтага пратэставаць, на яго чыста выпадкова ўпаў з балкону гаршчок. Магілу алергіка Пенсіянерка пачала даглядаць настолькі самааддана, што тая зрабілася найпрыгажэйшай на цвінтары: ад кветак там літаральна не засталося жывога месца, і магіла стала нагадваць наш дом на Каляды ці іншыя святы
Праз тое, што Пенсіянерка з прынцыпу пакідае дзверы сваёй кватэры адчыненымі, каб не прапусціць найменшага руху некаторага з суседзяў, магу засведчыць, што і ў яе кватэры ад кветак няма жывога месца. Кветкі ў яе як сапраўдныя, так і штучныя, і знаходзяцца паўсюль, ад столі да хатніх тэпцяў. З размовы між Пенсіянеркай і паштаркай я ўведаў, што мая новая суседка яшчэ й выпісвае часопіс «Папараць». Адным словам, калі Пенсіянерка ў найбліжэйшы час не пераедзе з нашага дома да таго ж алергіка пад свае дарагія кветкі, то нам давядзецца неўзабаве прасякаць сабе дарогу дамоў з дапамогай мачэтэ.
Кацятніца
Кацятніца, або Катабаза, паводле паходжання не мясцовая, таму кандыдаваць на старасту зусім не можа, хаця вельмі гэтага б хацела, каб магчы лепей бараніць інтарэсы котак. Больш таго, ейныя коткі таксама пераважна не мясцовыя: яны прыехалі разам з ёю з адной не самай далёкай краіны. Іхная гаспадыня, небарака, вымушаная была адтуль хутчэй куды-небудзь уцячы ад генацыду. Маўляў, яе там хацелі пазбавіць апякунскіх правоў на котак (бо яна не магла даць ім рады), а саміх котак забраць і пасля ўсыпіць. Тады Кацятніца загнала котак у грузавік, прадала кватэру і ўцякла ў Еўразвяз, дзе, як перадавала адно сарочынае радыё, сітуацыя з правамі жывёлы нашмат лепшая. І насамрэч, тут Катабазе (хаця, па шчырасці, хутчэй яе коткам) з гуманітарных меркаванняў далі палітычны прытулак. Тым не менш быць праваабаронцай і тут аказалася нялёгка. Перадусім кватэру ёй далі нашмат меншую за прададзеную бацькоўскую у чатырох пакоях коткі змяшчаліся лёгка, а тут у яе быў усяго адзін, ды яшчэ сумесна з кухняй. Неўзабаве яна з жахам зразумела, куды ўласна прыехала. А прыехала яна ў краіну, дзе найбольшая ўва ўсім Еўразвязе канцэнтрацыя сабак, і прынамсі палова з іх належыць да баявых пародаў. Асабліва на вёсцы. З гэтага ўжо ў Кацятніцы дах паехаў конча. З таго часу яна выходзіць з хаты, толькі каб накупіць кашэчай ежы за грошы тутэйшай дабрачыннай арганізацыі «Кату пад хвост». Сама яна жыве на інвалідную пенсію, як, зрэшты, і на радзіме, пачынаючы прыблізна з пераходнага перыяду.
Усё гэта я ведаю з першых рук, то-бок са словаў самой Катабазы. Не забуду, як яна апавядала мне гэта за гарбатай падчас маіх адведак у яе халасцяцкім пакойчыку. У адведкі яна мяне запрасіла пасля таго, як убачыла, што я купляю ў краме часопіс з загалоўкам «Жарсныя котачкі па суседстве». (Часопіс быў мне вельмі патрэбны з увагі на тое, што ў нас на вёсцы жарсных котачак па суседстве няма). Адмовіцца ад яе запрашэння я ў той няёмкай сітуацыі не мог. Яшчэ большую няёмкасць я адчуваў тады, калі піў яе гарбату і еў яе хлеб з маслам убачыўшы гэта, галодныя коткі абступілі мяне і з папрокам зазіралі мне ў вочы. Дый праз кацячы смурод у кватэры мне тая гарбата не асабліва смакавала. Чым больш мне Кацятніца апавядала пра сваё няшчаснае жыццё, тым больш мне карцела ў карчму, дзе смярдзіць усё-ткі крыху больш прыемна. Калі ж яна завяршыла свой аповед фразай «Раз вы так любіце котачак, то ці не хацелі б стаць Катататам?», я ледзь не ўдушыўся гарбатай. Прыціснуўшы да грудзей свой часопіс, я ветліва падзякаваў гаспадыні за пачастунак і прапанову, але ў мяне, маўляў, няма часу. Сірацінкі-коткі выглядалі ў той момант яшчэ больш маркотна, чым дагэтуль, і былі гатовыя выпусціць мяне з хаты толькі праз уласныя трупы. Урэшце, да дзвярэй я сяк-так прабіўся. Катабаза праводзіла мяне ажно да суседняга дома. Дзень быў больш хмарны за мой настрой. Каб неяк стрымаць слёзы, Кацятніца няўпэўнена паказала пальцам на рэшту сонечнага дыску ў аблоках і прамовіла: «А я й не ведала, што сёння поўня!» Нават гэта на мяне не падзейнічала. Я ж вам не які-небудзь Брэтон, каб страціць галаву ад кожнай Надзі. Самае большае магу напісаць пра яе кніжку.