Яна ацэньвала чалавека не па адзенні, не па розуме, а па тым, наколькі ён тоўсты; ёй падабаліся людзі мажныя, поўныя, толькі па гэтым яна меркавала і пра цяперашні дабрабыт чалавека, і пра яго будучыню.
Дзядзька Стах таксама мацаў Петрыку жывот, а потым, задзіраючы майку, паказваў для параўнання свой, які ён называў мамончык.
Во які мамон трэба каб быў! і ляпаў сябе па жываце.
Цётка Таня напаўняла ванну. Петрык распранаўся, сцінаючы плечыкі, папіскваючы, нібы не ў гарачую ваду трэба было ўваходзіць, а ў халодную, увальваўся ў глыбокую ванну з галавой. Якая блакітная вада! Якая прыемная расслабленасць ва ўсім целе! Ён мог тут ныраць, мог ляжаць на спіне, не дастаючы дна, мог адштурхоўвацца нагамі ад аднаго краю, а рукамі ад другога і так плаваць узад-уперад. А далей была яшчэ большая прыемнасць, калі маці захутвала яго і выцірала калючым махровым ручніком, ад чаго цела рабілася лёгкім, чыстым, пругкім
Потым сядалі за стол. І тут у Петрыка вочы разбягаліся. Вэнджаная рыба з белым слоем тлушчу з Латвіі прысылаў цёткі Танін брат; катлеты, і каўбаса, і галубцы, і з прывезенай імі свежай гародніны вінегрэт і салаты І гэта ў будні дзень, без аніякага свята. Дзядзька Стах наліваў сабе віна, перад тым, як выпіць, пытаў у Петрыка: Ты ведаеш, колькі тут калорый? Больш, чым у катлеце!
Цішу ён трымаў на каленях. Яна лезла мордачкай ва ўсе міскі, да якіх магла дацягнуцца, ніхто на яе не гыркаў, ёй дазвалялася за сталом тое, што і людзям.
Ну, бачыш, як я жыву? У мяне ўсё! А ў кулака?
Бачу, Стахвейка Такія харомы Каму яны застануцца? Лена замуж выйдзе, пабудуеш каператыў А тут? Кватэра вялізная Мо на сваю Цішу перапішаш? няўмела жартавала маці. А мо і майму Петрыку, твайму роднаму пляменніку, перападзе на долю
На што цётка Таня адказвала: Ат, тыя кватэры Абы голаду не было. Без кватэры можна пражыць, а не паеўшы не пражывеш.
А дзядзька Стах казаў: Ах ты мая Ціша! Ах, ха, ха, або, каб перавесці гутарку з кватэрнага пытання, проста тыркаў пальцам у тэлевізар. Ясір Арафат! Цалавацца ў Маскву прыехаў! Я ж вас пацалую
У кожным пакоі ў іх стаяў тэлевізар, і яшчэ адзін маленькі на кухні. Гэты куханны не выключаўся ніколі, і чамусьці заўсёды, у які б час Пятрок з маці не прыехалі, па ім паказвалі адно й тое ж: Палесціна, арабы ў сваіх стракатых хустках і без хустак, яўрэі ў ярмолках і з пейсамі і без ярмолак і без пейсаў; абядноўвала іх тое, што і арабы, і яўрэі заўсёды былі аднолькава ўзбуджаныя, крычалі і махалі рукамі.
Ніяк не супакояцца, здзіўлялася цётка Таня. І за што яны ўсё ваююць? За мір у Еўропе, патлумачыў Стах. Ты яшчэ не гаварыў з настаўнікам? нагадала маці. Пра Петрыка? яна хацела выцыганіць у багатага дзевера хоць нешта практычнае. Памятаеш, ты казаў, настаўніка ведаеш.
Хто? Я? Ды я яго яшчэ такога, як Петрык, памятаю, як аблупленага ведаю! Гэта ж мае суседзі! На адной лесвічнай пляцоўцы
Петрык ужо бачыў тыя дэрмацінам абабітыя дзверы, за якімі жыў яго будучы настаўнік. Ведаў, што настаўніка завуць Леанід Міхайлавіч (Стах казаў проста Лёнька, або Лейба), у яго жонка Лена, у іх дзяўчынка-немаўля. Яшчэ там жылі бацькі настаўніка: дзядзька Міша (Стах казаў Мейша) мяснік у гастраноме, і цётка Броня, хворая. Цётка Таня часта хадзіла мераць ёй ціск.
Ты абяцаў з настаўнікам пагаварыць
З Лёнькам? Абяцаў пагавару. Маё слова браня. Не цяпер толькі, а гадоў праз пяць. Ён жа з пятага класа вучыць, фізіку Ён, Лёнька, такі ён паможа! Алене маёй памог, і Петрыку, пляменніку майму, паможа.
А вы як з імі, добра жывяце? Не сварыцеся?
Мы? З імі?! Ды душа ў душу! Яны мяне паважаюць ты што! Броня хворая, ціск мераць трэба, Таню завуць А так яны такія ж, як мы! Таксама хварэюць, працуюць, у гастраном ходзяць
Можа, ім прывезці што? Бульбачкі, яек, грыбоў Дык перадаваць жа сорамна
Чаго? Прывязі Таня перадасць. Толькі мяса не вязі у іх хапае.
А гуся?
Ну, гуся можна. Вы ж хаця з імі не сварыцеся, жывіце дружна
А каго яны будуць зваць ціск мераць? лагічна заўважыў Стах. У нас дружба ты што! вадой не разліць! Я іду ў гастраном: Міша, мне лапатку! Ён выбера ўжо Да грама адсячэ! Ён мяне навучыў мяса выбіраць, па пражылках: калі белыя маладое, сінія брак. У лазню разам ходзім яны таксама ў лазню, як і мы, ходзяць там, у лазні, і пазнаёміліся. А да таго жылі і не ведалі, што суседзі. Неяк у лазні, у буфеце, я каньяк бяру, гляджу Міша з гастранома! Я крычу на ўвесь буфет: Міша! Ён таксама пе, як і ўсе. Ну, выпілі, ён пытае: Вы яўрэй? Я кажу чаму, я нармальны чалавек.